У выдавецтве «Медыял» выйшла кніга Ларысы Геніюш «...Унукам». Выданьне, якое склалі вершы і лісты да Міхася і Алеся — унукаў легендарнае паэткі, можна лічыць тройчы ўнікальным.
Па-першае, у кнігу ўвайшлі 52 вершы, якія ніколі раней не друкаваліся. Па-другое, у ёй упершыню зьмешчаныя 17 лістоў, якія Ларыса Геніюш пісала ўнукам з Зэльвы ў Беласток. І па-трэцяе, кніга аздобленая шыкоўнымі аўтарскімі малюнкамі з гэтае перапіскі, і яны таксама друкуюцца ўпершыню.
Матэрыялы, якія склалі кнігу, паходзяць з прыватнага архіву сям’і Геніюшаў і Фонду Ларысы Геніюш Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Уклаў кнігу Глеб Лабадзенка пры самым чынным удзеле старэйшага ўнука паэткі Міхася Геніюша.
У прадмове да кнігі спадар Міхась піша: «Ларыса Геніюш — мая бабуля, і гэта для мяне самае важнае. Тое, што яна вялікая паэтка і патрыётка, я зразумеў намнога пазьней.
Як дзеці, мы вельмі любілі езьдзіць у Зэльву. На жаль, мы маглі рабіць гэта толькі кожны другі год, такія тады былі часы».
Самой паэтцы ўлады дазволілі паехаць у Беласток да сям’і сына Юркі толькі аднойчы.
Зь Юркам Ларысу Геніюш разлучылі ў Чэхаславаччыне, дзе яны жылі, у 1948 годзе. Яе і мужа Янку ў БССР засудзілі на дваццаць пяць гадоў савецкіх лягераў, а сына адправілі да сваякоў у Польшчу. Пасьля вызваленьня ў 1956 годзе Геніюшы пасяліліся ў дзедавай хаце ў Зэльве, выехаць на сталае жыхарства да сына ў Беласток улады не дазволілі. І лісты сталі для сям’і асноўным спосабам камунікацыі.
Міхась Геніюш тлумачыць ідэю кнігі «...Унукам»:
«Мы з Алесем сталелі, пачыналі разумець, што Ларыса Геніюш ня толькі нашая бабуля, а вялікая беларуская паэтка і патрыётка. І што вершы, пісаныя, як нам здавалася, толькі для нас, меліся трапіць і да іншых ...„унукаў“. Бо аказалася, што ня толькі мы з братам называлі яе сваёй бабуляй. Калі я гэта зразумеў, то вельмі захацеў сабраць усё, што Ларыса Геніюш хацела сказаць і паказаць беларускім дзецям. Далучыць да гэтага маю прыватную карэспандэнцыю з бабуляй. Пашукаць у архіве нецэнзураваныя вершы. І выдаць гэта ўсё адной кніжкай. Каб усе пабачылі, якія былі тады часы».
«Хлопчык наш міленькі, Тваё пісьмо і рысункі, усё мы зь дзедзікам атрымалі. Усё прачыталі, бо прыгожа напісана. Найпрыгажэй Ты напісаў БЕЛАРУСЬ. Мы зь дзедзікам чыталі і вельмі цешыліся з Твайго ліста».
Гэткія акцэнты ў бабуліных лістах не прапалі намарна. Выдадзеная ўнукам кніга моцна пацешыла б легендарную паэтку. І пацешыць кожнага, хто яе прачытае.