Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эскартаваць найкарацейшай дарогай да дзяржаўнай мяжы». Як Геніюшаў выганялі з Чэхаславаччыны


Ларыса і Ян Геніюшы з сынам Юркам перад вайной у Празе
Ларыса і Ян Геніюшы з сынам Юркам перад вайной у Празе

70 гадоў таму, на пачатку ліпеня 1948 году, раённая рада ў чэскім горадзе Прахаціцэ ў нечувана суворых фармулёўках прыняла рашэньне аб выдварэньні Яна і Ларысы Геніюшаў з ЧССР: «Да чэхаславацкай дзяржаўнай мяжы будзеце прымусова этапаваны». Для доктара і паэткі, якія Чэхаславаччыну лічылі ўзорам дэмакратыі і свабоды і ўжо мелі яе грамадзянства, гэта быў сапраўдны удар у сэрца.

«Хацелі аддзяліць Беларусь ад СССР»

Паляваньне на Геніюшаў, знакавых прадстаўнікоў беларускай эміграцыі ў Чэхаславаччыне, пачалося адразу пасьля вызваленьня Прагі ў 1945 годзе. Фармальнай падставай называўся ўдзел абаіх у Беларускім камітэце самапомачы, што дзейнічаў тут падчас вайны з мэтай дапамогі землякам. Савецкія органы расцанілі гэта як удзел у «антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыі» і запатрабавалі іх выдачы.

У адным з допісаў сьцьвярджалася, што гэтыя асобы «хацелі аддзяліць Беларусь ад СССР», у іншым міждзяржаўным мэмарандуме — што Геніюш у сваіх вершах ачарняе Савецкі Саюз. Так, галоўнай «птушкай» быў ня сьціплы доктар, а безумоўна паэтка Геніюш, якая ў 1943 годзе пасьля сьмерці Васіля Захаркі, старшыні Рады БНР у выгнаньні, мела пераняць ад яго архіў і пячатку БНР.

Пасьля спробаў агітацыі да пераезду, а пазьней і аблогі кватэры чырвонаармейцамі, менавіта Ларыса Геніюш пачала актыўную абарону: зьвярнулася да самога прэзыдэнта Бэнэша і да амэрыканскага пасла Стайнгарта. Хоць і ня так хутка, але ўсё ж выратавальнае рашэньне прыйшло: у чэрвені 1947 году ўся сям’я (муж, жонка, сын) атрымалі чэхаславацкае грамадзянства.

Чэхаславацкі пашпарт Яна Геніюша. Рэпрадукцыя друкуецца ўпершыню. Дакумэнт прадастаўлены Нацыянальным архівам Чэхіі. (Národní archiv, Policejní ředitelství Praha II - všeobecná spisovna 1941-1950, sign. G 310/1, kart. 2475).
Чэхаславацкі пашпарт Яна Геніюша. Рэпрадукцыя друкуецца ўпершыню. Дакумэнт прадастаўлены Нацыянальным архівам Чэхіі. (Národní archiv, Policejní ředitelství Praha II - všeobecná spisovna 1941-1950, sign. G 310/1, kart. 2475).

Пры ўрачыстым складаньні прысягі, як сьведчыць дакумэнт, Яну Геніюшу было высьветлена, якое значэньне мае факт наданьня грамадзянства «для яго дабрабыту, якія выгады яму з таго вынікаюць, а перадусім тое, што будзе мець ахову такую самую, якую маюць тутэйшыя грамадзяне».

Лютаўскі пераварот, або не прайшло і года

І ўсё ж зьнікнуць на нейкі час з Прагі было б някепска. Ян Геніюш прыняў прапанову адпрацаваць паўгода ў Вімпэрку, што на чэска-нямецкім памежжы (на месца выселеных паводле «Бэнэшавых дэкрэтаў» этнічных немцаў у гэтыя раёны ўлада пасылала сваіх — славянскіх -насельнікаў і спэцыялістаў).

Дом у Вімпэрку, дзе ў 1947-48 гг. жылі Ян і Ларыса Геніюшы
Дом у Вімпэрку, дзе ў 1947-48 гг. жылі Ян і Ларыса Геніюшы

Сваю практыку доктар пачаў тут у кастрычнічку 1947 году, а ў лютым 1948-га ў выніку ўрадавага крызісу да ўлады ў Чэхаславаччыне прыйшлі камуністы. І патрабавальным дэпэшам савецкіх органаў тут жа быў дадзены ход. 5 сакавіка доктара з жонкай арыштоўваюць, садзяць у скляпеньні Вімпэрскага замку і пачынаюць допыты. Неўзабаве іх перавозяць у больш прыстасаваную турму ў горадзе Пісэк.

Геніюшы даводзяць, што ня маюць ніякай віны, што ніколі не былі савецкімі грамадзянамі і як чэхаславацкія падданыя патрабуюць вызваленьня. «Загваздка» грамадзянства робіцца тэмай актыўнай камунікацыі чэхаславацкіх інстытуцый: няўжо? сапраўды? І што рабіць?

Перакідаюць як гарачую бульбу

На самой справе органы дзяржбясьпекі праверылі факт наданьня грамадзянства яшчэ перад арыштам: маюць, прысягнулі, дакумэнты атрымалі. Падобныя папярэднія крокі робяць і афіцыйныя дзяржаўныя ўстановы.

27 лютага 1948 году Міністэрства замежных справаў пасылае ў Міністэства ўнутраных справаў мэмарандум, у якім прызнае, што «названыя (асобы) як чэхаславацкія грамадзяне ня могуць быць выдадзеныя чужой уладзе для пакараньня», але просіць каб «як найхутчэй была разгледжаная магчымасьць адмены рашэньня, якім ім было нададзенае чэхаславацкае грамадзянства».

Міністэрства юстыцыі падключаецца пасьля зьвестак пра арышт Геніюшаў і 18 сакавіка просіць дзяржбясьпеку і Міністэрства ўнутраных справаў яшчэ раз праверыць, ці ўсё ж зьяўляюцца яны грамадзянамі, а калі не, то ці ўчынілі якія крымінальныя злачынствы на тэрыторыі Чэхаславаччыны, або «толькі на тэрыторыі СССР».

4 чэрвеня ў Міністэрства ўнутраных справаў піша суд г. Піску і спасылаецца на рашэньне праскага суду, які 2 чэрвеня разглядаў скаргу Геніюшаў супраць зьняволеньня. Земскі суд у Празе пастанавіў, што калі названыя зьяўляюцца чэхаславацкімі грамадзянамі, то іх затрыманьне незаконнае, за выключэньнем выпадку, калі б яны перасьледаваліся за канкрэтныя крымінальныя злачынствы паводле чэхаславацкага закону. Суд у Піску (дзе Геніюшы тым часам марнуюцца ў турме) просіць міністэрства тэрмінова высьветліць, ці... усё ж зьяўляюцца яны грамадзянамі і хто і калі ім выдаў дакумэнты.

Як пацьвярджаюць архівы, улік і кантроль чужынцаў быў у Чэхаславаччыне ведзены з асаблівай пільнасьцю, і дакумэнтальная гісторыя Геніюшаў ва ўсіх падрабязнасьцях была даступная ўсім органам фактычна вокамгненна. Магчыма, такім швэйкаўскім спосабам чэхі спрабавалі цягнуць час, нібыта праводзячы пераправеркі. На самой справе пакуль яшчэ не адважваліся патаптаць свае ўласныя законы.

Прэзыдэнты Бэнэш і Готвальд і іх адбітак у лёсе нашых герояў

У першай палове чэрвеня 1948-га пакуль Геніюшы, «першыя вязьні новай рэвалюцыі» (паводле выразу Ларысы Геніюш), яшчэ сядзяць у Піску, адбываюцца важныя палітычныя зьмены. 7 чэрвеня падае ў адстаўку дэмакратычны прэзыдэнт Эдвард Бэнэш, які перад тым не пагадзіўся падпісаць новую камуністычную рэдакцыю Канстытуцыі. 14 чэрвеня прэзыдэнтам абіраюць Клэмэнта Готвальда і той, на знак сваёй перамогі, 19 чэрвеня абвяшчае ўсеагульную амністыю. Марна чакаў Юрка, на той час дванаццацігадовы сын Геніюшаў, сваіх бацькоў пад сьценамі вязьніцы. Гэтай амністыі яны не падлягалі. Юрку перададуць пад апеку сваякам у Польшчу.

Вядома прынамсі пра два допісы, якія Ларыса Геніюш напісала прэзыдэнту Бэнэшу. Першы раз у 1938-м, калі пасьля Мюнхэнскай дамовы Бэнэш зьбіраецца ў эміграцыю, Геніюш піша яму ліст удзячнасьці і падтрымкі ад беларусаў — за прытулак, адукацыю, салідарнасьць. І на гэты ліст прыходзіць падзяка з праскага Граду. Другі раз піша ў 1945-м, калі сама патрабуе абароны. Гэтым ускосна актывізуецца працэс іх прыняцьця ў грамадзянства. Паводле злой іроніі лёсу, у Вімпэрку, дзе іх арыштавалі, яны жылі таксама па вуліцы доктара Бэнэша.

Анкета, запоўненая Ларысай Геніюш у Празе для выдачы дакумэнтаў з адбіткам яе пальца. Красавік 1940 г. Друкуецца ўпершыню. Дакумэнт прадастаўлены Нацыянальным архівам Чэхіі. (Národní archiv, Policejní ředitelství Praha II - všeobecná spisovna 1941-1950, sign. G 310/8, kart. 2475).
Анкета, запоўненая Ларысай Геніюш у Празе для выдачы дакумэнтаў з адбіткам яе пальца. Красавік 1940 г. Друкуецца ўпершыню. Дакумэнт прадастаўлены Нацыянальным архівам Чэхіі. (Národní archiv, Policejní ředitelství Praha II - všeobecná spisovna 1941-1950, sign. G 310/8, kart. 2475).

У канцы чэрвеня ў Празе праходзіць ХІ Усесакольскі зьлёт, які даў апошнюю нагоду для масавага пратэсту чэхаў супраць новага рэжыму. («Сокал» — патрыятычны спартовы рух, закладзены у канцы ХІХ ст., мэты якога — фізычнае і духоўнае выхаваньне ў інтарэсах асобы, грамадзтва, айчыны). У часе галоўнага выступу на стадыёне масы сокалаў і саколак скандуюць «Хай жыве Бэнэш» (ужо пры Готвальдзе) і іншыя патрыятычныя лёзунгі. У гэтыя дні Геніюшаў перавозяць зь Піску ў паліцэйскую вязьніцу ў Празе, дзе яны маюць магчымасьць пазнаёміцца і з арыштаванымі «сокаламі».

Знаходка міністэрства: пастанова 1859 году

21 чэрвеня 1948 году Міністэрства ўнутраных справаў піша земскаму народнаму камітэту ў Празе, што адмяняе яго рашэньне аб наданьні Геніюшам грамадзянства як «зблытанае і незаконнае». (Як высьветліцца, гэтыя захады міністэрства мела падрыхтаваныя ўжо ў красавіку). І спасылаецца пры тым на пастанову 1859 году, паводле якой права наданьня грамадзянства «палітычна падазроным чужынцам» застаецца ў кампэтэнцыі МУС і не належыць земскім камітэтам (тагачасная форма мясцовых органаў улады).

Гэта азначае, што земскі камітэт прыняў рашэньне па-за рамкамі сваёй кампэтэнцыі. Пры тым яшчэ ў траўні 1947 году ў працэсе афармленьня папераў на грамадзянства міністэрства пісала, што ніякіх пярэчаньняў ня мае. Як усё проста: ні доказу злачынства, ні суду — адбылася працэдурная памылка, якая выпраўляецца.

А ці можна грамадзянства вярнуць?

На просьбу Радыё Свабода пракамэнтаваць справядлівасьць такога кроку цяперашняе Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі адказала, што гэтая тэма мала дасьледаваная, гісторыкі і інстытуты займаюцца ёй толькі ад канца 90-х гадоў.

А што да тэарэтычнай магчымасьці аспрэчыць пазбаўленьне грамадзянства? Прэсавая сакратарка Клара Пекніцава ўдакладняе, што закон, які прадугледжваў у якасьці пакараньня страту грамадзянства, пачаў дзейнічаць у камуністычнай Чэхаславаччыне толькі ў кастрычніку 1948-га. Адразу пасьля аксамітнай рэвалюцыі, у 1990 годзе, быў прыняты закон аб судовай рэабілітацыі і ўсе прысуды, вынесеныя паводле закону 1948 году былі адмененыя ex lege. Калі б Геніюшаў судзілі паводле гэтага закону, то, як і ў астатніх выпадках, лічылася б, што «пазбаўленьня грамадзянства ніколі не адбылося». Але, як пісалася вышэй, грамадзянства яны пазбыліся зусім праз іншы мэханізм.

Выдварэньне і «добро пожаловать»

Апошняе слова належала ўжо згаданаму гораду Прахаціцэ, да якога Геніюшы ня мелі ніякага дачыненьня. Але фармальна горад быў цэнтрам окрэсу (раёну), куды належаў Вімпэрк — месца іх апошняга побыту. 7 ліпеня 1948 году раённы народны камітэт выдае загад пра выдварэньне:

Рашэньне пра выдварэньне Геніюшаў з ЧССР. Друкуецца ўпершыню.
Рашэньне пра выдварэньне Геніюшаў з ЧССР. Друкуецца ўпершыню.

«Паводле § 2 закону № 88/1871 крымінальнага кодэксу выдвараю Вас назаўсёды з усёй тэрыторыі Чэхаславацкай Рэспублікі з адначасовай забаронай вяртаньня пад пагрозай крымінальнага перасьледу паводле § 323 крымінальнага кодэксу.

Гэтае выдварэньне распаўсюджваецца і на Вашу жонку Ларысу з дому Міклашэвіч, народжаную 27.7.1910. Да чэхаславацкай дзяржаўнай мяжы будзе прымусова этапаваны.

Падставы:

На чэхаславацкай дзяржаўнай тэрыторыі ў ніводным з месцаў Вы ня маеце прапіскі (domovního práva), таму што чэхаславацкае грамадзянства Вам было рашэньнем Міністэрства ўнутраных справаў № А-4617-19/3-48-V/1 дня 1 красавіка адабранае. Праведзенай праверкай было ўстаноўлена, што падчас акупацыі Вы і Ваша жонка вялі нелегальную дзейнасьць у антысавецкіх нацыяналістычных арганізацыях. Такім чынам ў інтарэсах дзяржавы Вас выдварыць.

[...] Супраць рашэньня, якое выключае магчымасьць адкладу пры падачы апэляцыі, апэляцыя не дапускаецца.

Рэфэрэнт аддзелу бясьпекі (бяз подпісу).»

Ніжэй — удакладненьне для выкананьня:

«Эскартаваць найкарацейшай дарогай да дзяржаўнай мяжы»

Гэты дакумэнт прыйшоў з Прахаціц ужо ў праскую турму, дзе Геніюшам прапанавалі падпісаць, што азнаёміліся:

Подпісы Яна і Ларысы Геніюшаў, што азнаёміліся з рашэньнем. Друкуецца ўпершыню. Дакумэнты (3,4) прадастаўлены дзяржаўным раённым архівам г. Прахаціцэ са згоды дзяржаўнага абласнога архіву ў Тршэбані ( Státní okresní archiv Prachatice, fond ONV Prachatice, bezpečnostní referát, 1948, sign. IV/12a/2, vyhoštění osob - G ( Geniuš Ivan), nezpracovaný materiál).
Подпісы Яна і Ларысы Геніюшаў, што азнаёміліся з рашэньнем. Друкуецца ўпершыню. Дакумэнты (3,4) прадастаўлены дзяржаўным раённым архівам г. Прахаціцэ са згоды дзяржаўнага абласнога архіву ў Тршэбані ( Státní okresní archiv Prachatice, fond ONV Prachatice, bezpečnostní referát, 1948, sign. IV/12a/2, vyhoštění osob - G ( Geniuš Ivan), nezpracovaný materiál).

​У паліцэйскай вязьніцы іх трымалі да пачатку жніўня, а 8-га дня яны былі перададзеныя ў тутэйшы савецкі лягер для рэпатрыянтаў, на браме якога прачыталі словы «Добро пожаловать!»

Гэта азначала дарогу у ГУЛАГ. У Менску Геніюшаў асудзілі на 25 гадоў лягераў, зь якіх яны выйшлі толькі пасьля сьмерці Сталіна (1956). Рэабілітаваныя не былі, усе астатнія гады пражылі ў Зэльве, на радзіме Яна, дзе і пахаваныя. Доўга хацелі вярнуцца ў Чэхаславаччыну, але дзе там! Калі цкаваньне мясцовых органаў рабілася невыносным, Геніюш пісала ў ЦК КПБ Машэраву ці Кузьміну: ну адпусьціце хоць да папуасаў!

Эпілёг

Ці разьлюбіла Геніюш чэхаў? Ці даравала?

На пачатку сваіх вядомых мэмуараў «Споведзь» яна піша: «Наагул, чэхі — гэта былі такія славяне, аб якіх мне ніколі ня сьнілася. Славянства яны разглядалі не як расу, а як роднае па крыві брацтва зь любоўю й вялікай надзеяй на яго ў будучыні. На граніцах славянства зрадзілася такая маліцьвенная адданасьць яму, аб якой, напрыклад, ніколі не падумалі палякі, асабліва ў адносінах да нас».

Пасьля ГУЛАГу ў адным зь лістоў у яе вырвецца міжвольнае «о чэхі, юды», але ўжо ў 1968-м яна зноў вяртаецца ва ўлоньне славянскага братэрства і закаханасьці: «Чэхі — як рана... Наш лёс цесна зьвязаны зь іх лёсам, толькі нам яшчэ горай».

У часе, калі зноў нарастае паток міграцый і сотні тысяч зноў шукаюць прытулку, лепшай долі, чалавек разважае, дзе знойдзе тую непахісную апору — на радзіме ці ў чужыне? Чаму так дорага каштуе знайсьці грамадзянства і чаму яно часам становіцца нікчэмнай паперкай, якую так лёгка скасаваць? І ўвогуле, што можа зрабіць безабаронны чалавек перад жорнамі дзяржаўнай машыны і гістарычнымі абставінамі?

Выпадак паэткі Ларысы Геніюш унікальны тым, што яна знайшла свой спосаб і свой адказ. Яна, жанчына, дазволіла сабе НЕ ПРЫНЯЦЬ савецкае грамадзянства. Значыць, яна засталася грамадзянкай тагачаснай, на яе погляд, самай ідэальнай, дэмакратычнай і свабоднай краіны Эўропы — Чэхаславаччыны. І хай сабе чэхі думаюць, што яе грамадзянства скасавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG