Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, як ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі міру ўдалося прыехаць з Вэнэсуэлы ў Осла


Марыя Карына Мачада з балькону гатэлю вітае сваіх прыхільнікаў у Осла
Марыя Карына Мачада з балькону гатэлю вітае сваіх прыхільнікаў у Осла

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру, лідэрка вэнэсуэльскай апазыцыі Марыя Карына Мачада прыбыла ў Осла празь некалькі гадзін пасьля цырымоніі ўзнагароджаньня.

Як паведаміла агенцтва Reuters з спасылкай на свае крыніцы, Марыя Карына Мачада 9 сьнежня таемна пакінула Вэнэсуэлу на чоўне, такім чынам перабралася на карыбскі востраў Кюрасаа, а адтуль на прыватным самалёце вылецела ў Нарвэгію.

Яна знаходзілася пад дзесяцігадовай забаронай на выезд, уведзенай уладамі яе роднай краіны, і больш за год хавалася.

Мачада разьмясьцілася ў Гранд-гатэлі ў Осла, дзе традыцыйна спыняюцца ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі. Яна з балькону свайго нумару прывітала дзясяткі людзей, якія прыйшлі яе падтрымаць. Людзі сьпявалі гімн Вэнэсуэлы і трымалі вэнэсуэльскія сьцягі.

Пазьней ляўрэатка выйшла на вуліцу і пералезла праз бар’еры, каб абняць і паціснуць рукі людзям, якія сабраліся на холадзе, каб убачыць яе і падтрымаць.

Замест апазыцыйнай лідэркі прэмію атрымала яе дачка Ана Карына Соса Мачада і выступіла з прамовай ад імя сваёй маці.

У сваёй прамове яна сказала, што гэтая прэмія мае значэньне ня толькі для Вэнэсуэлы, але і для ўсяго сьвету.

«Гэта нагадвае сьвету, што дэмакратыя мае важнае значэньне для міру», — сказала Ана Карына Соса Мачада. Яе голас дрыжаў, калі яна гаварыла пра сваю маці.

«І больш за ўсё тое, што мы, вэнэсуэльцы, можам прапанаваць сьвету, — гэта ўрок, атрыманы падчас гэтага доўгага і цяжкага падарожжа: каб мець дэмакратыю, мы павінны быць гатовыя змагацца за свабоду», — дадала яна.

Нобэлеўскі камітэт абвясьціў Марыю Карыну Мачада пераможцай у кастрычніку. Цырымонія ўзнагароджаньня адбылася ў мэрыі Осла ў прысутнасьці караля Гаралда, каралевы Соні і лацінаамэрыканскіх лідэраў, у тым ліку прэзыдэнта Аргентыны Хавіера Мілея і прэзыдэнта Эквадору Даніеля Набоа.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG