Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 нечаканых фактаў пра Ларысу Геніюш


Ісьці на маральна-этычныя саступкі — мастацтва, якім выдатна валодалі многія нашыя папярэднікі ды і мы самі. Яна такой не была. Яна магла быць суб’ектыўнай, патрабавальнай, рэзкай — але заўсёды шчырай ды праўдзівай. Часам, бязьлітасна праўдзівай. Такіх людзей паважаюць, баяцца, яны раздражняюць, імі ганарацца, на іх крыўдзяцца, а пасьля сьмерці, яны становяцца героямі.

Міхасю Скоблу прысьвячаецца

1. Яе мама называла беларускую мову «хамскай»:

«Я са сваімі сёстрамі ніколі не знаходзіла супольнай гутаркі... Не разумеў мяне і мой тата, а мама проста прасіла: «Не пиши мне писем на этом хамском языке».

2. У дзяцінстве думала, што яна непрыгожая:

Ларыса Геніюш – вучаніца Ваўкавыскай польскай гімназіі. 1928 г.
Ларыса Геніюш – вучаніца Ваўкавыскай польскай гімназіі. 1928 г.

«...Я была вельмі непрыгожая і нікому не падабалася. Гэта пазьней ужо пачалі панічы страляцца ды выкрадаць мяне ад бацькоў...»

3. Ёй не хапала ў беларускай літаратуры паэта-рамантыка:

«Купала так моцна стагнаў, Колас — таксама, Багдановіч думаў, Танк бунтаваўся..., іншыя разважалі, падпявалі, філязафавалі... Няма паэта, які прыпаў бы вогненным сэрцам да радзімай зямлі і... каханы, родны говар яе апеў... і ўзьнёс пад нябёсы. Толькі ў В. Караткевіча чутно часам той „клёкат арліны, які расчульвае, уздымае“.

4. Крытычна ставілася да сваёй творчасьці:

„Шчыра сказаць, я не люблю сваіх вершаў, я не магу пісаць так, як хацелася б. У мяне мала мастацтва, узьнёсласьці, таланту... Мучуся...“

5. Лічыла мужчын дзецьмі:

„Мужчыны — як дзеці, іх трэба часам і пакараць, і пашкадаваць, ды і змаўчаць ды і абхітрыць крыху...“

6. Ёй вельмі падабалася статуя Свабоды:

„...Прыгожая статуя Свабоды, і я нейк зь дзяцінства яе люблю. Гэта зьвязана з гімназіяй у Ваўкавыску. Пасьля першай сусьветнай... нас, дзяцей, крыху прыкармлівала Амэрыка... засталася ўдзячнасьць да сёньня.“

7. Не магла дараваць свайму мужу, Янку Геніюшу, што не дазволіў ім зьехаць у эміграцыю да прыходу савецкіх войскаў:

„...я сацыяліст... і... тут застануся...калі жонка хоча, няхай едзе... безь дзіцяці“... Я ніколі ня слухалася мужа й вось паслухалася... першы раз... Злачыннае кіданьне нас Сталіну пад ногі ніколі не лягло каменем на сумленьне... мужа.»

8. Была вельмі ўдзячная вязьням-украінцам за падтрымку:

«У кожным выпадку гэта яны, украінцы (ну крыху яшчэ літоўцы, грузіны, латышы, нават яўрэі і рускія), памагалі мне перажыць той жудасны час.»

9. Добра ставілася да Пятра Машэрава:

«Я веру ў нашага Машэрава... Мы ўсе... моцна перажывалі /яго/ трагічную сьмерць. Гэта быў разумны і вельмі гуманны Беларус... дэмакратычны заўсёды і свой...»

10. Вязьні-беларусы называлі яе «мамай»:

Калі адбывала тэрмін у Інцінскім лягеры НКВД-МВД, то вязьні-беларусы ў лістах-запісках называлі яе «мама». Яна ж у адказ падтрымлівала іх сваёй паэзіяй.

11. Часам складала вершы для канваіраў:

Адзін канваір: «прасіў напісаць...верш аб зьняволенай дзяўчыне... якую ён кахае й якой ніколі ня можа ўзяць за жонку...

Догорают грустно огоньки костра,
летят мои мысли с темно-синим дымом,
ты мне — как невеста, ты мне — как сестра,
почему не можешь быть женой любимой...»

12. Крытычна ставілася да творчасьці сына Юркі:

Ларыса Геніюш і яе сын Юрка, Прага, 1940
Ларыса Геніюш і яе сын Юрка, Прага, 1940

«Крыху накрычала на сына, каб злагодзіў тэмы сваіх мініятураў. Піша: „Мама, я чорны, я чорны, хоць скура мая — белая“... Прасіла, каб забыўся на гэта... Сын вельмі хоча быць літаратарам. Думаецца яму, што ён ледзь ня /геній/. Я яму раджу глядзець болей мэдыцыны і сям’і.»

13. Ёй прапаноўвалі фіктыўны шлюб:

У лягеры пасябравала з князем Васілём Святаполкам-Мірскім, які прапаноўваў ёй выйсьці за яго, грамадзяніна Германіі, замуж і такім чынам мець магчымасьць пасьля вызваленьня зьехаць за мяжу. Усё гэта вельмі нэрвавала Янку Геніюша, на папрокі якога яна адказвала так:

«...Вася меня понимает намного лучше... Он так часто отогревал мою... замёрзлую душу теплом своих дружеских слов и советов. Я Васю никогда не забуду... и если Ты не полюбишь его, я с тобою никогда не смогу жить...»

14. З іранічнай стрыманасьцю ставілася да каталіцтва:

Інак Мікалай (Алег Бэмбель) каля помніка Ларысе Геніюш у Зэльве
Інак Мікалай (Алег Бэмбель) каля помніка Ларысе Геніюш у Зэльве

«Наагул каталікі вельмі зямныя, малаверныя, іхняй вераю сапраўднай зьяўляецца Папа рымскі і ксёндз... Там нябачна ідэяў Хрыста, няма велічы, ёсьць толькі пасьлядоўнасьць, арганізаванасьць, упорства. Ну, Бог зь імі, і гэта карысна.»

15. Была абурана пасьляваеннай агрэсіяй чэхаў да немцаў:

«...вядуць дзяцей нямецкіх... Чэшкі падбеглі й рвуць тых дзяцей... топчуць... Босых немак гоняць па разьбітым шкле... Трох немцаў павесілі за ногі, палілі бэнзінам... вешаюць публічна... няўжо гэта народ Масарыка?»

16. Любіла канадзкіх хакеістаў і галяндзкіх футбалістаў:

«Другіх хакеістаў дык не пазнаць, хто які, а ў гэтых кожны мае свой твар, характар»; «Палова другой... Не дагледзела я футбол з Ротэрдама. У першым тайме было 2:1 на карысьць галяндцаў!»

17. Была ў захапленьні ад раману Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», але крытыкавала «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»:

Ларыса Геніюш за друкарскай машынкай
Ларыса Геніюш за друкарскай машынкай

«...Пашто Вашая фантазія наклікала „крымчакоў“ у Горадню, калі мы слаўныя тым, што нехрысты тыя да нас не пранікалі?... /ёсьць/ бліскучыя, іскрыстыя кусочкі, а цэласьць недзе высьлізгваецца!»

18. Нягледзячы на ўгаворы Максіма Танка ды іншых пісьменьнікаў, доўгі час адмаўлялася публікавацца, лічыла гэта бессэнсоўным:

«Што вялікага далі /былыя вязьні/ Звонак, Хведаровіч, Пальчэўскі? Калі ня могуць сказаць праўды аб сваім болі і цярпеньні, лепей маўчалі б зусім. Трагічна выглядае аптымізм праз боль.»

19. Многія мужчыны прапаноўвалі ёй руку і сэрца зь першай сустрэчы:

Нават, калі яна выйшла замуж і жыла ў Празе, здараліся яркія мэлядраматычныя моманты:

«Аднойчы прыйшла да мяне... гаспадыня /кватэры/ з прэтэнзіямі, што, пэўна, з мае віны выберацца добры кватарант. Я зьдзівілася, бо амаль ня ведала яго. Аказалася, што прыгожы студэнт ня можа вучыцца, ён, бачыце, улюбіўся... згубіў спакой... і я вінавата!.. Я нічым не магла памагчы разбуджанай душы гэтага чалавека, і ён з гэтай кватэры ўцёк.»

20. Сваім анёлам-ахоўнікам лічыла Максіма Танка:

Дзякуючы яму пачала ізноў друкавацца і выдаваць кніжкі: «...Вы...як /Cвяты Мікалай/... Мне добра, Максім Танк, за Вашымі шырокімі плячыма... Я, як сіротка... і раптам зьяўляецца Прынц і цягне мяне ў сьвет... О, Казачны Прынц...»

Васіль Дранько-Майсюк для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG