Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ЗША сказаў гэта на энэргетычнай канфэрэнцыі ў Х’юстане.
Дзяржаўны сакратар Майк Пампэо заклікаў амэрыканскіх вытворцаў нафты і газу супрацоўнічаць з адміністрацыяй Дональда Трампа для прасоўваньня нацыянальных інтарэсаў ЗША па усім сьвеце, асабліва ў Азіі і Эўропе. Пампэо заявіў пра гэта, выступаючы на штогадовай энэргетычнай канфэрэнцыі CERAWeek у Х’юстане, штат Тэхас.
Зьвяртаючыся да кіраўнікоў найбуйнейшых энэргетычных і нафтагазавых кампаніяў, Пампэо адзначыў, што знойдзеныя на тэрыторыі ЗША запасы лупняковых нафты і газу дазваляюць Вашынгтону ўмацаваць свае замежнапалітычныя пазыцыі.
«Мы павінны закасаць рукавы і канкураваць (на ўсясьветным рынку) — спрыяючы інвэстыцыям, матывуючы партнэраў купляць у нас і караючы „дрэнных гульцоў“», — заявіў дзяржаўны сакратар, маючы на ўвазе ў першую чаргу Расею, Іран і Вэнэсуэлу.
Паводле Пампэо, ажыўленьне ў амэрыканскай нафтагазавай галіне дало ЗША магчымасьць задаволіць попыт на крыніцы энэргіі, які некалі забясьпечвалі геапалітычныя супернікі краіны.
«Мы ня хочам, каб нашы эўрапейскія саюзьнікі “падселі” на расейскі газ праз праект «Паўночны паток — 2», гэтаксама як і мы самі не хацелі б залежаць ад паставак нафты з Вэнэсуэлы», — сказаў Пампэо пра будаўніцтва новага газаправоду па дне Балтыйскага мора з Расеі ў Нямеччыну.
Акрамя таго, дзяржаўны сакратар назваў расейскае ўварваньне ва Ўкраіну спробай Крамля атрымаць доступ да нафтагазавай галіны суседняй дзяржавы.