Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла ў аўторак рэзалюцыю, якая адмяняе ўказ прэзыдэнта Трампа аб увядзеньні надзвычайнага становішча на мяжы з Мэксыкай.
Гэты ўказ быў падпісаны прэзыдэнтам Трампам 15 лютага з мэтай атрымаць магчымасьць траціць сродкі на збудаваньне пагранічнага бар’ера на мяжы з Мэксыкай — насуперак адмове Кангрэсу фінансаваць гэтае будаўніцтва.
Многія заканадаўцы, уключаючы некаторых рэспубліканцаў, лічаць, што прэзыдэнт у такой сытуацыі злоўжывае сваім правам абвяшчаць рэжым надзвычайнага становішча, падрываючы важную прэрагатыву Кангрэсу, які, паводле канстытуцыі краіны, кантралюе дзяржаўныя выдаткі.
13 рэспубліканцаў — чальцоў Палаты прадстаўнікоў прагаласавалі разам з дэмакратамі за рэзалюцыю, палічыўшы, што прэзыдэнт сваім указам перавышае паўнамоцтвы, якія канстытуцыя адводзіць выканаўчай уладзе. Вынік галасаваньня: 245 — «за» і 182 — «супраць». Тым ня менш гэта азначае, што ў дэмакратаў ня будзе дзьвюх трацін галасоў, неабходных для пераадоленьня чаканага прэзыдэнцкага вэта.
Закон аб надзвычайных паўнамоцтвах кіраўніка дзяржавы быў прыняты ў 1976 годзе. З тых часоў ён шмат разоў быў задзейнічаны, але ні разу раней ніводная з палат Кангрэсу не блякавала пажаданьняў прэзыдэнта. Цяпер дэмакраты заяўляюць, што крызісная сытуацыя на паўднёвай мяжы — гэта плён фантазіі прэзыдэнта Трампа.
Сэнат мае 18 дзён на тое, каб вырашыць, ці падтрымае ён ініцыятыву ніжняй палаты Кангрэсу. Калі ўсё дэмакраты прагаласуюць за рэзалюцыю, то ім спатрэбіцца падтрымка чатырох рэспубліканцаў, каб дамагчыся большасьці ў верхняй палаце. Пакуль пра апазыцыю Трампу абвясьцілі трое сэнатараў — рэспубліканцаў.