Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапагандыст Кісялёў назваў цэлі ў ЗША для новых расейскіх ракет


Расейскі прапагандыст і кіраўнік дзяржаўнага агенцтва «Россия сегодня» Дзмітрый Кісялёў у эфіры штотыднёвай праграмы «Вести недели» на тэлеканале «Россия 1» назваў цэлі расейскіх ракет «Цыркон» на тэрыторыі ЗША.

«На ўсходнім узьбярэжжы ЗША гэта Пэнтагон: там вышэйшыя органы кіраваньня ўзброенымі сіламі ЗША і Камітэт начальнікаў штабоў. Кэмп-Дэйвід: ўрадавы пункт кіраваньня, дзе прадугледжана знаходжаньне прэзыдэнта ЗША. Форт-Рытчы ў штаце Мэрылэнд: запасны пункт кіраваньня прэзыдэнта ЗША і камандны цэнтар Камітэту начальніка штабоў. Пакуль так. На заходнім узьбярэжжы гэта Макклелан у Каліфорніі: там знаходзіцца кіраваньне стратэгічнымі наступальнымі ўзброенымі сіламі. І Джым-Крык у штаце Вашынгтон: пункт кіраваньня ядзернымі сіламі».​

«Гэта тыя самыя цэнтры прыняцьця рашэньняў, пра якія казаў Пуцін», — заявіў у эфіры Кісялёў. Раней у праграме «Вести недели» ён ужо заяўляў, што Расея можа ператварыць ЗША «ў радыеактыўны попел».

Злучаныя Штаты пакуль не камэнтавалі заявы Кісялёва.

20 лютага прэзыдэнт Расеі, выступаючы ў Маскве з пасланьнем да Фэдэральнага сходу, заявіў, што ў адказ на меркаваны выхад Злучаных Штатаў з Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці Расея разгорне ракетныя сыстэмы. І яны будуць нацэленыя ня толькі на ўзбраеньні, але і на «цэнтры прыняцьця рашэньняў на тэрыторыі ЗША і іх саюзьнікаў». У NATO назвалі гэтыя пагрозы «недапушчальнымі».

Пуцін таксама згадаў аб распрацоўцы новай гіпэргукавай ракеты «Цыркон», якая мае далёкасьць палёту «больш за тысячу кілямэтраў» — якраз яе згадаў у «Вестях недели» Кісялёў, кажучы аб цэлях расейскіх ракет на тэрыторыі ЗША. Паводле Пуціна, ужо ў гэтым годзе «Цыркон» будзе пастаўлены на ўзбраеньне на надводныя і падводныя караблі расейскага флёту, у тым ліку і атамныя падводныя лодкі, разьмешчаныя ў нэўтральных водах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG