Карпарацыя Microsoft выявіла новыя хакерскія атакі на эўрапейскія аналітычныя цэнтры і некамерцыйныя арганізацыі, якія займаюцца пытаньнямі «дэмакратыі і празрыстасьці выбараў» і «зьвязаныя з чыноўнікамі». Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным блогу кампаніі.
Паводле Microsoft, хакерскія атакі адчулі супрацоўнікі незалежнага Нямецкага таварыства замежнай палітыкі (DGAP), а таксама эўрапейскіх аддзяленьняў Інстытуту Аспена і Нямецкага фонду Маршала. Атакі былі скіраваныя на 104 акаўнты, якія належаць супрацоўнікам арганізацыі з Бэльгіі, Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Румыніі і Сэрбіі.
Атакі адбыліся паміж верасьнем і сьнежнем 2018 году.
Спецыялісты Microsoft мяркуюць, што да гэтых атак датычная група кібэрзлачынцаў, вядомая як Strontium (Fancy Bear, APT28). Раней яе зьвязвалі з Галоўным упраўленьнем Генштабу ўзброеных сілаў Расеі (ГРУ).
Хакерскую групоўку Fancy Bear таксама зьвязваюць:
- з атакамі на сэрвэры Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны Нямеччыны;
- з атакамі на сэрвэры Дэмакратычнай партыі ЗША ў 2016 годзе і ўзломам пошты Гілары Клінтан;
- з узломам буйных кампаніяў вайскова-прамысловага комплексу ЗША;
- з кібэрнападам на базу дадзеных Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA);
- з сачэньнем за францускім прэзыдэнтам Эманюэлем Макронам;
- са спробамі паўплываць на лістападаўскія выбары ў амэрыканскі Кангрэс і інш.