Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bellingcat: выяўлена імя трэцяга падазраванага па справе Скрыпалёў. Гэта таксама афіцэр ГРУ


Штаб-кватэра расейскай вайсковай выведкі ў Маскве
Штаб-кватэра расейскай вайсковай выведкі ў Маскве

Расьсьледніцкая група Bellingcat сьцьвярджае, што выявіла сапраўднае імя яшчэ аднаго падазраванага па справе аб атручваньні ў Брытаніі былога палкоўніка расейскай вайсковай выведкі ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі.

Гаворка ідзе пра «Сяргея Фядотава» — чалавека, якога расейскае выданьне «Фонтанка» і брытанская газэта Telegraph ідэнтыфікавалі як трэцяга ўдзельніка замаху, нароўні з супрацоўнікамі расейскай вайсковай выведкі Аляксандрам Мішкіным і Анатолем Чапігам (якія выкарыстоўвалі дакумэнты на імёны Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова).

«Сяргею Фядотаў», як сьцьвярджаецца, зьвязаны з іншым атручваньнем рэчывам «Навічок» — вясной 2015 году быў атручаны баўгарскі прадпрымальніка Эмільяна Гебрэва, кампанія якога займалася пастаўкамі зброі на Украіну.

Паводле дадзеных Bellingcat, «Сяргей Фядотаў» на самай справе — Дзяніс Вячаслававіч Сяргееў, высокапастаўлены афіцэр ГРУ і выпускнік расейскай вайскова-дыпляматычнай акадэміі:

  • ён нарадзіўся 17 верасьня 1973 гады ў ваенным гарадку Ушарал ў Казахстанскай ССР каля мяжы з Кітаем;
  • служыў у Наварасійску, паміж 2000 і 2002 гадамі быў залічаны ў вайскова-дыпляматычную акадэмію, вядомую пад слэнгавым назвай «кансэрваторыя ГРУ»;
  • яго званьне невядомае, але выпускнікі акадэміі звычайна носяць званьне не ніжэйшае за падпалкоўніка, за гэты час ён мог даслужыцца да палкоўніка ці нават генэрал-маёра;
  • Дзяніс Сяргееў жанаты і мае дарослую дачку.

Bellingcat заяўляе, што расейскія ўлады спрабавалі зьнішчыць усе публічныя запісы пра Дзяніса Сяргеева, аднак ён быў ідэнтыфікаваны ў сумесным расьсьледаваньні з расейскім выданьнем «Инсайдер» і чэскім штотыднёвікам Respekt, як менавіта — будзе падрабязна расказана на наступным тыдні.

Што вядома аб удзеле Сяргеева-«Фядотава» ў замаху на Скрыпаля

«Фонтанка» у кастрычніку сьцьвярджала, што «Фядотаў» прыбыў у Англію разам зь Мішкіным і Чапігам і што сьледчым Скотланд-Ярду было вядома аб трэцім удзельніку замаху, але ў ведамстве прынялі рашэньне абвясьціць пра яго пазьней.

Газэта Telegraph паведаміла ў пачатку лютага, што «Фядотаў» прыляцеў у Брытанію ў той жа дзень, што і Мішкін з Чапігам, а нумар яго пашпарта толькі нязначна адрозьніваецца ад іх нумароў. «Фядотаў» не паляцеў з Брытаніі разам зь Мішкіным і Чапігам адразу пасьля замаху, хоць быў зарэгістраваны на той жа рэйс, што і яны. У апошні момант ён, аднак, адмяніў сваю рэгістрацыю на рэйс. Дадзеных аб тым, што ён пакінуў Вялікабрытанію ў нейкі іншы час, не было, і гучала здагадка, што ён можа да гэтага часу знаходзіцца ў краіне.

Іншыя падарожжы Сяргеева-«Фядотава»

Паводле аўтараў расьсьледаваньня, з 2012 па 2014 гады Сяргееў шмат езьдзіў па розных краінах. Сярод наведаных ім — Украіна, Таджыкістан, Швайцарыя, Італія, Чэхія. Праскі штотыднёвік Respekt, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні, піша, што ў Празе Сяргееў пад імем «Фядотава» быў на працягу 8 дзён у канцы студзеня — пачатку лютага 2014 году разам зь Мішкіным («Пятровым»). Яны жылі ў чатырохзоркавым гатэлі Best Western Meteor Plaza.

Дакладныя мэты знаходжаньня Мішкіна і Сяргеева ў Чэхіі высьветліць не ўдалося. Вядома, аднак, што раней у Празе пабываў і Сяргей Скрыпаль, які, паводле Respekt, сустракаўся з супрацоўнікамі чэскіх спэцслужбаў і, магчыма, кансультаваў іх па шэрагу пытаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG