Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіль Мясьніковіч распачаў візыт у Польшчу. У панядзелак у Варшаве ён сустрэўся зь міністрам замежных справаў Яцэкам Чапутовічам. Бакі паведамілі пра вынікі сустрэчы ў прэс-рэлізах. Свабода параўнала абодва паведамленьні.
Польскі прэс-рэліз:
Польшча заўсёды кіруецца павагай да сувэрэнітэту і ідэнтычнасьці Беларусі, — заявіў міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч падчас сустрэчы са старшынём Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясьніковічам.
Галоўнай тэмай сустрэчы, як паведамляе зьнешнепалітычнае ведамства Польшчы, былі двухбаковыя адносіны і сытуацыя польскай меншасьці ў Беларусі. Падчас перамоваў закраналася таксама пытаньне супрацы Беларусі з Эўрапейскім зьвязам.
Чапутовіч і Мясьніковіч размаўлялі таксама наконт рэгіянальнай бясьпекі. Польскі міністар выказаў надзею, што візыт старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясьніковіча пакладзе пачатак працэсу новага погляду на адносіны Польшчы і Беларусі, як двух народаў-суседзяў.
Беларускі прэс-рэліз:
Беларусь разглядае Польшчу ў якасьці важнага і пэрспэктыўнага партнэра, падкрэсьліў Міхаіл Мясьніковіч. За апошні час краінам удалося прасунуцца ў пытаньнях умацаваньня даверу і ўзаемаразуменьня. Ёсьць патэнцыял для далейшага разьвіцьця палітычных і эканамічных кантактаў. Драйвэрам умацаваньня двухбаковага супрацоўніцтва можа стаць міжпарляменцкае ўзаемадзеяньне, упэўнены Старшыня Савета Рэспублікі
Беларусь і Польшчу зьвязвае гісторыя, славянскае адзінства, культурная супольнасьць. Усё гэта стварае падмурак для эфэктыўнага ўзаемадзеяньня па шырокім спэктры напрамкаў — ад эканомікі да навукі і адукацыі.
Краіны могуць стаць своеасаблівым мостам паміж ЭАЭС і ЭЗ. Беларусь выступае прыхільнікам ідэі «інтэграцыя інтэграцый», нагадаў старшыня Савета Рэспублікі.