Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі засьпяваў па-расейску. ВІДЭА


Беларускі сьпявак Лявон Вольскі выдаў кліп на ўжо трэцюю песьню будучага альбому «Гравітацыя».

На гэты раз Вольскі засьпяваў па-расейску. Такое бывае вельмі рэдка: абсалютная большасьць ягоных песень на беларускай мове, з гуртамі N.R.M. і «Крамбамбуля» сьпяваў на польскай і ўкраінскай, а на альбоме «Крамбамбулі» «Drabadzi-drabada» быў цэлы набор перакладаў песень: на харвацкую, францускую, нямецкую, італьянскую, польскую, швэдзкую, славенскую, ірляндзкую і літоўскую. Сьпявак таксама мае сольны альбом «Куплеты і прыпевы» на трасянцы. Хіба першыя песьні «Мроі» на пачатку 1980-х пісаліся па-расейску.

Вольскі расказаў, што «Русскую песню» напісаў яшчэ ў 2013 годзе, «яшчэ да пачатку падзеяў ва Ўкраіне».

«На жаль, вялікая частка нашай краіны жыве ў чужой мэдыяпрасторы, цікавячыся больш зорнымі раманамі Пугачовай і Кіркорава, чым падзеямі ў Беларусі — было так тады, застаецца і цяпер, — расказвае Вольскі. — Асабліва моцна на масы ўплывае тэлевізія. Пра гэта кліп, які зьняў рэжысэр Аляксандар Міцкевіч. Я ўжо гадоў 10-15 не гляджу аніякіх каналаў і вельмі гэтаму рады».

Альбом «Гравітацыя» мае завяршыць трылёгію, распачатую кружэлкамі «Грамадазнаўства» (2014) і «Псыхасаматыка» (2016). Раней Вольскі прадставіў два кліпы на новыя песьні: «Зьніклыя людзі» і «Апэрацыя „Адукацыя“».

Плытка ўжо запісаная ў Вільні нарвэскім саўндпрадусарам Снорэ Бэргерудам. Выданьне было прафінансаванае праз краўдфандынг — слухачы самі «скінуліся» на альбом.

Квіткі на менскую прэзэнтацыю 2 сакавіка ўжо прадаюцца праз інтэрнэт. У складзе гурту Volski выступаюць таксама гітарыст Павал Трыпуць, басіст Алесь Францішак-Мышкевіч і бубнач Павал Мамонаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG