Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля інцыдэнту з адкідамі на Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы прыбыў віцэ-прэм’ер Ляшэнка


Ачышчальныя збудаваньні заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы, 19 студзеня
Ачышчальныя збудаваньні заводу сульфатнай беленай цэлюлёзы, 19 студзеня

Улады Сьветлагорскага раёну і адміністрацыя заводу беленай цэлюлёзы запэўніваюць, што пасьля выпадку з адкідамі трымаюць сытуацыю пад кантролем. Тым часам на прадпрыемства прыбыў віцэ-прэм’ер ураду Беларусі Ігар Ляшэнка.

Сьведка інцыдэнту: перавышэньне па хлярыдах, сульфатах і іншых рэчывах

Супрацоўнік Сьветлагорскага заводу беленай цэлюлёзы, які прасіў не называць яго імя, паведаміў Свабодзе, што 19 студзеня на ачышчальныя збудаваньні прадпрыемства прыйшлі адкіды зь вялікім перавышэньнем канцэнтрацыі хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца для варкі цэлюлёзы.

Ачышчальныя збудаваньні не далі ім рады, бескантрольна ўтварылася шмат бруднай пены. Яна пайшла церазь верх басэйнаў і затапіла частку тэрыторыі заводу. Пена пайшла без ачысткі ў ліўневую каналізацыю, а потым у раку Бярэзіну. Ачышчальныя збудаваньні скідалі за суткі ад 35 да 40 тысяч кубамэтраў адкідаў зь перавышэньнем па хлярыдах, сульфатах і іншых хімічных рэчывах.

Адміністрацыя: усе на вытворчасьці, прыехаў віцэ-прэм’ер

У адміністрацыі Сьветлагорскага заводу пакуль не ўдалося знайсьці некага з кіраўніцтва, хто б мог пракамэнтаваць інцыдэнт, які здарыўся 19 студзеня. Як паведаміла Свабодзе сакратарка, «усё кіраўніцтва на вытворчасьці, бо сёньня на прадпрыемства прыехаў віцэ-прэм’ер ураду Ігар Ляшэнка».

Прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Ўладзіслаў Сычэвіч пацьвердзіў Свабодзе, што Ігар Ляшэнка сапраўды 23 студзеня знаходзіцца з працоўным візытам у Гомельскай вобласьці. А вось ці зьвязаная яго паездка з інцыдэнтам і складанай экалягічнай сытуацыяй на прадпрыемстве, спадар Сычэвіч не ўдакладніў.

МНС: Інцыдэнт быў

Што інцыдэнт з выкідам забруджанай вады і пены ў раку Бярэзіну і на тэрыторыю прадпрыемства сапраўды меў месца, пацьвердзіла прэсавая сакратарка Гомельскага абласнога ўпраўленьня МНС Марыя Клязовіч.

«Зварот грамадзянаў сапраўды 19 студзеня быў. Супрацоўнікі абласнога ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый на месца не выяжджалі, але мы праінфармавалі ўсе службы, у кампэтэнцыю якіх уваходзяць пытаньні экалёгіі, у тым ліку і Сьветлагорскі раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі», — сказала Марыя Клязовіч.

Міністар даручыў разабрацца

У Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Свабодзе сказалі, што трымаюць сытуацыю пад кантролем.

Нягледзячы на запэўніваньні супрацоўнікаў Сьветлагорскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, што нічога надзвычайнага не адбылося і перавышэньня гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў ня выяўлена, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя трымае сытуацыю пад пільным наглядам, запэўніла Свабоду прэсавая сакратарка ведамства Алена Мялешкава.

«Мы ў курсе таго, што інцыдэнт быў. Міністрам дадзена даручэньне Гомельскаму абласному камітэту прыродных рэсурсаў разабрацца па гэтым факце. Зараз практычна ў рэжыме онлайн бяруцца ўсе замеры вакол заводу лябараторыяй аналітычнага кантролю», — сказала прэс-сакратарка Мінпрыроды. І паабяцала знайсьці спэцыяліста, які дасьць больш падрабязны камэнтар.

Інспэкцыя: Гэта ліўневыя сьцёкі

Супрацоўнікі раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а таксама Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату пракамэнтавалі сытуацыю са скідамі ў раку Бярэзіну цёмнай вадкасьці і пены для раённага выданьня «Светлагорскія навіны».

Начальніца Сьветлагорскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя і паведаміла, што вада прайшла ачыстку ў ачышчальных збудаваньнях на заводзе.

«Гэта не вытворчыя сьцёкавыя воды, а ліўневыя. Усе пункты скіду сьцёкавай вады ўзгодненыя ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку і маецца комплексны прыродаахоўны дазвол. Усе яны знаходзяцца пад пастаянным кантролем у адпаведнасьці з зацьверджаным графікам», — цытуе раённая газэта чыноўніцу.

Начальнік упраўленьня па будаўніцтве заводу беленай цэлюлёзы Мікалай Бібік сказаў раённай газэце, што кантроль за пунктамі скіду ліўневай вады ажыцьцяўляецца акрэдытаванымі аналітычнымі лябараторыямі Міністэрства прыроды і цэнтральнай вытворчай лябараторыі ААТ «СЦКК». З 19 па 21 студзеня перавышэньня гранічна дапушчальных канцэнтрацый шкодных рэчываў ня выяўлена.

Што скідалі ў Бярэзіну?

Зь відэа бачна, як у ліўневую каналізацыю, зьвязаную з ракой Бярэзінай, льецца цёмная вадкасьць з брудна-жоўтай пенай. Мясцовая жыхарка Алена Масьлюкова сказала Свабодзе, што гэта адбылося каля 14 гадзіны 19 студзеня, навокал стаяў смурод.

Пакуль Алена Масьлюкова не атрымала адказу ні ад МНС, ні ад кіраўніцтва заводу, што канкрэтна скідалі ў ваду і наколькі гэта шкодна для экалёгіі.

Як сказаў карэспандэнту Свабоды намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі Сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату Сяргей Гарбачоў, гэта быў плянавы скід, які «не пагражае экалёгіі».

«Пэрыядычныя скіды прадугледжаныя, гэта ж тэхналягічная труба, туды ўсё ідзе пасьля ачысткі. А чорнае яно, бо вада ў рацэ чорная. Гэта прадугледжана ў праекце, які ўзгоднены ўсімі экалягічнымі службамі. Гэта быў плянавы скід. Ня тое, што там нешта страшнае скідаюць. У такіх месцах вялікія зграмаджэньні рыбы, рыба іх з задавальненьнем есьць і ня плавае дагары пузам», — кажа Сяргей Гарбачоў.

Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

  • У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
  • Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
  • 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
  • Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG