Сьветлагорскі завод сульфатнай беленай цэлюлёзы ўсталюе спэцыяльнае абсталяваньне, каб праводзіць дэталёвы аналіз і кантроль стану паветра на прадпрыемстве і ў яго ваколіцах, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу канцэрну «Белляспаперпрам».
Паводле агенцтва, газавы храматограф Agilent-7890 можа выявіць сотні кампанэнтаў, у тым ліку серазьмяшчальныя сьмярдзючыя газы, і «паводле дакладнасьці і надзейнасьці ёсьць адным з найлепшых у сьвеце». Прыбор ужо купілі і ўсталёўваюць.
Завод зноў нарабіў смуроду
13 лістапада Сьветлагорскі завод па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы, пабудаваны кітайцамі на базе цэлюлёзна-кардоннага камбінату, спыніў вытворчы працэс.
Мясцовыя актывісты паведамілі Свабодзе, што сытуацыя з заводам пачала пагаршацца яшчэ ў кастрычніку. Паводле іх інфармацыі, каля двух тыдняў таму прадпрыемства пачалі ахоўваць прадстаўнікі дэпартамэнту аховы, а ахоўнікаў, нанятых кітайскім бокам, нібыта пачалі звальняць.
«Кітайцы павінны былі прапрацаваць 72 гадзіны бесьперапынна і вывесьці вытворчасьць на 75–80% магутнасьці. Яны гэтыя трое сутак прапрацавалі, і смурод быў, канечне, у горадзе канкрэтны», — сказала Свабодзе праваабаронца, сябра ініцыятыўнай групы па сытуацыі з кітайскім заводам Алена Масьлюкова.
Паводле Масьлюковай, беларускі бок нібыта адмовіўся плаціць кітайцам, «бо вельмі шмат недапрацовак, паломак, шкодных выкідаў», і праз два дні кітайцы прыпынілі вытворчасьць, фактычна спынілі працу заводу, забраўшы платы памяці, якія кіруюць тэхналягічным працэсам.
На Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце камэнтаваць сытуацыю адмовіліся.
Прэс-сакратар «Белляспаперпраму» Ружэна Навіцкая сказала карэспандэнту Свабоды, што спыненьне выпуску цэлюлёзы зьвязанае «з тэхнічнымі пытаньнямі даналадкі, данастройкі». Тое, што кітайцы нібыта зьвезьлі платы, у канцэрне назвалі чуткамі і ня сталі гэта камэнтаваць.
Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам
- У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
- Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
- Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
- 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
- 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
- 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
- Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
- За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
- За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
- Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
Канцэрн «Белляспаперпрам» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:
- тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
- парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
- сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод
У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).