Дзятлаўскі раённы адзьдзел Сьледчага камітэту Беларусі завёў крымінальную справу за забойства зубра.
Сьледчыя выявілі факт незаконнага паляваньня, якое прывяло да прычыненьня шкоды ў асабліва буйным памеры (ч. 4 ст. 282 Крымінальнага кодэксу).
Як паведамляе сайт Сьледчага камітэту,18 студзеня на полі паблізу вёскі Чырвоны Бор на тэрыторыі Дзятлаўскага лясгасу 48-гадовы жыхар Менску незаконна забіў зубра. Зубры ўключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, паляваньне на іх дапускаецца толькі зь ліцэнзіяй. Агульная шкода ацэненая ў 400 базавых велічынь — 10 200 рублёў.
У паляўнічага канфіскаваныя карабін Tikka M595 з прыцэлам начнога бачаньня, некалькі страляных гільзаў і патрон.
Падазраваны зьяўляецца кіраўніком прыватнай фірмы. Мае паляўнічы стаж амаль 30 гадоў. Для паляваньня ў Дзятлаўскім раёне ён выкарыстаў зарэгістраваную зброю.
Першапачаткова ён плянаваў упаляваць аленя і аформіў для гэтага дазвольныя дакумэнты. Канчатковая прававая ацэнка здарэньню будзе дадзеная пасьля заканчэньня расьсьледаваньня.
Як паведаміў лясьнічы Дзям’янавіцкага лясьніцтва Дзятлаўскага лясгасу Мікалай Андура, паляўнічы пераблытаў аленя з зубрам у цемры, бо было начное паляваньне. Яго суправаджаў егер зь лясьніцтва, як і належыць. Яму таксама здалося, што перад імі алень. Калі мужчыны ўбачылі, што забіты зубар, ніхто не ўцякаў зь месца паляваньня, адразу паведамілі ў адказныя органы.
Цяпер тушу зубра накіравалі на экспэртызу. Як патлумачыў лясьнічы, пасьля гэтага яе зьнішчаць, хоць часам лясную здабычу накіроўваюць на мясакамбінаты і перапрацоўваюць на каўбасу. Мяса гэтага зубра прызналі непрыдатным для ўжываньня, бо туша праляжала неразабранай даўжэй за гадзіну. Паводле санітарных нормаў, такое есьці нельга. Яго спаляць у месцы ўтылізацыі, дзе звычайна паляць тушы хворых дзікоў.
Агулам на тэрыторыі Дзятлаўскага лясгасу жыве 21 зубар.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.