Удзельнікі акцый пратэсту, якія адбываліся ў Кіеве зь лістапада 2013-га да канца лютага 2014 году, у пятую гадавіну першых расстрэлаў на Майдане ўшанавалі памяць герояў Нябеснай сотні.
Сярод першых ахвяраў былі Сяргей Нігаян, Міхась Жызьнеўскі, Раман Сэнык, Юры Вярбіцкі.
Шэсьце памяці прайшло па ўсіх мясьцінах, дзе пяць гадоў таму стаялі асноўныя барыкады — ад Лядзкай брамы на Майдане Незалежнасьці (там дзяжурыў Сяргей Нігаян), па Крашчаціку да Эўрапейскай плошчы і далей па вуліцы Міхаіла Грушэўскага да стадыёну «Дынама» і былой парлямэнцкай бібліятэкі, дзе загінуў Міхась Жызьнеўскі.
Удзельнікі акцыі запалілі зьнічкі ды ўсклалі кветкі да памятных знакаў загінулым. Там жа, на вуліцы Грушэўскага, адбылася і паніхіда, якую правялі прадстаўнікі Ўкраінскай грэка-каталіцкай царквы.
Як ідзе расьсьледаваньне?
Расьсьледуючы забойствы ў часе акцый пратэсту, Генэральная пракуратура Ўкраіны выставіла абвінавачаньні 441 асобе, у тым ліку 250 міліцыянтам і 56 прадстаўнікам кіраўніцтва абласных дзяржаўных адміністрацый і ўпраўленьняў міліцыі, а таксама былому прэзыдэнту Віктару Януковічу.
Цяпер у судах знаходзіцца 281 справа, вынесьлі ўжо 48 прысудаў. Толькі ў 9 выпадках вінаватых пазбавілі волі, ніводны міліцыянт дагэтуль не пакараны. Асудзілі і супрацоўнікаў ДАІ, якія фальсыфікавалі пратаколы супраць удзельнікаў Аўтамайдану.
У справе аб забойствах 22 студзеня, калі загінуў і Міхась Жызьнеўскі, падазраваных пакуль няма.
Як казала Свабодзе адвакат у справе Нябеснай сотні Яўгенія Закрэўская, расьсьледаваньне гэтага эпізоду ўскладнена тым, што ўсе першасныя сьледчыя дзеяньні праводзіліся ў пэрыяд, калі пратэст працягваўся — аж да канца лютага 2014 году, і хутчэй мелі на мэце замесьці сьляды і адвесьці падазрэньне ад праваахоўнікаў, чым раскрыць злачынства.