Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваных у забойстве Жызьнеўскага не знайшлі, бо ў пачатку сьледзтва замялі сьляды — адвакат


Яўгенія Закрэўская.
Яўгенія Закрэўская.

Генэральная пракуратура Ўкраіны больш як праз два гады пасьля падзеяў на Майдане мае дапытаць у справе пра расстрэл мірных пратэстоўцаў прэзыдэнта Пятра Парашэнку, былога прэм’ера-міністра Арсенія Яцанюка, сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандра Турчынава і старшыню Вярхоўнай Рады Андрэя Парубія.

Паводле ўкраінскіх СМІ, допыт Пятра Парашэнкі меў адбыцца 15 жніўня, але ён па ўзгадненьні са сьледчым перанёс свой візыт у пракуратуру на іншы дзень. Дата пакуль не называецца.

Адразу пасьля анонсу допыту вышэйшых асобаў цяперашняй украінскай улады актывізавалася і абарона прэзыдэнта-ўцекача Віктара Януковіча — ён пачаў патрабаваць ад сьледзтва вочнай стаўкі з цяперашнімі кіраўнікамі дзяржавы ў рэжыме відэаканфэрэнцыі.

Ці прысьпешаць гэтыя захады расьсьледаваньне масавых расстрэлаў на Майдане, Радыё Свабода запытала адваката ў справе Нябеснай сотні Яўгенію Закрэўскую.

Яўгенія Закрэўская
Яўгенія Закрэўская

Закрэўская: На дадзены момант устаноўлена падразьдзяленьне, якое страляла па большасьці загінулых і параненых 20 лютага 2014 года. Гэта была спэцрота кіеўскага «Бэркуту». Пэрсанальна ўстаноўлена, хто знаходзіўся ў гэты час на Інстытуцкай. У тых эпізодах, дзе наяўныя кулі, устаноўлена і пэрсанальная прыналежнасьць паводле экспэртыз, зь якой зброі кулі былі выпушчаныя і за кім гэтая зброя была замацаваная.

Тым, хто ня зьбег, выстаўленае абвінавачваньне, і справа слухаецца ў судзе. Астатнія абвешчаныя ў вышук. Па некалькіх эпізодах, якія не інкрымінаваліся прадстаўнікам спэцроты, працягваецца сьледзтва. Вэртыкаль кіраўнікоў спэцроты ажно да вышэйшага кіраўніцтва абвешчаная ў вышук.

— Чаму эпізоды пра забойства Міхайла Жызьнеўскага і Сяргея Нігаяна, якія загінулі раней, не расьсьледуюцца асобна?

— Эпізоды пра забойства Нігаяна, Жызьнеўскага і Сеныка, якія атрымалі раненьні 22 студзеня 2014 году расьсьледуюцца ў межах агульнай справы па Майдану, але гэтым эпізодам займаецца асобная сьледчая група. З агульнай вытворчасьці асобныя справы звычайна вылучаюцца тады, калі ўсталёўваецца падазраваны. На жаль, у справе пра забойствы 22 студзеня падазраваных пакуль няма. Расьсьледаваньне гэтага эпізоду ўскладнена тым, што ўсе першасныя сьледчыя дзеяньні — у пэрыяд, калі пратэст працягваўся аж да канца лютага 2014 года — праводзіліся хутчэй з мэтаю замесьці сьляды і адвесьці падазрэньне ад праваахоўнікаў, а не раскрыць злачынства.

Максымальнае абʼяднаньне і каардынацыя ўсіх расьсьледаваньняў падзеяў у часе пратэстаў — ад 30 лістапада да 20 лютага — гэта патрабаваньне, у першую чаргу, пацярпелых, бо гэта дазваляе лепш каардынавацца і ўзаемадзейнічаць паміж сабою сьледчым і такі падыход сябе апраўдвае.

— Наколькі істотнымі для расьсьледаваньня могуць стаць сьведчаньні Парашэнкі, Турчынава, Яцанюка? Якіх новых зьвестак чакаеце вы, як адвакат, і чаму сьледчыя не дапыталі іх раней?

Ня так проста дапытаць сьведак, якія сталі палітыкамі такога ўзроўню без зьяўленьня адразу ж палітычных маніпуляцый, нейкіх падазрэньняў і неадназначных тлумачэньняў.

— Мяркую, што іх паказаньні важныя для сьледзтва. Загадзя чакаць, а тым больш агучваць у прэсе свае чаканьні ад паказаньняў — для адваката непрафэсійна, бо гэта можа быць расцэнена як уплыў або ціск на сьведак. Сьледзтва і цяпер іх яшчэ не дапытала. Ня так проста дапытаць сьведак, якія сталі палітыкамі такога ўзроўню без зьяўленьня адразу ж палітычных маніпуляцый, нейкіх падазрэньняў і неадназначных тлумачэньняў. Частка палітыкаў дапытаная, яны дапытаныя менавіта як сьведкі, а ня ў сувязі са сваёй палітычнай дзейнасьцю. Спадзяюся, што ўсе яны (і сьледзтва таксама) разумеюць важнасьць свайго ўкладу ў пошук ісьціны ў гэтай справе і сваю адказнасьць за гэта перад будучымі пакаленьнямі.

— Ці магчыма казаць пра тое, што некаторыя ўкраінскія палітыкі, якія прымалі ўдзел у пратэсьце, спрабавалі ўзброіць удзельнікаў мірнага пратэсту, і ці магло гэта мець месца для стварэньня правакацый? Пэўны час таму ў інфармацыйнай прасторы фігуравала нават «вінтоўка Пашынскага», які ў той час быў дэпутатам парлямэнту ад «Бацькаўшчыны»...

— У мяне такіх зьвестак няма, калі грунтавацца на матэрыялах сьледзтва. Што тычыцца «вінтоўкі Пашынскага», то гэты эпізод разабраны, у прэсе было адпаведнае расьсьледаваньне. «Вінтоўка» усталяваная, правераная, зь яе не стралялі. На яе ёсьць дазвол, а прыналежнасьць да Пашынскага не ўстаноўленая. Я ўжо не кажу пра тое, што гэты эпізод меў месца 18-га, а не 20-га лютага.

— За апошнія два гады праваахоўныя органы двойчы паведамлялі пра знойдзеную ў вадаёмах Кіева зброю, з якой нібыта расстрэльвалі людзей. Падзеі ж адбываліся ўзімку і вадаёмы ў той час былі замёрзлымі. То бок былі людзі, якія нейкі час хавалі гэтую зброю як мінімум да вясны? Ці ёсьць шанцы давесьці, што менавіта гэтая зброя выкарыстоўвалася?

— Зброя, якая была ідэнтыфікаваная як тая, з якой 20 лютага 2014 года расстрэльваліся пратэстуючыя, была выяўленая адзін раз — у жніўні 2015 году. Пра гэта грамадзтва праінфармавалі адразу пасьля экспэртызы — у сьнежні 2015 года. Наступная інфармацыя — піяр. Зброя была зьнішчаная (разрэзаныя ствалы) і схаваная непасрэдна пасьля злачынства, у першыя ж дні пасьля яго. Нядаўна высунутыя падазрэньні асобам, якія паводле вэрсіі сьледзтва, дапамагалі гэта рабіць. І так, яны працяглы час знаходзіліся і цяепр знаходзяцца ва Ўкраіне.

Экспэртыза ўстанавіла нумары ствалоў, хоць і былі спробы іх выдаліць. Асобна, шляхам параўнаньня экспэрымэнтальных адстрэлаў з гэтых ствалоў у гільзатэцы і куляў, якія даставалі зь целаў параненых і загінулых, і балістычнай экспэртызай устаноўлена, што стралялі менавіта з гэтай зброі.

— Нядаўна Нацыянальная паліцыя абвясьціла пра спробу ўстанавіць яшчэ семярых сьведак, якія могуць дапамагчы раскрыцьцю масавага расстрэлу. Якія пэрспэктывы гэтай справы?

— Заканадаўства Ўкраіны не дазваляе абвяшчаць у вышук сьведак. Пра мэту і мэтазгоднасьць пошуку гэтых сьведак — я не магу меркаваць, бо гэта інфармацыя ад Нацпаліцыі, а я прадстаўляю інтарэсы пацярпелых у справах Майдану, якія вядзе Генэральная пракуратура.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG