Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Apple скароціць выпуск новых айфонаў. Прыбытак Samsung таксама падае


Упакоўкі Apple iPhoneX.
Упакоўкі Apple iPhoneX.

Амэрыканская карпарацыя Apple скароціць вытворчасьць новых айфонаў на 10 адсоткаў. Паводле дадзеных выданьня Nikkei, кампанія папрасіла пастаўшчыка выпусьціць менш смартфонаў XS Max, XS і XR.

У самой кампаніі Apple гэтую інфармацыю камэнтаваць ня сталі.

Гэта другое рэзкае скарачэньне вытворчасьці для кампаніі Apple за апошні год. У лістападзе 2018 году года кампанія абмежавала выпуск iPhone XR.

У пачатку студзеня сёлета кампанія Apple выпусьціла прагноз аб зьніжэньні прыбытку — упершыню за 16 гадоў.

Згодна з дакладам, выручка ў першым квартале скароціцца з 89-93 мільярдаў даляраў да 84 мільярдаў. У дзень публікацыі справаздачы кошт акцый карпарацыі ўпаў на 9 адсоткаў. У цэлым за тры месяцы акцыі кампаніі Apple патаньнелі на траціну.

У жніўні летась карпарацыя каштавала трыльён даляраў і лічылася самай дарагой у сьвеце. Цяпер яна знаходзіцца толькі на чацьвёртым месцы па капіталізацыі, саступіўшы лідэрства кампаніі Amazon.

Падзеньне кошту кампаніі Apple зьвязваюць з умацаваньнем даляра, а таксама з гандлёвай вайной ЗША і Кітаю, дзе знаходзіцца большая частка заводаў карпарацыі. Акрамя іншага, на фінансавыя праблемы кампаніі Apple паўплывала запаволеньне тэмпаў росту кітайскай эканомікі — гэта зьніжае попыт на прадукцыю кампаніі.

Запаволеньне эканомікі Кітаю нэгатыўна паўплывала і на галоўнага канкурэнта Apple — кампанію Samsung. За апошнія тры месяцы 2018 году яе акцыі ўпалі амаль на траціну, адзначае Nikkei. Паўднёвакарэйскі вытворца смартфонаў плянуе атрымаць прыбытку на 4,5 мільярда даляраў менш, чым меркавалася раней.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG