Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Базавая велічыня, камуналка і пэнсійны ўзрост. Што яшчэ зьменіцца зь 1 студзеня ў Беларусі


Пра зьмены, якія чакаюць беларусаў з 1 студзеня.

Павялічыцца пэнсійны ўзрост

З новага году для мужчын пэнсійны ўзрост складзе 61,5 года, а для жанчын — 56,5, паведамляе БЕЛТА.

Адпаведны дакумэнт, які прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў 11 красавіка 2016 году, прадугледжвае паэтапнае штогадовае павышэньне на 6 месяцаў агульнаўстаноўленага пэнсійнага ўзросту.

У выніку за 2017–2022 гады пэнсійны ўзрост жанчын вырасьце з 55 да 58 гадоў, а мужчын — з 60 да 63 гадоў.

Зьменяцца тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі

Камунальныя плацяжы ў разьліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажываньні паслуг за год вырастуць у межах 5 даляраў.

З 1 студзеня павялічацца расцэнкі на паслугі газа-, электра- і водазабесьпячэньня, водаадвядзеньня, капрамонту. Паднімецца ў кошце электраэнэргія.

Пасьля ацяпляльнага сэзону (з 1 чэрвеня) на 1,1 даляра павялічыцца тарыф на паслугі ацяпленьня і падагрэву вады.

Таксама, паводле пастановы ўраду, дармаеды цяпер будуць аплочваць па поўным кошце забесьпячэньне гарачай вадой, а з 1 кастрычніка — газам (пры наяўнасьці індывідуальных прыбораў) і цяплом.

Вырасьце мінімалка

Мінімальная заработная плата зь 1 студзеня павялічыцца з 305 да 330 беларускіх рублёў. Такое рашэньне зьмяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў ад 5 сьнежня 2018 году № 870.

Базавая велічыня павялічыцца на рубель

Базавая велічыня дасягне 25,5 беларускіх рублёў. Апошні раз яна мянялася з 1 студзеня 2018 году (павялічылася з 23 да 24,5 рублёў).

Базавая велічыня ўплывае на памеры некаторых дапамог, стыпэндыяў, падаткаў і збораў, штрафы, іншыя выплаты.

Павялічаны ліміт на бязмытныя пасылкі з-за мяжы

З новага году на працгу месяца без мыты можна атрымаць пасылкі агульнай вагой да 31 кг і на агульную суму да 200 эўра (раней 10 кг і 22 эўра). Адправіць за мяжу бандэроль можна вагой да 10 кг і коштам да 22 эўра.

Акрамя таго, указ № 490 дазваляе крамы duty free ў Нацыянальным аэрапорце пры ўезьдзе ў Беларусь, а таксама прадаваць бязмытныя тавары на бартах беларускіх самалётаў міжнародных ліній. Такім чынам профільныя беларускія нормы уніфікуюцца з Мытным кодэксам Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Урачам павялічаць час на прыём пацыента

На першасны прыём дарослага або дзіцяці спэцыялісту цяпер адводзіцца 20 хвілін (раней 15 хвілін). Лекарам агульнай практыкі — 18 хвілін. Правесьці прафагляд ў спэцыяльна адведзеныя ў паліклініках дні лекар можа на працягу 15 хвілін (раней 10 хвілін).

Акрамя таго, абнаўляецца парадак выдачы бальнічных з 31 студзеня. Змены закранулі як парадку выдачы лісткоў непрацаздольнасьці, так і іх афармленьня. Старыя блянкі таксама будуць сапраўдныя.

Школы будуць фінансаваць па-новаму

Фінансаваньне беларускіх школ з 1 студзеня будзе залежаць ад колькасьці вучняў. У Мінадукацыі лічаць, што дадзеная норма паставіць ўстановы адукацыі ў роўныя ўмовы. Цяпер разьлік зарплаты ідзе ад колькасьці клясаў у школе і ніяк не залежыць ад колькасьці вучняў у ёй.

Адмяняецца указ аб ілжэпрадпрымальніцтве

Указ № 488 «Аб некаторых мерах па папярэджаньні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў» з 1 студзеня адмяняецца, паведаміў намесьнік міністра фінансаў Дзьмітрый Кійко ў Палаце прадстаўнікоў.

Адначасова пачнуць дзейнічаць палажэньні, накіраваныя на спыненьне ілжэпрадпрымальніцкай дзейнасьці ў Падатковым кодэксе.

Павялічацца заробкі будаўнікоў і салдат тэрміновай службы

З 1 студзеня вырастуць заробкі будаўнікоў. Адпаведная пастанова прынятая Мінбудархітэктуры. Згодна з дакумэнтам, цана працоўнай чалавека-гадзіны павысіцца ў сярэднім на 35%, у цэлым па Беларусі заробкі спэцыяліста-будаўнікоў чацьвёртага разраду будуць складаць каля 1 369 рублёў.

Больш чым у два разы ўзрасьце грашовае забесьпячэньне салдат тэрміновай службы, згодна з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Новаўвядзеньні для беларускіх турыстаў

Пры афармленьні турыстычных шэнгенскіх візаў у Польшчу бронь гатэля або дамова арэнды жылога памяшканьня з 2 студзеня — абавязковыя.

А ў Турэччыне з 1 студзеня зьявіцца падатак на бясьпеку. Заплаціць гэты збор трэба будзе ў аэрапорце па прылёце ў Турэччыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG