- Перамовы ў Крамлі паміж кіраўніцтвам Беларусі і Расеі 25 сьнежня ня скончылі, а толькі пачалі цяжкі і доўгі торг.
- Афіцыйныя прадстаўнікі бакоў акцэнтуюць увагу на розных выніках перамоваў у Маскве.
- Створаная працоўная група будзе працаваць у рэчышчы прапановаў Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Берасьці.
- Лукашэнка ўзяў на ўзбраеньне тактыку не лабавога супраціву, а перамоўнага маратону.
- Менавіта такой тактыкі прытрымліваўся Аляксандар Лукашэнка ў 2000-х гадах, і тады яна добра працавала.
Назіральнікі ўжо зьвярнулі ўвагу, што перамовы прайшлі досыць нязвыкла. Быў парушаны звычайны альгарытм, калі спачатку сустракаюцца лідэры сам-насам, і толькі потым адбываецца сустрэча дэлегацый. Тут было наадварот.
Другая цікавая дэталь. Перамовы адбыліся не за сталом, на якім зручна пакласьці неабходныя дакумэнты. Дэлегацыі расьселіся ў крэслах радком, адна насупраць адной, нібы на полі бою ці на нейкім спартовым рынгу. Зь беларускага боку вынікі перамоваў агучыла прэс-сакратарка беларускага кіраўніка Натальля Эйсмант. Паводле яе, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін дамовіліся пра новую сустрэчу да Новага году.
Першы віцэ-прэм’ер і міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў дадаў інфармацыю, якой не было ў заяве Натальлі Эйсмант. Ён сказаў, што Расея і Беларусь створаць працоўную групу для падрыхтоўкі прапановаў па інтэграцыі і вырашэньні спрэчных пытаньняў.
Функцыя гэтай працоўнай групы, у фармулёўцы Сілуанава, вельмі адметная і цікавая. Зьвярніце ўвагу, спачатку яна рыхтуе прапановы па інтэграцыі дзьвюх краін — і толькі потым зоймецца «вырашэньнем спрэчных пытаньняў», у тым ліку, як можна зразумець, і пытаньнем кампэнсацыі за падатковы манэўр. Дык гэта ж якраз тое, што прапаноўваў Дзьмітрый Мядзьведзеў у Берасьці. То бок, грошы за падатковы манэўр будуць толькі пры ўмове, што Беларусь пагодзіцца на далейшую інтэграцыю з Расеяй на аснове дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 1999 году.
Дык што, выглядае, 25 сьнежня ў Крамлі Лукашэнка здаў Беларусь? Я б не сьпяшаўся з такой высновай. Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка ўзяў на ўзбраеньне тактыку не лабавога супраціву, а паступовага зацягваньня расейцаў у беларускае перамоўнае балота.
Зьвярніце ўвагу, ён ня кажа «Рукі прэч ад незалежнай Беларусі!» (Хоць і паўтарае час ад часу: «Сувэрэнітэт для Беларусі — гэта сьвятое!»). Ён запэўнівае: дык я ж ня супраць паглыбленьня інтэграцыі, ня супраць далей будаваць Саюзную дзяржаву, ня супраць выконваць дамову 1999 году. Пра гэта ён казаў, выступаючы перад расейскімі журналістамі. І на нарадзе 24 сьнежня напярэдадні візыту ў Маскву Лукашэнка зазначыў, што беларускія прапановы пра больш цесную інтэграцыю не былі падтрыманыя расейскім бокам.
То бок, падаецца, тактыка афіцыйнага Менску такая. Калі ўжо Масква так настойвае, то давайце пачнем перамовы пра будаўніцтва Саюзнай дзяржавы адначасова з пытаньнем пра падатковы манэўр. Перамовы пра Саюзную дзяржаву могуць ісьці гадамі, а кампэнсацыя па нафце пойдзе з 1 студзеня 2019 году. Чым скончацца перамовы пра Саюзную дзяржаву, невядома. Хутчэй за ўсё, нічым. А кампэнсацыя за падатковы манэўр будзе адбывацца рэгулярна, зноў удасца дамовіцца пра льготныя цэны за газ.
Варта нагадаць, што менавіта такой тактыкі Лукашэнка прытрымліваўся адразу пасьля падпісаньня дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы. Напрыклад, у 2000 годзе Лукашэнка падпісваў пагадненьне аб пераходзе на расейскі рубель у 2005 годзе, але калі настаў час выконваць яго, то беларускі бок заявіў, што гэта магчыма толькі пры стварэньні двух эмісійных цэнтраў (у Маскве і Менску). Зразумела, Расея такі варыянт адрынула. У выніку саюзьнікі засталіся пры сваіх валютах. А расейскія субсыдыі ўвесь гэты час Беларусь атрымлівала рэгулярна.
Можна запярэчыць, што такая прымітыўная хітрасьць Менску цяпер ня пройдзе, яна вельмі лёгка разгадваецца, крамлёўскія самі каго хочаш аб’ягораць. Можа і так, але чвэрць стагодзьдзя гэта добра працавала. Тым больш што ніякай іншай тактыкі ў беларускага боку, выглядае, няма.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.