Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістцы і ўдзельнікам акцыі з караблікамі ля амбасады РФ ў Менску прысудзілі штрафы

абноўлена

Акцыя ля амбасады Расеі ў Менску супраць расейскай агрэсіі ў Азоўскім моры. Менск, 26 лістапада 2018 году
Акцыя ля амбасады Расеі ў Менску супраць расейскай агрэсіі ў Азоўскім моры. Менск, 26 лістапада 2018 году

Суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў журналістцы газэты «Новы час» Дзіяне Серадзюк і актывістам Яўгену Батуру і Сьвятлане Каваленка штрафы па 490 рублёў (20 базавых велічыняў) кожнаму за «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» (арт. 23.34 КоАП) — акцыі з ускладаньнем караблікаў ля расейскай амбасады ў Менску, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Вёў працэс судзьдзя Іван Касьцян.

Раней абвінавачаныя атрымалі па пошце пратаколы з Цэнтральнага РАУС, з якога даведаліся, што ўдзельнічалі ў пікетаваньні без дазволу Менгарвыканкаму.

Пад пікетаваньнем маецца на ўвазе акцыя салідарнасьці з украінскімі маракамі, захопленымі ў палон Расеяй, падчас якой 26 лістапада актывісты прынесьлі да расейскай амбасады ў Менску папяровыя караблікі.

На фота: Сьвятлана Каваленка (зьлева), Яўген Батура і Дзіяна Серадзюк

Журналістка «Новага часу» Дзіяна Серадзюк асьвятляла акцыю, у выніку чаго на сайце «Новага часу» зьявіўся матэрыял пра падзею.

Яна засьведчыла на судзе, што была адзначана на акцыі журналісцкім бэйджэм, а таксама прадставіла рэдакцыйнае заданьне «Новага Часу», копію журналісцкага пасьведчаньня і фота БелаПАН, на якім бачна, як яна фатаграфуе акцыю.

«Дыяна павінна была прысутнічаць на акцыі, бо рэдакцыя яе туды накіравала. Калі нам стала вядома пра канфлікт у Керчанскай пратоцы, мы зразумелі, што людзі захочуць гэта неяк падтрымаць. Мы ўвогуле хацелі выпісаць заданьне на некалькі дзён. Але Дыяна была захварэла, таму мы яе накіравалі на адну акцыю», — прыводзіць паказаньні на судзе галоўнай рэдактаркі «Новага часу» Аксаны Колб праваабарончы цэнтар «Вясна».

Яўген Батура заявіў, што прыйшоў на акцыю разам з жонкай Дзіянай Серадзюк — дзеля яе бясьпекі.

«Цяпер такія часы, што журналістам на такіх мерапрыемствах пагражае небясьпека. Могуць і пасадзіць, і асудзіць. Што ў прынцыпе і здарылася вось цяпер», — сказаў Батура.

Сьвятлана Каваленка пацьвердзіла, што яна сапраўды пакінула тры караблікі каля расейскай амбасады. «Гэта не пікет, а акт салідарнасьці. Я не лічу, што акт салідарнасьці трэба санкцыянаваць», – заявіла яна на судзе.

Актывістка дадала, што ў матэрыялах справы адсутнічаюць фатаграфіі і відэаздымкі, «што можа сьведчыць пра нізкі ўзровень падрыхтоўкі адміністрацыйнай справы».

Дзіяна Серадзюк заявіла, што будзе абскарджваць прысуд.

Суд не пачынаўся, пакуль з залы паседжаньня не прыбралі караблікі

Падтрымаць абвінавачаных на суд над прыйшлі тры дзясяткі чалавек.

Прысутныя на працэсе кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і экс-кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька ўсталявалі на агароджу ў зале судовага паседжаньня папяровыя караблікі. Міліцыянты іх прыбралі, але людзі ўсталявалі новыя. Гэта адбывалася некалькі разоў, пакуль міліцыянты не заявілі са спасылкай на судзьдзю, што працэс не пачнецца, пакуль у залі будуць караблікі.


«Не рабіце тут цырк», — зьвярнуўся да прысутных міліцыянт. «Цырк — вось тут», — паказала яму на пратакол адна з падсудных Сьвятлана Каваленка.

​Пазьней у судзе будзе абвешчаны прысуд у дачыненьні яшчэ да двух удзельнікаў акцыі з караблікамі — Дзяніса Ўрбановіча і Сяргея Тарасенкі. Іх абвінавачваюць па ч. 3 арт. 23.34 КоАП (паўторны «удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве»).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG