Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «Укантакце» Беларусь да Расеі далучалі


Галасаваньне ў адным з паблікаў ў сацыяльнай сетцы
Галасаваньне ў адным з паблікаў ў сацыяльнай сетцы

Буйныя беларускія рэгіянальныя групы («паблікі») у сацыяльнай сетцы «Ўкантакце» пасьля заявы Жырыноўскага пра рэфэрэндум сынхронна запусьцілі галасаванку пра далучэньне Беларусі да Расеі.

Расейскі палітык Уладзімір Жырыноўскі напісаў у сваім тэлеграм-канале 17 сьнежня, што Беларусь павінна ўвайсьці ў склад Расеі, калі хоча нізкіх цэнаў на газ. На яго думку, гэта было б падтрымана большасьцю беларусаў.

На такую заяву адрэагавалі буйныя беларускія рэгіянальныя паблікі «Ўкантакце», запытаўшы ў сваіх удзельнікаў, ці падтрымалі б тыя ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі.

19% пагадзіліся з Жырыноўскім у адным з самых буйных паблікаў

На заяву Жырыноўскага адрэагавалі ў акаўнце Tut.by, падаўшы ягонае выказваньне і запытаўшы: «Ці падтрымліваеце?». З 10 тысяч удзельнікаў падтрымалі Жырыноўскага 19%, больш за 80% выказаліся супраць.

На наступны дзень, 18 сьнежня, галасаванку запусьцілі буйныя рэгіянальныя паблікі. І пытаньне паставілі ўжо інакш: «Ці падтрымалі б вы ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі?», «Хочаце далучэньня да Расеі?».

Апытанкі пра далучэньне Беларусі да Расеі зьявіліся «Ўкантакце» ў групах прынамсі васьмі гарадоў. Гэта Барысаў, Берасьце, Віцебск, Гомель, Лепель, Менск, Пружаны, Слуцак.

«Як вы ставіцеся да ўступленьня Беларусі ў склад Расеі 6-цю абласьцямі», — гэта запытаўся ў сваіх падпісчыкаў паблік «Падслухана Лепель». «За» прагаласавалі амаль 42%, супраць — 58%. Агулам выказаліся 892 чалавекі.

У групе «Это Гомель, детка», дзе 111 тысяч падпісчыкаў, запыталіся: «Куды трэба рухацца Беларусі?». 39% прагаласавалі за Эўразьвяз, 38% — за Расею, і 22% — за «свой шлях».

У пабліку «Твой Минск» за далучэньне прагаласавалі 23%, супраць — 76%, агулам галасавалі 2480 чалавек.

Самы буйны адсотак за далучэньне да Расеі карэспандэнт Свабоды заўважыў у пабліку «Твой Барысаў». Тут галасавалі 2,6 тысячы чалавек, зь іх 43% адказалі «так», 56% — «не».

Агулам колькасьць тых, хто падтрымаў прапанову Жырыноўскага, вагаецца ад 20% да 43% па ўсіх групах.

Дзе тут «рука Масквы»?

У размове са Свабодай адміны паблікаў запэўнілі, што пост ставілі без рэклямнай праплаты ад некага, а «проста ўбачылі ў іншых, у тым ліку ў СМІ».

Агулам, галасы падчас такіх галасаванак у ВК можна накручваць, бо галасаваць маюць права любыя карыстальнікі сацсеткі — ня толькі зь Беларусі.

Колькі беларусаў насамрэч гатовыя далучыцца да Расеі?

Большасьць беларусаў выказваюцца за самастойнае жыцьцё без уваходжаньня ў якія-кольвек інтэграцыйныя саюзы — пра гэта кажуць лічбы, якія падае Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў. Прычым калі ў 2010 годзе за самастойнае жыцьцё выказваліся 20%, то ў 2015-м — ужо 31%. За саюз з Расеяй у 2015 годзе выказваліся 25%, з ЭЗ — 9,7%.

«Гэты трэнд на жаданьне жыць у самастойнай краіне захоўваецца і цяпер. Больш за тое, адсотак павялічваецца. Дадзеныя дасьледаваньня за 2018 год хутка будуць апублікаваныя», — сказала Свабодзе сацыёляг Алена Арцёменка.

У дасьледаваньні, якое правёў незалежны сацыялягічны інстытут НІСЭПІ ў 2015 годзе, на пытаньне «Ці прагаласавалі б вы на рэфэрэндуме за аб’яднаньне з Расеяй?» станоўча адказалі 29% беларусаў, супраць выказаліся 52%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG