6 сьнежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у першым чытаньні прынялі зьмены да закону Рэспублікі Беларусь «Аб умацаваньні барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму».
Перад тым, як галасаваць, дэпутаты выслухалі выступ міністра ўнутраных спраў Беларусі Ігара Шуневіча.
Паводле Шуневіча, Эўропа зьяўляецца «крыніцай нацызму і неанацызму, таму што скрыўленьне вынікаў Вялікай Айчыннай вайны ідзе менавіта адтуль».
Чаму спатрэбіліся зьмены?
Міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч сказаў, што за апошнія 3 гады колькасьць зафіксаваных фактаў публічнай бравады нацысцкай сымболікай у Беларусі ўзрасла ў 15 разоў. У 2016 годзе 181 чалавек быў абвінавачаны ў «праяўленьні выпадкаў нэанацызму», у 2017-м 121 кіраўнік і актыўны ўдзельнік таксама былі абвінавачаныя ў праяўленьні нацызму.
Факты экстрэмізму за апошнія 3 гады ўзрасьлі ў 31 раз.
Шуневіч заявіў, што цяпер у Беларусі налічваецца больш за 3 тысячы «актыўных прыхільнікаў нацызму і нэанацызму».
Паводле Шуневіча, сацыяльны партрэт гэтых прыхільнікаў выглядае так: мужчына ва ўзросьце да 40 гадоў, пераважна нежанаты, агрэсіўны, бальшыня вырасла ў няпоўных сем’ях, а таксама значная частка нэанацыстаў — гэта былыя фанаты розных футбольных клюбаў.
Якія зьмены ўносяцца ў закон?
- Уводзіцца крымінальная адказнасьць за «рэабілітацыю нацызму». Тэрмін зьняволеньня за гэта прадугледжваецца да 5 гадоў.
- Уводзіцца адміністрацыйная адказнасьць ня толькі за дэманстрацыю нацысцкай атрыбутыкі, але і за дэманстрацыю экстрэмісцкіх і тэрарыстычных сымбаляў.
- Штраф павялічваецца ў 2 разы (з 10 да 20 базавых велічынь) за паўторнае цягам 1 году правапарушэньне.
- Пашыраецца паняцьце «нацысцкіх сымбаляў», уключаецца, у прыватнасьці, сымбалі СС, гестапа, і некаторыя іншыя. Пералік сымбаляў з нацысцкай, экстрэмісцкай і тэрарыстычнай сымболікай будзе выкладзены ў інтэрнэце.
- Будзе дадзенае азначэньне тэрмінаў «нацызм», «рэабілітацыя нацызму» і «нацысцкая сымболіка і атрыбутыка».
Пасьля галасаваньня міністар унутраных спраў адказаў на некалькі пытаньняў журналістаў, у прыватнасьці, ці варта распаўсюдзіць тое ж самае заканадаўства і на камуністычную сымболіку. Міністар Шуневіч сказаў: «Я так не лічу».
Пра што гаворка?
У праўках далі азначэньні паняцьцям «нацызм», «нацысцкая сымболіка і атрыбутыка», «рэабілітацыя нацызму».
Нацызм — таталітарная ідэалёгія і практыка яе ўжываньня гітлераўскай Нямеччынай і яе саюзьнікамі з 1933-га па 1945 год, зьвязаная з таталітарнымі тэрарыстычнымі мэтадамі ўлады, афіцыйнай градацыяй усіх нацый паводле ступені паўнавартаснасьці, перавагі адных нацый над іншымі, што суправаджаліся злачынствамі супраць міру і бясьпекі чалавецтва і ваеннымі злачынствамі, паводле прысуду Міжнароднага ваеннага трыбуналу.
Нацысцкая сымболіка і атрыбутыка — сьцягі, гімны ды іншыя музычныя творы, атрыбуты і ўніформа, свастыкі, эмблемы, сымбалі, вымпелы, значкі ды іншыя знакі адрозьненьня і іх копіі, якія выкарыстоўвалі Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя Нямеччыны, Нацыянальная фашысцкая партыя Італіі ды іншыя структуры, прызнаныя трыбуналамі злачыннымі ці вінаватымі.
Да нацысцкай таксама залічваецца сымболіка калябаранцкіх арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі СССР у часы Другой усясьветнай вайны, а таксама выявы асобаў, прызнаныя трыбуналамі вінаватымі.
Рэабілітацыя нацызму — публічныя дзеяньні ці выкарыстаньне ў СМІ і інтэрнэце ды іншых інфармацыйных сетках, якія:
- Апраўдваюць ідэалёгію і практыку нацызму, прызнаюць іх правільнымі, неабходнымі ў падтрымцы і перайманьні, а таксама распаўсюджваюць ідэалёгію нацызму.
- Ухваляюць ці адмаўляюць злачынствы, прызнаныя Міжнародным ваенным трыбуналам.
- Праслаўляюць ці апраўдваюць асобаў і арганізацыі, прызнаныя вінаватымі ці злачыннымі прысудам Міжнароднага ваеннага трыбуналу, у тым ліку калябаранцкія арганізацыі і іх удзельнікаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі СССР у часы Другой усясьветнай вайны.
Турма — за рэабілітацыю нацызму
Папраўкі прадугледжваюць дапаўненьні ў арт. 130 КК Беларусі. У назву артыкулу «Распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці» прапануюць дадаць фармулёўку «рэабілітацыя нацызму».
Такім чынам, да 5 гадоў турмы будзе пагражаць за «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай рэлігійнай варожасьці».
Як будуць караць за нацысцкую і экстрэмісцкую сымболіку?
У арт. 17.10 КаАП разам з «прапагандай, публічнай дэманстрацыяй, вырабам і распаўсюдам нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі» прапануюць увесьці адказнасьць за тыя ж дзеяньні з сымболікай «экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый».
Таксама прадугледжана пакараньне за захаваньне ці набыцьцё з мэтай распаўсюджаньня такой сымболікі.
Пакараньне прапануюць пакінуць ранейшым:
- для фізычных асобаў — штраф да 10 базавых велічыняў ці арышт;
- для прадпрымальнікаў — штраф да 50 б.в.;
- для юрыдычных асобаў — штраф да 200 б.в.
Хочуць увесьці адказнасьць за паўторнае правапарушэньне на працягу аднаго году пасьля адміністрацыйнага выраку. Для фізычных асобаў штраф павялічаць да 20 базавых.
Узмацніць адказнасьць прапаноўваў МУС
У 2016 годзе Міністэрства ўнутраных спраў падрыхтавала законапраект, які мусіў узмацніць адказнасьць за публічную дэманстрацыю нацысцкай сымболікі, пісаў Tut.by. Меркавалася, што пры падтрымцы зацікаўленых ведамстваў дакумэнт перададуць на разгляд Палаты прадстаўнікоў да канца 2016 году.
У праекце закону МУС была прапісана адказнасьць за выраб і публічную дэманстрацыю тату з выявай нацысцкай сымболікі і вітальныя рухі нацыянал-сацыялістаў.