Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родныя расстралянага ў справе «чорных рыэлтараў» атрымалі пасылку зь ягонымі рэчамі зь няіснага адрасу


Сям’я пакаранага ў справе «чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова атрымала пасылку, у якой знаходзіліся яго асабістыя рэчы.

Адпраўленьне падпісанае невядомым чалавекам, а адрас адпраўленьня выклікае пытаньні, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Да маці Ігара Гершанкова поштай прыйшлі сынавы рэчы. «У пасылцы былі куртка, штаны, красоўкі, сланцы і станок для галеньня, якімі Гершанкоў карыстаўся ў СІЗА, а таксама здымкі ягоных дзяцей», — расказаў праваабаронца Андрэй Палуда парталу Tut.by.

Адпраўленьне падпісанае невядомым сям’і чалавекам — нейкім «Сідарэнкам Антонам Адамавічам».

У радку адрасу пазначаныя горад Глуск і вуліца Кірава (Магілёўская вобласьць), з канкрэтнай вуліцай і домам. Але дома з такім нумарам і кватэрай не існуе, на гэтай вуліцы наогул няма кватэр з нумарам 102, падказалі Tut.by у даведцы. Пры гэтым пячаткі на пасылцы — з гарадзкога пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці.

Праваабаронцы «Вясны» паспрабавалі разабрацца: праз спэцыяльныя кодавыя пазнакі на скрынцы ўдакладніць на сайце «Белпошты» шлях паштовага адпраўленьня. Высьветлілася, што папраўдзе яно было адпраўлена 29 лістапада з аддзяленьня ў пасёлку Акцябрскі.

Паводле онлайн-мапаў, паміж Глускам і Акцябрскім (Рудобелкай) прыкладна 40 км. Маці Гершанкова ў разгубленасьці і ня ведае, як разумець дзіўныя адрасы на пасылцы. Яна зьбіраецца ехаць шукаць сына пад пазначаным адрасам.

28 лістапада пасьля атрыманай інфармацыі пра расстрэл Сямёна Беражнога, калі маці Гершанкова хацела трапіць на прыём да начальніка СІЗА № 1 на Валадарскага, каб даведацца пра лёс сына, ёй паведамілі: «Ігар Гершанкоў выбыў зь СІЗА з рэчамі». Больш інфармацыі ён не далі, сказалі па ўсіх пытаньнях зьвяртацца ў Вярхоўны суд, адкуль яе накіравалі ў Магілёўскі абласны суд. Там жанчына атрымала пацьвержданьне, што «прысуд прыведзены ў выкананьне».

За што асудзілі Гершанкова?

Паводле сьледзтва, чацьвёра «чорных рыэлтараў» з Магілёва цягам шасьці гадоў пераконвалі ўласьнікаў кватэр прадаваць сваё жытло, а пасьля забівалі іх. На вясковых могілках было адшукана шэсьць пахаваньняў і тры яміны, падрыхтаваныя для будучых ахвяраў. Імі станавіліся людзі, якія злоўжывалі алькаголем і мелі цяжкае матэрыяльнае становішча.

Магілёўскі абласны суд 21 ліпеня 2017 году асудзіў Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на сьмяротнае пакараньне, прызнаўшы іх вінаватымі:

  • у забойстве 6 чалавек;
  • у падрыхтоўцы забойства яшчэ траіх;
  • у шэрагу іншых злачынстваў (махлярства, вымаганьне, разбой, захоўваньне наркатычных рэчываў).

Фігурантамі гэтак званай справы «чорных рыэлтараў» былі таксама:

  • жонка Гершанкова Тацяна — яе асудзілі на 24 гады калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці;
  • жыхар Магілёва Барыс Калесьнікаў — атрымаў 22 гады.

Усе чацьвёра абскарджвалі вырак у Вярхоўным судзе, але той пакінуў яго ў сіле.

Сёлета Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальныя звароты Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога і накіраваў Беларусі запыт аб прыняцьці часовых мераў да вынясеньня Камітэтам канчатковага рашэньня. Праваабаронцы спадзяваліся, што ўлады Беларусі прыпыняць выкананьне сьмяротнага пакараньня да разгляду звароту.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
  • Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
  • Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG