Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Грузіі апазыцыя прайграла выбары. Хто такая Саламэ Зурабішвілі?


Саламэ Зурабішвілі
Саламэ Зурабішвілі

Саламэ Зурабішвілі, якую падтрымлівае кіруючая партыя «Грузінская мара», значна апярэджвае свайго суперніка ад апазыцыйнага аб’яднаньня «Сіла ў адзінстве» Грыгола Вашадзэ па выніках другога туру прэзыдэнцкіх выбараў.

Паводле папярэдніх зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі, пасьля падліку амаль ста адсоткаў бюлетэняў, у Саламэ Зурабішвілі амаль 60% галасоў, тады як апазыцыйнаму кандыдату Грыголу Вашадзэ выказалі падтрымку каля 40% выбаршчыкаў. Ужо абвешчана, што інаўгурацыя новага прэзыдэнта краіны адбудзецца 16 сьнежня.

Гэтак відавочная перавага кандыдата ад «партыі ўлады» стала нечаканай. Пасьля першага туру галасаваньня 28 кастрычніка, калі Зурабішвілі толькі ненашмат апярэдзіла Вашадзэ (38,6% супраць 37,8% галасоў), усе апытаньні грамадзкай думкі пацьвярджалі: канкурэнты працягваюць ісьці амаль упоравень.

Яўка ў другім туры была істотна вышэйшай, чым у першым: сваю ролю адыграў адміністрацыйны рэсурс, актыўная ўцягнутасьць ўраду і мясцовых органаў улады, агрэсіўная прапаганда «супраць вяртаньня злачыннага рэжыму Саакашвілі», а таксама, шчодрыя абяцаньні старшыні «Грузінскай мары» Бідзіны Іванішвілі сьпісаць усю банкаўскую запазычанасьць малазабясьпечаным пластам насельніцтва.

Грыгол Вашадзэ, па сутнасці, прызнаў паразу адразу пасьля таго, як былі агучаныя вынікі экзыт-полаў. Апазыцыйны кандыдат ня стаў віншаваць пераможцу выбараў. А нефармальны лідэр апазыцыйнага аб’яднаньня, экс-прэзыдэнт краіны Міхаіл Саакашвілі, які жыве ў Нідэрляндах, на тэлеканале «Руставі-2» абвінаваціў улады ў «татальнай фальсыфікацыі». Ён таксама заклікаў грамадзян краіны да «агульнанацыянальным непадпарадкаваньня для вызваленьня краіны ад непісьменнага, прымітыўнага, прагнага расейскага алігарха Іванішвілі».

Міжнародныя назіральнікі пакуль не апублікавалі папярэдніх высноваў пра адпаведнасьць выбараў грузінскаму заканадаўству і міжнародным нормам. Памочнік дзейнага прэзыдэнта Грузіі Пікрыя Чыхрадзе, адзначыўшы ў гутарцы са Свабодай «канкурэнтнасьць» выбараў, усё ж заўважыла, што варта дачакацца ацэнкі міжнародных місій, паколькі «ўвесь дзень паступалі зьвесткі аб парушэньнях».

Саламэ Зурабішвілі нарадзілася ў Францыі ў сям’і грузінскіх палітычных эмігрантаў і каля 30 гадоў працавала дыпляматам у францускім МЗС. У Грузію яна прыехала ў 2003 годзе: спачатку амбасадарам Францыі ў Тбілісі, а ў сакавіку 2004 году яна стала міністрам замежных спраў Грузіі ва ўрадзе Саакашвілі. Тады яна атрымала грузінскае грамадзянства, захаваўшы францускі пашпарт. У 2013 годзе гэта каштавала ёй удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах: ЦВК адмовіла ёй у рэгістрацыі з прычыны падвойнага грамадзянства. Гэтым разам Зурабішвілі адмовілася ад францускага грамадзянства да рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.

У кастрычніку 2005-га Зурабішвілі была адхіленая ад пасады міністра і перайшла ў апазыцыю Саакашвілі. У гэты раз фармальна ішла на выбары як незалежны кандыдат. Аднак яе, як і на парлямэнцкіх выбарах 2015 году, падтрымлівала кіруючая партыя «Грузінская мара».

Гэтае супрацоўніцтва прывяло да таго, што апазыцыя абвінаваціла ўлады ў спробе масавага подкупу выбаршчыкаў. За некалькі дзён да галасаваньня прэм’ер Мамука Бахтадзе паабяцаў, што да новага года будуць дараваныя да 600 тысяч пратэрмінаваных даўгоў жыхароў Грузіі на суму да двух тысяч лары. Палітычны аглядальнік Ягор Куропцеў лічыць, што менавіта гэта абяцаньне прынесла Зурабішвілі каля 600 тысяч галасоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG