Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У пошуках найважнейшых праблем


Хутка мэдыйная хваля сыдзе, і размовы пра закон аб папярэджаньні хатняга гвалту зноўку вернуцца ў адносна вузкія актывісцкія колы. Але пакуль тэма на слыху, зноў і зноў узьнікаюць старыя матывы: розныя людзі спрабуюць выбудаваць герархію праблем у дзяржаве і вызначыць пасьлядоўнасьць іх вырашэньня.

Вось Валер Карбалевіч піша, што змагацца зь сямейным гвалтам у Беларусі — «неяк саманадзейна» і празрыста намякае, што пачынаць трэба «зь іншага канца».

Ён адсылае нас да яскравых прыкладаў таго, як на высокім дзяржаўным узроўні ў Беларусі нармалізуецца і культывуецца гвалт, і спрачацца з гэтымі фактамі было б даволі дзіўна. Але чаму і тут вымалёўваецца выснова, нібыта хатні гвалт — гэта такая праблема, якой варта заняцца потым, а пачынаць нібыта трэба зусім з іншага?

Мы жывем ня ў коміксе, дзе ёсьць толькі адзін герой, які можа прымаць рашэньні і ўплываць на навакольную рэчаіснасьць. Нас шмат, і нам як грамадзтву не трэба ўздымаць праблемы строга пасьлядоўна і «толькі адну за раз». Розныя структуры займаюцца рознымі пытаньнямі, і гэта нармальна.

Зьмена палітычнага рэжыму як такога ня будзе значыць аўтаматычнае паляпшэньне сытуацыі з хатнім гвалтам у Беларусі. Узмацняць фундамэнт будынку — гэта добрая ідэя, але калі ў яго працякае дах і выбіты вокны, узмоцнены фундамэнт не дапаможа захаваць усё тое, што знаходзіцца ў самім будынку.

Хтосьці змагаецца з карупцыяй у мэдыцыне, хтосьці дабіваецца зьмякчэньня пакараньняў па так званых наркатычных справах, камусьці важна зрабіць больш гуманнай сыстэму дапамогі ў родах у Беларусі, а камусьці трэба, каб беларуская мова была адзінай дзяржаўнай. Гэтая вечная спрэчка аб тым, якія зьмены важнейшыя, на самой справе ня мае аніякай канструктыўнай мэты. У яе толькі адзін эфэкт — яна абясцэньвае чужую працу.

Але тыя, хто сёньня пакутуе ад хатніх баксёраў, ня могуць і не павінны чакаць, пакуль у Беларусі зьменіцца палітычны рэжым у цэлым ці пакуль хтосьці вырашыць спачатку «больш важныя праблемы». Ім трэба выжываць ужо зараз, і таму законапраект мусіць быць як можна хутчэй распрацаваны, вывераны і прыняты.

Страшна, што міліцэйскія і іншыя структуры ня будуць прафэсійна сябе паводзіць і выконваць закон такім чынам, як задумваецца зараз? Дык трэба працаваць і са структурамі. Але гэта трэба рабіць паралельна! Мы ня можам сказаць «хай спачатку чынавецтва навучыцца гуманнасьці і эмпатыі, мы праз два гады зладзім праверку іх навыкаў, а там ужо і пра закон будзем думаць».

Паміж «гвалтам у дзяржаве» і «гвалтам у сям’і» няма наўпроставай прычынна-выніковай сувязі — гэта цесна пераплеценыя праблемы, і вырашэньне адной так ці інакш будзе ўплываць на вырашэньне іншай. А калі паспрабаваць усё ж зрабіць герархію праблем, дык да чаго мы прыйдзем? Да таго, што патрэбны мір ва ўсім сьвеце, і пакуль яго няма, дык спрабаваць вырашыць любыя іншыя праблемы — гэта праява саманадзейнасьці?

Баюся, так мы ні да чаго не дамовімся і ніколі нічога не даб’емся. І хатніх баксёраў так меней ня стане.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG