Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста пакаралі штрафам за ўстаноўку крыжоў у Курапатах


13 крыжоў, зьнесьці якія патрабуе «Менскаблдарбуд»
13 крыжоў, зьнесьці якія патрабуе «Менскаблдарбуд»

Актывіст Валер Рабцаў атрымаў пастанову аб накладаньні на яго штрафу за ўстаноўку крыжоў ва ўрочышчы Курапаты, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Адміністрацыйная камісія пры Менскім райвыканкаме прызнала Валера Рабцава вінаватым паводле артыкулу 19.3 КаАП (Парушэньне парадку і (або) умоваў выкананьня работ на гісторыка-культурных каштоўнасьцях) і пакарала штрафам у памеры 367,5 рублёў. На паседжаньні камісіі актывіст не прысутнічаў.

Падставай стала тое, што 19 кастрычніка Рабцаў усталяваў у Курапатах крыжы без папярэдняга ўзгадненьня зь Міністэрствам культуры і мясцовым выканаўчым органам.

Гэта ня першая рэакцыя ўладаў на добраахвотна ўсталяваныя актывістамі крыжы на месцы масавага пахаваньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Напрыканцы кастрычніка КУП «Менскаблдарбуд» накіраваў Валеру Рабцаву, Сяргею Чайко, Зьмітру Дашкевічу, Ягору Лаўрухіну і Сяргею Масюку прэтэнзіі з патрабаваньнем да 31 кастрычніка дэмантаваць 13 крыжоў. За невыкананьне патрабаваньняў «Менскаблдарбуд» пагражаў, што дэмантуе крыжы самастойна і выставіць актывістам вялікі рахунак. Але пакуль што сваё абяцаньне ня выканаў.

Таксама актывістаў аштрафавалі паводле арт. 18.35 КаАП (Пашкоджаньне або забруджваньне аўтамабільнай дарогі ці іншага дарожнага збудаваньня) за тое, што яны не ўзгаднілі ўсталяваньне 13 крыжоў уздоўж аўтадарогі «Заслаўе — Калодзішчы», на 15-м яе кілямэтры. Гэта той кавалак дарогі, які мяжуе з урочышчам Курапаты на поўначы.

Валер Рабцаў ужо абскардзіў пастанову паводле арт. 18.35 КаАП і накіраваў адказ на прэтэнзію ад «Менскаблдарбуду» (цяпер чакае адказы), а таксама плянуе абскардзіць і новы штраф.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG