Швайцарыя можа адкрыць у Беларусі паўнавартасную амбасаду. Гэтае пытаньне старшыня Палаты прадстаўнікоў Беларусі Ўладзімер Андрэйчанка абмеркаваў з сустаршынёй рабочай групы дружбы Швайцарыя — Беларусь у парлямэнце Швайцарыі Маргарэт Кінэр Нэлен.
Ён нагадаў, што ў Беларусі ўжо шмат гадоў працуе аддзяленьне амбасады Швайцарыі, але, на думку Андрэйчанкі, надышоў час адкрыць паўнавартаснае дыппрадстаўніцтва. Гэта асабліва актуальна ў сувязі з тым, што таваразварот паміж краінамі расьце. Так, летась ён павялічыўся на 20%, а за першыя 8 месяцаў 2018-га — яшчэ на 20%.
Швайцарыя сёлета інвэставала ў беларускую эканоміку 50 мільёнаў даляраў, зь іх 30 мільёнаў — на чыстай аснове. Таму краіна ўваходзіць у першую дзясятку дзяржаў, зь якіх у Беларусь паступаюць замежныя інвэстыцыі.
Пра досьвед у гэтым кірунку супольнага беларуска-швайцарскага прадпрыемства Stadler сёньня ягоны кіраўнік Філіп Брунэр раскажа на парлямэнцкіх слуханьнях у Палаце прадстаўнікоў аб паляпшэньні інвэстыцыйнага клімату. А старшыня Нацбанку Павал Калавур у першай дэкадзе сьнежня наведае Швайцарыю, дзе сустрэнецца з кіраўнікамі шэрагу мясцовых банкаў.
Маргарэт Кінэр Нэлен стала сустаршынёй беларуска-швайцарскай групы з моманту яе ўтварэньня ў сьнежні 2017 году. Але ў Менск яна прыбыла ў двайным статусе. У ліпені 2018-га яе выбралі кіраўніцай агульнага камітэту дэмакратыі, правоў чалавека і гуманітарных пытаньняў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
Пасьля гэтага швайцарская дэпутатка, як яна сказала, пачала вывучаць расейскую мову. Яна для спадарыні Нэлен стане пятай пасьля нямецкай, італьянскай, ангельскай і францускай. Уладзімер Андрэйчанка параіў ёй вучыць і беларускую — маўляў, будзе прыемна пачуць з вуснаў швайцарскай дэпутаткі ня толькі «доброе утро», але і «добрай раніцы».