Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне разьлічваюць на аднаўленьне вайсковай дапамогі ЗША і працягваюць для гэтага штодзённыя кантакты


Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль. Архіўнае фота
Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль. Архіўнае фота

«Мы разьлічваем на дапамогу ЗША», — сказаў украінскі прэм'ер Дзяніс Шмыгаль.

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што ўкраінскія прадпрыемствы вырабляюць каля траціны неабходнай для фронту зброі.

«Цяпер мы вырабляем прыблізна траціну неабходнай нам зброі. Наша мэта — ня меней за 50%. Мы трансфармавалі Украбаронпрам. Сёньня ён уваходзіць у ТОП-50 найбольш моцных абаронных кампаній сьвету. Украінская абаронная індустрыя інтэгруецца з усясьветнай», — заявіў Дзяніс Шмыгаль на прэсавай канфэрэнцыі 4 сакавіка.

Паводле яго, Украіна разьвівае «дацкую мадэль», калі партнэры аплочваюць вырабленую ва Ўкраіне зброю для ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Паводле гэтай мадэлі ў 2024 годзе мы прыцягнулі амаль мільярд даляраў. Данія — 351 мільён, ЭЗ — 436, Вялікая Брытанія — 67 і Нарвэгія — 45 мільёнаў», — дадаў ён.

Камэнтуючы інфармацыю аб спыненьні ЗША вайсковай дапамогі, украінскі прэм’ер заявіў, што ўкраінскі бок мае намер прадоўжыць кантакты з амэрыканскім бокам аб аднаўленьні дапамогі. «Мы разьлічваем на дапамогу ЗША», — сказаў Дзяніс Шмыгаль.

Паводле яго, цяпер адбываюцца штодзённыя кантакты і з Кангрэсам, і з адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША, каб «падтрымка прадоўжылася да дасягненьня мірных дамоў, але на ўмовах Украіны».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прыпыніў усю вайсковую дапамогу Ўкраіне пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у Белым доме на мінулым тыдні. Ад гэтым паведамілі шэраг амэрыканскіх СМІ з спасылкай на прадстаўніка Белага дома.

У Расеі прывіталі гэтую ініцыятыву Дональда Трампа. «Калі ЗША спыняць або прыпыняць пастаўкі ўзбраеньня ва Ўкраіну, гэта будзе найлепшым унёскам у справу міру», — заявіў Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG