Міністэрства замежных спраў Армэніі лічыць «некарэктнай» заяву прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на адрас Армэніі і той факт, што кіраўнік дзяржавы-чальца Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) расказаў падрабязнасьці закрытага абмеркаваньня на саміце гэтай арганізацыі паслу Азэрбайджану — дзяржавы, якая не ўваходзіць у АДКБ.
12 лістапада, прымаючы пасла Азэрбайджану ў Беларусі Лаціфа Гандзілава, Лукашэнка паведаміў, што на пасаду генэральнага сакратара АДКБ Менск мае тры кандыдатуры, а таксама заявіў: «Нікол Пашыньян павінен ва ўрадзе проста разабрацца з сытуацыяй. Армэнія ўзначальвае ЭАЭС і АДКБ, вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая знаходзіцца на пераходным пэрыядзе. Ці справіцца Армэнія?»
Прэс-сакратар МЗС Армэніі Анна Нагдалян сёньня пракамэнтавала гутарку прэзыдэнта Беларусі з паслом Азэрбайджану, які знаходзіцца фактычна ў стане вайны з Армэніяй.
«Армэнія разглядае АДКБ як пляцоўку для абмеркаваньня праблем калектыўнай бясьпекі з удзелам шасьці дзяржаў-чальцоў. Вядома ж, гэтая сытуацыя паказвае, што ў межах АДКБ ўсё яшчэ існуе неабходнасьць у абмеркаваньні такіх варыянтаў. Гэта паказвае, што ўнутры АДКБ ёсць праблемы, якія павінны быць вырашаны. І што тычыцца гэтай сытуацыі (калі з паслом краіны, якая не зьяўляецца сябрам арганізацыі, абмяркоўваюцца ўнутраныя праблемы гэтай арганізацыі — РС), то павінна адзначыць, што гэта, урэшце, некарэктна», — заявіла Нагдалян.
«Армэнія старшынявала ў АДКБ у 2015-2016 гадах. Гэта лічыцца адным з найбольш пасьпяховых старшынстваў Армэніі ў міжнародных структурах. Гэта можна лічыць найлепшым адказам любым абмеркаваньням з нагоды старшынства Армэніі», — дадала прадстаўніца МЗС Армэніі.
Як нагадвае армянская служба Радыё Свабода, Беларусь, якая знаходзіцца ў адным вайскова-палітычным блоку з Армэніяй, сёлета прадала Азэрбайджану рэактыўныя сыстэмы залпавага агню «Палянэз», далёкасьць якіх складае 300 кілямэтраў.