Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва запатрабуе гарантыяў, што БелАЭС ня будзе пагрозай дзяржаве


Беларуская АЭС, архіўнае фота
Беларуская АЭС, архіўнае фота

Літва абавязана гарантаваць для сябе бясьпеку Беларускай АЭС у Астраўцы яшчэ да ўводу яе ў эксплюатацыю, заявіў намесьнік міністра замежных спраў Літвы Альбінас Зананавічус 7 лістапада на Віленскім энэргетычным форуме, паведамляе БелаПАН.

Паводле Зананавічуса, асьцярогі Літвы наконт будаўніцтва непадалёк ад Вільні БелАЭС былі абгрунтаванымі і цяпер трэба забясьпечыць, каб да ўводу АЭС у эксплюатацыю ўсе недахопы былі ліквідаваныя, дакладвае партал Delfi.

«У выпадку зь БелАЭС мы павінны быць больш як на 100 % упэўненыя, што усё зроблена, што гэтая станцыя ня будзе пагрозай для Літвы, якой яна ёсьць сёньня.

У гэтай галіне таксама ёсьць пэўныя дасягненьні — праведзеныя Эўразьвязам стрэс-тэсты, якія, у прыватнасьці, паказалі, што пазыцыя, якую увесь час агучвала Літва, была правільнай — праблемы ёсьць. Таму цяпер нам трэба згуртавацца і патрабаваць, каб усе недахопы былі ліквідаваныя да ўводу АЭС у эксплюатацыю», — сказаў віцэ-міністар.

Беларуская АЭС будуецца пад Астраўцом (Горадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд даляраў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 году.​

Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энергаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.

Літва ня раз ставіла пад сумнеў выбар для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі, якая ўсяго за 50 кілямэтраў ад Вільні. Краіна ня верыць у надзейнасьць стрэс-тэстаў станцыі, пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.

Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюццавыкарыстаць яго на іншай АЭС), новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз. У той жа час беларускія чыноўнікі настойліва патрабавалі ад Літвы тлумачэньняў па афіцыйных зьвестках аб здарэньнях на закрыцьці Ігналінскай АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG