Пра гэта 31-га кастрычніка заявіў старшыня Верхняй палаты (сэнату) Казахстану Касым-Жамарт Такаеў.
Ён ачольвае парлямэнцкую дэлегацыю, якая прыляцела ў Беларусь для сустрэчы са сваімі беларускімі калегамі. Падчас размовы са старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам ён сказаў, што летась Беларусь і Казахстан нагандлявалі паміж сабой на 650 мільёнаў даляраў. Цяпер стаіць задача падняць гэтую лічбу да 1 мільярду.
«Але мы не задаволеныя балянсам экспарту (цяпер кошт тавараў, якія экспартуюцца ў Казастан зь Беларусі, складае больш за 70% агульнага экспарту дзьвюх краін). Так, у Казахстане ёсьць вялікі попыт на беларускую малочную прадукцыю, мэблю, тавары лёгкай прамысловасьці. Але перакос у экспарце нам трэба ліквідаваць,» — падкрэсьліў Такаеў.
Раней амбасадар Казахстану ў Беларусі Эрмухамэт Эртызбаеў, адказваючы на пытаньне Свабоды,казаў, што ягоная краіна магла б ліквідаваць перакос, найперш праз продаж у Беларусь нафты. Але, паводле дыплямата, гэтаму перашкаджае адсутнасьць адзінай мяжы Казахстана зь Беларусьсю і неабходнасьць пастаўляць сырую нафту транзытам праз Расею.
У Казахстане адна афіцыйная мова
Афіцыйнай мовай Казахстану зьяўялецца казаская. Расейскай мове нададзены статус мовы міжнацыянальных зносін.
Прэзыдэнт Казахстану выбіраецца на 5 гадоў, але ня больш за 2 разы запар. Гэтае абмежаваньне не распаўсюджваецца на першага прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, які нязьменна кіруе краінай з 1990 году.