«Прававая ініцыятыва» падрыхтавала інавацыйны інструмэнт для бясьпечных перамяшчэньняў беларусаў на эміграцыі — інтэрактыўную мапу «Навігатар бясьпечных перамяшчэньняў», якая дапаможа пазьбегнуць пагрозаў затрыманьня і экстрадыцыі пры паездках і пераезьдзе ў іншыя краіны.
Мапа ахоплівае 193 краіны-члены ААН і 8 часткова прызнаных тэрыторый, падаючы дэталёвы аналіз фактараў, якія ўплываюць на бясьпеку беларусаў за мяжой.
Мапа дазваляе даведацца, сярод іншага:
- Стаўленьне ўладаў краіны да рэжыму Лукашэнкі і дэмакратычных сіл,
- Якія базы дадзеных выкарыстоўваюцца і як гэта ўплывае на бясьпеку,
- Дамовы аб экстрадыцыі і іх рызыкі,
- Выпадкі затрыманьня ці экстрадыцыі беларусаў,
- Якая агульная сытуацыя з правамі чалавека ў краіне.
Краіны абазначаныя трыма ўзроўнямі рызыкі: «Бясьпечна— нізкая рызыка экстрадыцыі», «Пэўныя рызыкі — магчымыя складанасьці, але рызыка ўмераная», «Высокая рызыка — імавернасьць затрыманьня або экстрадыцыі высокая».
Уся зьмешчаная на мапе інфармацыя актуальная на канец студзеня 2025 году.
Мапа грунтуецца на экспэртных ацэнках юрыстаў і носіць рэкамэндацыйны характар. Канчатковае рашэньне аб паездцы залежыць ад індывідуальных абставін (статусу, крымінальных спраў, вышуковых баз і інш.).
Форум