Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камяні, цэгла, мазаіка. Тры пытаньні да гісторыка Чарняўскага ў сувязі з рэстаўрацыяй Крэўскага замка


Княская вежа і пачатак паўночна-заходняй сьцяны
Княская вежа і пачатак паўночна-заходняй сьцяны

Працягваюцца аднаўленчыя працы на руінах Крэўскага замка XIV стагодзьдзя. Сёлета на ўратаваньне аднаго з самых вядомых гістарычных помнікаў на тэрыторыі Беларусі выдзелена амаль паўмільёна даляраў з прэзыдэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва.

Ігар Чарняўскі
Ігар Чарняўскі

Наколькі адпавядае рэстаўрацыя міжнародным стандартам, Свабода папрасіла ацаніць Ігара Чарняўскага — археоляга, гісторыка, да нядаўняга часу — начальніка ўпраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры.

Адмысловец шмат часу правёў у Крэве як археоляг, разам з Алегам Трусавым і Алегам Дзярновічам быў суаўтарам навуковай працы «Лёс Крэва».

Вежа пад дахам з боку дзядзінца
Вежа пад дахам з боку дзядзінца

Пасьля кансэрвацыі Княскай вежы будаўнікі ўзяліся за паўночна-заходнюю сьцяну. Яна мае амаль 100 мэтраў даўжыні і на асобных участках сягае да 10 мэтраў увышкі. Гэтая частка захавалася лепш за іншыя, якія моцна пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў у часе Першай сусьветнай вайны. У старажытныя муры вярнулі аўтэнтычныя камяні, «вышчарбленыя» фрагмэнты закладаюцца чырвонай цэглай. Як і ў выпадку зь вежай, сьцяну мяркуецца накрыць дахам.

1. Камяні падазрона аднаго памеру, хоць у аўтэнтычных фрагмэнтах трапляюцца гіганцкія валуны

У працэсе аднаўленьня будаўнікі намагаюцца выкарыстоўваць камяні прыблізна аднаго памеру, вялікія валуны сьвядома пакідаюцца ў запас. Праз гэта складаецца ўражаньне «вельмі акуратнага рамонту».

Адноўленая частка з муроўкай
Адноўленая частка з муроўкай

Адзін з экспэртаў, знаёмы з праектнай дакумэнтацыяй, кажа, што ў суправаджальных паперах матэрыял пазначаны «бутавы камень», таму будаўнікі найперш бяруцца за тое, што могуць падняць без ужываньня дадатковых тэхнічных сродкаў. Магчыма, сытуацыя зьменіцца, калі камяні патрэбнага памеру скончацца фізычна — іх недахоп ужо адчуваецца.

Ігар Чарняўскі: «Трэба было б пабачыць праект, якое там закладзена рашэньне. Камяні, як мне вядома, выкарыстоўваюцца ў сярэднім каля 30 сантымэтраў (плюс-мінус) у папярочніку. Яны найбольш адпавядаюць патрэбам, каб забясьпечыць „перавязку“. Цяпер ідзе аднаўленьне зьнешніх паверхняў сьцяны абапал ацалелай старой забутоўкі. Пры будаўніцтве замка муроўка выконвалася шэрагамі, паступова падымаючыся: вымуроўвалі зьнешнія паверхні і забутоўвалі сярэдзіну. Пласты мураваньня былі добра відаць на рэштках мура, дзе абсыпалася зьнешняя абліцоўка.

Паўночна-заходняя сьцяна ў пэрспэктыве
Паўночна-заходняя сьцяна ў пэрспэктыве

Калі агулам, то кансэрвацыя робіцца дастаткова прыстойна. А як глядзець пад мікраскопам, заўсёды можна знайсьці нейкую недасканаласьць. Акрамя таго, бачым толькі што выкананую муроўку. Трэба, каб прайшло колькі часу, каб яна абмылася дажджамі, прыпылілася, абветрылася. Тады можна будзе ацэньваць зробленае больш дакладна».

2. Верх муроў выводзяць цэглай, якая выглядае занадта сучасна, няма эфэкту «старэньня»

Верхняя частка муроў у адноўленай сьцяне выводзіцца чырвонай цэглай. У ранейшыя часы яе выраблялі зь мясцовай гліны, а цяпер хоць і стараюцца наблізіцца да арыгіналу, але ўсё роўна яна выглядае надта сучасна. Элемэнты навадзелу асабліва заўважныя на вяршыні Княскай вежы: падчас кансэрвацыі выкарыстоўвалася цэгла, якая моцна дысануе са старымі парэшткамі.

Цагляны пас над каменнай муроўкай
Цагляны пас над каменнай муроўкай

Выйсьце з сытуацыі прапаноўваў мясцовы майстра Сяргей Бандарэнка, які ў суседняй вёсцы Чухны ўзводзіць дакладную копію Крэўскага замка ў прапорцыі 1:10. Для свайго «карузьліка» ён выкарыстоўвае тую ж аўтэнтычную гліну і лічыць, што выраб цэглы можна даручыць мясцовым жыхарам — ніхто не адмовіўся б зарабіць, штампуючы яе ў формах на панадворках. Балазе, мэханізм саматужнай вытворчасьці просты.

Ігар Чарняўскі: «Як і ў Лідзе, цагляны пас апаясваў пэрымэтар абарончага мура звонку. Рэшткі яго заставаліся на паўночна-заходнім муры і павінны быць працягнутыя ў той жа стылістыцы. Перавязка цаглін нечым нагадвае гатычную. Але ў Крэве яна вытрымлівалася не заўсёды, што і дало падставы літоўскім дасьледчыкам яшчэ ў 1970–80-х пісаць пра архаічнасьць замка».

Аўтэнтычнае «нутро» закладаецца сучаснай цэглай
Аўтэнтычнае «нутро» закладаецца сучаснай цэглай

Таму нічога ня трэба падымаць, а проста ўкладаць цагліны ў адноўлены мур па аналёгіі з ацалелым фрагмэнтам. Наогул такія элемэнты, як цагляны пас, раскліньваньне камянёў, павінны быць адлюстраваныя ў праекце. Што да архаічнай цаглянай муроўкі, дамагчыся такога эфэкту з выкарыстаньнем сучасных матэрыялаў, якія вырабляюцца ў Беларусі, складана».

3. Элемэнты мазаікі ў муроўцы выглядаюць як бутафорскія, а раней яны выконвалі практычную функцыю

У рошчыну для ўмацаваньня камянёў будаўнікі інтэгруюць невялікія «фрагмэнты-разынкі». Іх функцыя да канца не зразумелая, збольшага яны выглядаюць як эстэтычнае дапаўненьне. Між тым з архіўных сьведчаньняў вядома, што старадаўнія дойліды дбалі ня столькі пра прыгажосьць, колькі перасьледавалі практычныя мэты.

«Мазаіка» ў міжкаменнай рошчыне
«Мазаіка» ў міжкаменнай рошчыне

Ігар Чарняўскі: «Што да так званай мазаікі, як бачна на здымках, яна выглядае крыху па-бутафорску. У дадзеным выпадку гэта не была „разынкавая муроўка“, паміж камянямі забіваліся каменныя кліны, што дазваляла ўшчыльніць усю канструкцыю, зрабіць яе больш надзейнай. Цяпер жа яна сапраўды выглядае як бы дэкаратыўнай.

Пры ўсім гэтым кансэрвацыя ажыцьцяўляецца досыць прыстойная — гэта маё асабістае ўражаньне ад убачанага на ўласныя вочы яшчэ ў чэрвені і на цяперашніх здымках».

Месца, дзе заканчваюцца рыштаваньні
Месца, дзе заканчваюцца рыштаваньні

У 1385 годзе Крэва апынулася ў самым цэнтры эўрапейскіх навінаў — тут была падпісаная дынастычная унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Пачынаўся новы геапалітычны этап для ўсяго кантынэнту.

Адлік уласнай гісторыі Крэўскі замак пачаў нашмат раней. Да імавернага пэрыяду яго зьяўленьня дасьледчыкі дадаюць плюс-мінус сотню гадоў. Адны кажуць пра пачатак XIV стагодзьдзя, некаторыя дапускаюць, што можа быць нават сярэдзіна ХІІІ. Сыходяцца ў адным: як самы архаічны ва ўсім ВКЛ ён стаіць на пачатку радаводу мураванага абарончага дойлідзтва.

Аўтэнтычная цэгла ў руках Сяргея Бандарэнкі
Аўтэнтычная цэгла ў руках Сяргея Бандарэнкі

За сваю доўгую гісторыю замак вытрымліваў шматлікія напады і аблогі, а ў XIX стагодзьдзі страціў абарончае значэньне і быў закінуты. Вырашальнай для яго далейшага лёсу стала Першая сусьветная вайна: ад расейскіх абстрэлаў і нямецкай перабудовы пацярпеў увесь комплекс.

Лінія фронту ішла па рэчцы Краўлянцы. Замак і касьцёл апынуліся на нямецкім баку, праваслаўная царква — на расейскім. Паміж пазыцыямі былі нацягнутыя калючыя драты, праціўнікі адзін аднаго безупынна абстрэльвалі. Паколькі германцы атабарыліся ўсярэдзіне замка, расейская артылерыя біла менавіта туды. Таму да сёньня дайшлі ня самі сьцены, а толькі «нутро», фасад быў цалкам выбіты.

Працы на ўнутранай частцы замка
Працы на ўнутранай частцы замка

Першыя спробы ўратаваць Крэўскі замак датаваныя пэрыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад міжваеннай Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары на чале зь вядомым гісторыкам Станіславам Лёрэнцам умацавалі парэшткі сьценаў мэталічнымі сьцяжкамі, паставілі контрафорс, але скончыць задуманае не пасьпелі.

З прыходам на гэтыя землі ў 1939 годзе саветаў пра кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла. Наадварот, бальшавікі адразу ж узяліся разьбіраць сьцены на індустрыяльныя патрэбы. Праўда, нават аслабленыя муры барбарству не паддаліся.

У такім стане легендарны замак прастаяў да часоў дзяржаўнай незалежнасьці. Тады Княскую вежу накрылі рубэройдам, але выглядае, што толькі нашкодзілі — пад накрыўкай зьбіралася вада, цэгла псавалася і трушчылася. Некалькі гадоў таму канструкцыю дэмантавалі.

Толькі ў 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у сьпіс з трох дзясяткаў памятак даўніны, якія патрабуюць неадкладнай дапамогі і выдаткі на захаваньне якіх ускладаецца на дзяржаўны бюджэт. Гэта прадпісвае пастанова Савету міністраў № 437. За два апошнія гады ў кансэрвацыю і аднаўленьне крэўскіх муроў укладзена прыкладна 500 тысяч даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG