Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксу ў «Шчаўкунку» больш, чым у «Салямэі». Рэжысэр Панджавідзэ пра сёньняшнюю прэм’еру


Міхаіл Панджавідзэ
Міхаіл Панджавідзэ

18 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балету Беларусі адбудзецца прэм’ера опэры Рыхарда Штраўса «Салямэя».

Напярэдадні з рэжысэрам спэктакля Міхаілам Панджавідзэ пагутарыў карэспандэнт Свабоды.

Месяц таму прэм’ера была адкладзеная Міністэрствам культуры на просьбу Беларускай праваслаўнай царквы. Група вернікаў выступіла з патрабаваньнем забараніць пастаноўку, а на рэжысэра завесьці крымінальную справу.

Кацярына Галаўлева ў ролі Салямэі перад выхадам на сцэну
Кацярына Галаўлева ў ролі Салямэі перад выхадам на сцэну

Спэктакль «Салямэя» яны назвалі ў лісьце «чарговым блюзьнерствам пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь». Маўляў, спэктакль абражае рэлігійныя пачуцьці вернікаў і зьяўляецца крымінальным злачынствам. Таму прэмʼера і далейшы паказ опэры «павінны быць неадкладна забароненыя», бо «Салямэя» — гэта «дзёрзкі выклік хрысьціянам Беларусі і пагроза духоўнай бясьпецы дзяржавы».

Аўтары ліста прасілі генпракурора распачаць супраць галоўнага рэжысэра тэатру Міхаіла Панджавідзэ крымінальную справу паводле 130-га артыкулу («Наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на ўзбуджэньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасьці, на прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці»).

Білетаў няма

— Грамадзкі прагляд спэктакля прайшоў 7 верасьня. Што адбылося за мінулы месяц? Магчыма, гледачы масава здаюць білеты?

— Калі нехта і здаў, то іх адразу ж купілі. Білеты прададзеныя цяпер. На сьнежань і нават далей, на спэктаклі пасьля Новага году. Білетаў няма. Заля тэатру зьмяшчае 1100 чалавек.

«Калі нешта адбудзецца ў залі, я не падымуся зь месца»

— Вы асьцерагаецеся, што прыйдуць праваслаўныя вернікі, аўтары ліста, якія патрабавалі забараніць спэктакль, наладзяць нейкі пратэст альбо будуць перашкаджаць у залі?

— Гэта ня мае ніякага дачыненьня да майго спэктакля. Гэта жыцьцё людзей, нехта імі карыстаецца, альбо самі сабой яны карыстаюцца. У іх такое жыцьцё, у нас іншае. Мы спэктаклі ставім, гаворым пра вечныя каштоўнасьці. Яны займаюцца тым, што зрываюць спэктаклі, апаганьваюць карціны, разбураюць помнікі згодна са сваім уяўленьнем, што абражае іх пачуцьці, а што не. Пры гэтым мала клапоцяцца пра тое, ці не абражаюць яны нечыя пачуцьці. Таму ўся валтузьня вакол гэтага спэктаклю так стаміла і настолькі мне мала цікавая, што нават калі нешта адбудзецца ў залі, я проста не падымуся зь месца. Адзінае, калі я сустрэну каго і ўбачу, што ён нешта такое робіць, то магу і па мордзе даць.

Падчас рэпэтыцыі "Салямэі"
Падчас рэпэтыцыі "Салямэі"

«Нам было прадпісана Мінкультам узяць кансультанта»

— А ці былі нейкія спробы сустрэцца з аўтарамі гэтага ліста?

— Хто яны такія, каб я зь імі сустракаўся? Я не зьбіраюся гэта рабіць. Царква тут ні пры чым, як высьветлілася. Яна ня мела ніякага дачыненьня ні да ліста, ні да пераносу. Магчыма, там і ёсьць нейкія «дзікія папы». Але з афіцыйных прадстаўнікоў БПЦ ніхто за імі не стаіць. Пра гэта была ясная заява прэс-сакратара БПЦ Сергія Лепіна.

— Але вы пайшлі па дазвол на пастаноўку да мітрапаліта Паўла?

— Ніякага дазволу мы ня бралі. Мы проста пайшлі расказаць экзарху пра нашу задуму, што мы хочам паставіць вось пра гэта, што так і так, пра вечныя каштоўнасьці. Мы не пыталіся ні бласлаўленьня, ні дазволу. У сьвецкай дзяржаве для таго, каб працаваць у тэатры, не патрэбен дазвол ці бласлаўленьне царквы. Бо царква аддзеленая ад дзяржавы. І гэта не зьяўляецца крытэрам для выкананьня таго ці іншага твору.

— Папраўдзе, перад кожнай пастаноўкай вы ж ня ходзіце да мітрапаліта...

— Папраўдзе нам было прадпісана Міністэрствам культуры ўзяць сабе кансультанта. Мы вырашылі, што ня будзем разьменьвацца на дробязі і адразу пойдзем да экзарха. Нам ягоная думка больш аўтарытэтная параўнальна з усімі сьвятарамі нашай краіны.

— Як паставіўся мітрапаліт Павел да гэтай ідэі? Ці былі пастаўленыя нейкія ўмовы? Можа, былі парады?

— Ды не было ніякіх парадаў. Ён папрасіў расказаць, як я бачу гэты спэктакль, я падзяліўся. Ён падзякаваў, пажадаў мне посьпеху ў гэтай справе і падараваў мне «Новы запавет» на беларускай мове.

Міхаіл Панджавідзэ
Міхаіл Панджавідзэ

«Мінкульт вырашыў, што трэба ўсё праверыць»

— Але ж потым была камісія з удзелам царкоўнікаў...

— Камісія была створаная пазьней. Таму што Міністэрства культуры вырашыла, што трэба гэта ўсё праверыць, каб ня дай Бог нічога не адбылося. Ну ці мала што. Вырашыла адпаведна адрэагаваць.Я не хачу ўступаць у сфэру здагадак. У мяне ёсьць свая думка, я глыбока перакананы ў тым, што маю рацыю, і я калі-небудзь гэта агучу. Калі ў мяне будуць вольныя рукі ці я буду ўпэўнены, што гэта прынясе карысьць. А цяпер свае домыслы я не хачу агучваць. Афіцыйны пункт гледжаньня — каб не абражаць пачуцьці вернікаў, была створаная камісія. Бо часта «Салямэя» станавілася прадметам бурнага абмеркаваньня і яе выкарыстоўвалі, каб стварыць самыя агідныя ўражаньні для гледача, таму вырашылі, што наш глядач не павінен атрымліваць такіх «апёкаў». І вырашылі праверыць, пра што мы гаворым. І сказалі, што сэксу ў «Шчаўкунку» значна больш. Гэта словы аднаго са сьвятароў.

«Біблія поўная непрыстойнасьцяў»

— А мне адзін сьвятар сказаў, што ў беларускую пастаноўку не ўвайшлі «брыдкія і зьневажальныя сцэны», якія ёсьць у замежных пастаноўках.

— Правільна. У мяне і была такая мэта. Я шчыра не разумею, чаму трэба спэкуляваць і разьдзімаць непрыстойнасьці. Біблія поўная непрыстойнасьцяў. Яна мае шмат самых кепскіх падрабязнасьцяў. Я маю на ўвазе Стары Запавет. Але чамусьці мы лічым яе сьвяшчэннай кнігай. І чамусьці мы з гэтага ня робім культу і не абагаўляем менавіта гэтыя бакі. Бо яны паказаныя як загана, ад якой трэба адыходзіць. Мы пастараліся ад усяго гэтага адысьці. Таму мы сьвядома прыбралі. Насамрэч усё залежыць ад таго, як паставіць. Рэжысэр можа паставіць усё што заўгодна, можа непрыстойна, а можа кансэрватыўна.

— Вы ведалі, што «Салямэя» суправаджалася і раней скандаламі. Чаму вы менавіта гэты спэктакль узялі для пастаноўкі?

— Бо мне была цікавай гэта музыка, гэты спэктакль, гэты сюжэт. Мне хацелася, каб нашы гледачы зь ім пазнаёміліся. У Штраўса гэта пэрліна яго твораў. Гэта вельмі цікавая рэч, якую павінны ведаць людзі ў ХХІ стагодзьдзі. І наогул мне і ў галаву не прыходзіла такое мяшчанскае, бюргерскае сьветаўспрыняцьцё асобна ўзятых людзей. Мне проста сьмешна, сорамна, калі я размаўляю ў ХХІ стагодзьдзі зь людзьмі, якія ўсур’ёз абмяркоўваюць ступень прыстойнасьці «Салямэі». Я пачынаю разумець, што я гутару зь людзьмі, якія, мякка кажучы, ня вельмі разьвітыя.

Пра «беларускі шавінізм»

— У сацыяльных сетках шмат абмяркоўвалі гэту сытуацыю. Вы не глядзелі інтэрнэт?

— Па кругу казалі адно і тое ж. Пасьля пятай фразы можна было не чытаць. Далей на розныя лады перапаўтаралі. Гэта мне было мала цікава. Юбілеі, памінкі, усё, што чужое, — гэта найлепшая нагода нагадаць пра сябе. Я ж не даляр, каб усім падабацца. Я бесстароньні, даволі жорсткі чалавек. Я шчыра лічу, што кашмар творыцца ў мастацтве, яго трэба ачышчаць ад ваяўнічай пасрэднасьці. Вядома, яна мне гэтага не даруе і карыстаецца выпадкам, каб абʼяднацца. Выкарыстоўвае розныя матывы — ад рэлігійных да нацыяналістычных — і спрабуе мне іх прыпісаць. Там у сьціслым выглядзе было выкладзена ўсе — і ксэнафобія ў дачыненьні мяне, і рэлігійная нецярпімасьць, і беларускі шавінізм (што я не беларус, што я нацыянальная меншасьць і так далей), і што мяне трэба прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці.

— Дарэчы, аўтары таго ліста накіроўвалі заяву ў пракуратуру на вас, яе правяралі?

— А што правяраць? Ідыётаў, хворых людзей? Што мне гэтыя 125 дурняў, якія напісалі гнюсны пасквіль зьместам і парадыйны формай?

— Прадстаўнікі БПЦ тлумачылі, што яны параілі Міністэрству культуры перанесьці прэм’еру таму, што яна мела адбыцца перад сьвятам Адсячэньня галавы Іаана Прадвесьніка. Атрымліваецца, пасьля Пакроваў можна...

— І што далей? А ў пост можна сьвяткаваць Новы год? Можна. А ў Вялікі пост мы ж граем спэктаклі, не спыняючыся? Лухта поўная. Давайце тады жыць па праваслаўным календары. Я нічога ня маю супраць. Толькі тады білеты будуць каштаваць у чатыры разы даражэй, бо мы спэктакляў будзем граць у чатыры разы меней.

"Салямэя"
"Салямэя"

«Для тэатру гэта скачок наперад»

— Што дала пастаноўка «Салямэі» тэатру?

— Гэта геніяльны рывок і скачок наперад. Мы цяпер на новым якасным узроўні выканаўчага майстэрства.Трупа, якая ў стане зрабіць «Салямэю» — гэта ўжо вялікі ўзровень. Бяруць удзел ад народных артыстаў да ўчорашніх стажораў. Гэта вялікага варта. Таму я лічу, што ў нас атрымаўся цудоўны праект. Можна Расеі паказваць яго і казаць: а вось вам!

— А вы хацелі б паказаць гэты спэктакль у Расеі?

— Чаму толькі ў Расеі? І ў Зальцбургу, і ў Брэгенцы, і ў Далхала. Бо мы можам гэта паказваць. Не ўсюды так могуць. «Салямэю» ня ўсюды могуць. А мы вось можам.

"Салямэя"
"Салямэя"

Генпракуратура не знайшла прыкметаў злачынства

У Генпракуратуры Беларусі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што атрымалі заяву ад вернікаў. Аднак Генпракуратура не знайшла ў дзеяньнях рэжысэра Міхаіла Панджавідзэ прыкметаў злачынства, прадугледжанага 130-м артыкулам Крымінальнага кодэксу.

«А што тычыцца пачуцьцяў вернікаў, то гэта ня наша кампэтэнцыя», — сказалі ў генпракуратуры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG