Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура апратэставала рашэньне аб зносе будынкаў KFC і Burger King у Менску


Адзін з будынкаў, якія хочуць зьнесьці
Адзін з будынкаў, якія хочуць зьнесьці

Генпракуратура апратэставала рашэньні Менгарвыканкаму аб зносе будынкаў грамадзкага харчаваньня ў Каменнай Горцы (дзе разьмешчаныя, сярод іншых, рэстарацыі хуткага харчаваньня KFC, Texas Chicken і Burger King), а таксама будынкаў на выхадзе з мэтро «Усход», паведамляе TUT.BY.

Па выніках пракурорскай праверкі рашэньні Менгарвыканкаму аб зносе прызнаныя не адпаведнымі заканадаўству, гаворыцца ў адказе ведамства на адрас кампаніі «Рэві Тар Інвэст», якая пабудавала гэтыя рэстараны.

Пратэст Генпракуратуры падлягае абавязковаму разгляду Менгарвыканкамам не пазьней чым у дзесяцiдзённы тэрмiн з моманту паступленьня. У дадзеным выпадку мэрыя да 10 кастрычніка павінна альбо адмяніць рашэньні, альбо матывавана адмовіць. Пра вынікі паведамляецца пракурору. Акрамя таго, прынясеньне пратэсту прыпыняе выкананьне апратэставаных рашэньняў Менгарвыканкаму.

Калі рашэньні горада ня будуць адмененыя ў дзесяцідзённы тэрмін, пракурор мае права зьвярнуцца з заявай у суд аб адмене рашэньняў, якія супярэчаць заканадаўству. Гэта таксама прыпыняе дзеяньне апратэставаных рашэньняў.

Ілюстрацыйнае фота. Адзін з будынкаў «РэвіТар Інвэст», які арандуе Burger King
Ілюстрацыйнае фота. Адзін з будынкаў «РэвіТар Інвэст», які арандуе Burger King

Пратэст Генпракуратуры, адзначае TUT.BY, тычыцца толькі рашэньняў аб зносе. На рашэньні аб прызнаньні несапраўднай рэгістрацыі зямельных участкаў ён не распаўсюджваецца.

У 2016 годзе Менгарвыканкам прызнаў несапраўднай рэгістрацыю зямельных участкаў, на якіх знаходзяцца гэтыя будынкі. Як высьветлілася, пры выдачы дазвольных дакумэнтаў больш за 10 гадоў таму супрацоўнікі Менгарвыканкаму дапусьцілі памылкі, якія выявіў Камітэт дзяржкантролю. «Раві Тар» зьвярнуўся ў суд, але прайграў яго.

У 2018 годзе Менгарвыканкам прызнаў будынкі на «Каменнай Горцы» і «Ўсходзе» самавольнымі пабудовамі і прапанаваў забудоўніку зьнесьці іх за свой кошт.

Канфлікт пачаўся яшчэ ў 2015 годзе, калі кампанія «РэвіТар Інвэст» адмовілася зьнесці свае кавярні ля выхаду са станцыі мэтро «Ўсход» на патрабаваньні сэрбскай кампаніі «Зомэкс Інвэстмэнт», якая ўваходзіць у склад буйнога інвэстара Dana Holdings.

Уладальнік «РэвіТар Інвэст» Сяргей Тарасюк казаў, што сэрбскі забудоўнік проста хоча пазбавіцца ад непажаданага суседзтва:

«Нехта вялікі будуе, а хто стаіць побач, той закрывае фасады, стварае канкурэнцыю. Яны сказалі, што ня хочуць, каб нехта быў яшчэ. Мы ўсяляк хацелі зь імі дамовіцца. Калі не падабаецца, зробім прыгожыя фасады, усё будзе блішчэць. Так жа і зрабілі. Але згулялі амбіцыі: мы, маўляў, вялікія, крутыя, усё роўна вас зьнясём».

Па словах Тарасюка, спробы дамовіцца з Dana Holdings аб узаемавыгадным вырашэньні канфлікту не ўдаліся: «Мы кажам: выкупіце ў нас гэты аб’ект альбо дамоўцеся з горадам, каб нам далі кампэнсацыйныя ўчасткі. Альбо дайце плошчы ўзамен на сваіх гандлёвых цэнтрах. Не, сказалі, не атрымаецца. Мы вас зруйнуем і нічога плаціць ня будзем», — сказаў уладальнік «РэвіТар Інвэст».

​Пасьля таго як кампанія «РэвіТар Інвэст» адмовілася выканаць патрабаваньне сэрбскага інвэстара, прыйшоў ліст зь Менгарвыканкаму, у якім гаварылася, што ўсе яе аб’екты пабудаваныя самавольна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG