Менгарвыканкам патрабуе ад прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «РэвіТар Інвэст» зьнесьці аб’екты нерухомасьці ля выхадаў са станцый мэтро «Ўсход», «Пушкінская» і «Каменная Горка».
У няласку кампанія трапіла ў 2015 годзе пасьля таго, як адмовілася зьнесьці свае кавярні ля выхаду са станцыі «Ўсход» на патрабаваньне сэрбскай кампаніі «Зомэкс Інвэстмэнт», якая ўваходзіць у склад буйнога інвэстара Dana Holdings.
Dana Holdings падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам, братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, якія асабіста знаёмыя з Лукашэнкам. Драгамір Карыч ёсьць дэпутатам сэрбскага парлямэнту, дзе ўзначальвае групу па супрацы зь Беларусьсю.
Падчас парлямэнцкіх выбараў 2016 году ў Беларусі ён у якасьці назіральніка хваліў высокую яўку на дзяржаўных тэлеканалах. Заходняя прэса называла Карычаў асабістымі банкірамі сям’і сэрбскага лідэра Слабадана Мілошавіча, якога Гааскі трыбунал судзіў за ваенныя злачынствы ў Косаве. Dana Holdings выступае заказчыкам найбуйнейшых будаўнічых праектаў у Менску, зацьверджаных Лукашэнкам.
Цяпер аб’екты «РэвіТар Інвэст» на станцыі «Ўсход» напалову не выкарыстоўваюцца з прычыны перашкодаў, якія ствараюцца ўладамі. Што ж не спадабалася «Зомэкс Інвэстмэнт»? У кампаніі атрымаць тлумачэньні не ўдалося.
У аддзеле маркетынгу Dana Holdings сказалі, што па тэлефоне яны нічога камэнтаваць не будуць. На ранейшы пісьмовы запыт адносна будаўніцтва ў раёне дзіцячай чыгункі кампанія так і не адказала карэспандэнту Свабоды.
Уладальнік «РэвіТар Інвэст» Сяргей Тарасюк сказаў карэспандэнту Свабоды, што сэрбскі забудоўшчык ня хоча, каб нехта быў побач.
«Нехта вялікі будуе, а хто стаіць побач, той закрывае фасады, стварае канкурэнцыю. Яны сказалі, што ня хочуць, каб нехта быў яшчэ. Мы ўсяляк хацелі зь імі дамовіцца. Калі не падабаецца, зробім прыгожыя фасады, усё будзе блішчэць. Так жа і зрабілі. Але згулялі амбіцыі: мы, маўляў, вялікія, крутыя, усё роўна вас зьнясём».
Сяргей Тарасюк прапаноўваў дамовіцца, як гэта прынята паміж камэрцыйнымі суб’ектамі.
«Мы кажам: выкупіце ў нас гэты аб’ект альбо дамоўцеся з горадам, каб нам далі кампэнсацыйныя ўчасткі. Альбо дайце плошчы ўзамен на сваіх гандлёвых цэнтрах. Не, сказалі, не атрымаецца. Мы вас зруйнуем і нічога плаціць ня будзем», — сказаў уладальнік «РэвіТар Інвэст».
Паводле Сяргея Тарасюка, сэрбскі інвэстар мае праблемы ня толькі зь ягонай кампаніяй, і «гэта вядомая тэма».
«Гэта нашы рэаліі. Не адны мы аб іх коп’і абламалі. Усе ўсё разумеюць, але кажуць, што ня трэба было зь імі зьвязвацца і варта было паставіцца больш сур’ёзна да іх пагрозаў. Дагэтуль з такім яшчэ не сутыкаліся. Мы збудавалі дзясяткі аб’ектаў, і ўсе дазволы Менгарвыканкамам былі выдадзеныя. Чаму нам трэба было баяцца незразумелых мэтадаў ціску? У нас жа ўсё зарэгістравана, пабудавана законна, усе рашэньні выкананыя. Усё ў парадку. Чаму мы павінны зносіць свае аб’екты на іх патрабаваньне, без кампэнсацыі?».
Пасьля таго як кампанія «РэвіТар Інвэст» адмовілася выканаць патрабаваньне сэрбскага інвэстара, прыйшоў ліст зь Менгарвыканкаму, у якім гаворыцца, што ўсе яе аб’екты пабудаваныя самавольна.
«Яны прапанавалі нам самім іх ацаніць і заплаціць у бюджэт гораду рынкавы кошт. То бок купіце самі свае аб’екты па рынкавым кошце. Нам сказалі, што недзе наверсе прынятае рашэньне. Прайшлі дзясяткі нарадаў, мы нанялі юрыстаў. Але ў выніку ўлады проста адмянілі свае ж рашэньні аб выдзяленьні нам участкаў, аб праве на праектаваньне і будаўніцтва. Але мы ўжо пабудавалі будынкі і эксплюатуем іх», — кажа Сяргей Тарасюк.
Суд прызнаў, што Менгарвыканкам адмяніў свае ж рашэньні законна. Але будынкі цяпер знаходзяцца ва ўласнасьці «РэвіТар Інвэст» і працуюць, як і раней.
«Яны нас палохалі, што далей пазбавяць нас зямельных участкаў і ўласнасьці. Але такога яшчэ, відаць, не было ў гісторыі незалежнай Беларусі, каб пазбавіць некага ўласнасьці! Гэта была б грубая, схаваная, беспадстаўная канфіскацыя. Пакуль уласнасьці не пазбавілі, аднак прынялі фантастычныя рашэньні пра знос усіх „самавольна пабудаваных“ аб’ектаў», — сказаў Сяргей Тарасюк.
Тое, што аб’екты пабудаваныя самавольна, можа вызначыць толькі суд, а такіх рашэньняў ніхто не прымаў.
«Таму гэта лухта, і патрабаваньні Менгарвыканкаму мы не выконваем. Сытуацыя цяпер у падвешаным стане. Але яны нам не працягнулі арэнду часткі ўчасткаў, на якіх знаходзяцца два з шасьці нашых будынкаў. Атрымліваецца, што гэта самавольнае заняцьцё, мы плацім 20-разовую стаўку зямельнага падатку. Гэта, канечне, балюча, бо даводзіцца плаціць вялізныя грошы. Фактычна Менгарвыканкам адмяняе свае рашэньні, выдадзеныя 15 гадоў таму на ўжо ўзьведзеныя будынкі».
«РэвіТар Інвэст» абскардзіла дзеяньні Менгарвыканкаму ў Генпракуратуры і чакае адказу.
«Менгарвыканкам на задніх лапках скача перад замежным інвэстарам»
Сытуацыю разглядала Рада па разьвіцьці прадпрымальніцтва пры прэзыдэнце Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Турчына. Рада заступілася за беларускага інвэстара. Аднак і гэта не дапамагло, кажа сябра рады, эканаміст Яраслаў Раманчук. Беларускага бізнэсоўца проста эканамічна дабіваюць, каб ён сышоў.
«Гэта скандальны наезд на права ўласнасьці чалавека, які 15 гадоў працаваў. А чыноўнікі хаваюць свае хібы, і гэта пацьверджана ў судзе, сьпісваюць гэта на інвэстара і патрабуюць ад яго выкупіць свой жа бізнэс за мільёны даляраў. Яны прымушаюць разбурыць тое, што ўжо збудавана, і не ідуць на кампрамісы, наагул не размаўляюць».
Паводле Раманчука, структура, якая пачала канфлікт, гэта вядомы сэрбскі інвэстар, «якому не падабаецца, што пад нагамі блытаецца нейкі беларускі сярэдні бізнэс».
«Нягледзячы на тое, што бізнэсовец інвэстуе ў інфраструктуру, у разьвіцьцё, для гэтых людзей нічога сьвятога няма. Уражаньне, што ўвесь Менгарвыканкам на задніх лапках скача перад замежным інвэстарам, бо ён можа „нагнуць“ любую інстанцыю ў Беларусі. Цяпер усе чакаюць, што скажа галоўны „амбудсмэн“ прадпрымальнікаў — кіраўнік краіны. Калі мы хочам прыцягнуць інвэстараў і зрабіць нацыянальную эканоміку з апорай на беларускі бізнэс, то такія сытуацыі, як з „РэвіТар Інвэст“, павінны вырашацца вельмі хутка. Улады мусяць бараніць інтарэсы сярэдняга і малога бізнэсу. Але ціск працягваецца, і ў кулюарах кажуць, што гэта бандыцкі рэйдэрскі захоп. І ніхто ня робіць відавочнага — не прыцягвае да адказнасьці Менгарвыканкам», — падсумаваў Яраслаў Раманчук.