Ва ўнесеным у Вярхоўную Раду Ўкраіны законапраекце прапануюць караць за распаўсюд ідэй аб’яднаньня беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў у «трыадзіны народ».
У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны зарэгістраваны праект закону аб забароне ідэалёгіі «русского мира», які, у тым ліку, прадугледжвае крымінальную адказнасьць за распаўсюджаньне ідэй аб’яднаньня беларускага, расейскага і ўкраінскага народаў у «трыадзіны народ».
«Сёньня ідэя „русского мира“ бесьперашкодна разьвіваецца ў краіне. Улічваючы тое, што менавіта гэтая ідэалёгія паклала пачатак ваеннаму канфлікту на ўсходзе і накіраваная ў тым ліку і на ліквідацыю незалежнасьці Ўкраіны, яе неадкладна трэба забараніць на заканадаўчым узроўні», — заявіў пазафракцыйны народны дэпутат Аляксандар Шаўчэнка.
Дэпутат прапануе ўнесьці адпаведныя зьмены ва ўжо існы «дэкамунізацыйны» закон, які асуджае таталітарныя рэжымы (камуністычны і нацысцкі) і забараняе прапаганду іх сымболікі.
Аляксандар Шаўчэнка не выключае, што расейскія спэцслужбы і далей будуць правакаваць ва Ўкраіне міжэтнічныя канфлікты, як гэта адбылося ў сакавіку-красавіку 2014 году падчас прарасейскіх акцый за фэдэралізацыю Ўкраіны, наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай, за аддзяленьне паўднёвых і ўсходніх рэгіёнаў і іхнае далучэньне да Расеі.
У сваім законапраекце дэпутат вызначыў паняцьце «русский мир» як форму «нацыянал-сацыялізму (нацызму), расейскую нэаімпэрскую геапалітычную, культурна-гістарычную ідэю міжнароднай і міждзяржаўнай супольнасьці, аб’яднанай дачыненьнем да Расеі, прыхільнасьцю да расейскай мовы і культуры пад лёзунгамі яднаньня і абароны носьбітаў расейскай мовы і культуры, праваслаўнай веры, агульнай гістарычнай памяці і агульных поглядаў на грамадзкае разьвіцьцё».
Якія пакараньні прапануюцца?
У выпадку ўхваленьня гэтага закону ва Ўкраіне можа быць забаронена прыхільнікам «русского мира» прэтэндаваць на высокія дзяржаўныя пасады, а Крымінальны кодэкс могуць дапоўніць нормаю аб крымінальнай адказнасьці асобаў, якія прапагандуюць гэтыя ідэі.
У прыватнасьці, за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на апраўданьне злачыннага характару ідэй «русского мира», а таксама за публічныя выказваньні асобаў, якія апраўдваюць ваенную агрэсію супраць Украіны і распаўсюджаньне «агульнарускай ідэі» абʼяднаньня ўкраінскага, беларускага і расейскага народаў у адзіны «трыадзіны рускі народ» будзе карацца абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да 5 гадоў з або без канфіскацыі маёмасьці.
Адпаведныя зьмены прапануецца ўнесьці ў закон «Аб асуджэньні камуністычнага і нацыянал-сацыялістычнага (нацысцкага) таталітарных рэжымаў ва Ўкраіне і забароне прапаганды іх сымболікі», які дзейнічае з траўня 2015 году. Згодна зь ім ва Ўкраіне забаранілі камуністычную ды нацысцкую сымболіку, адкрылі архівы часоў савецкага КДБ і афіцыйна замест Вялікай Айчыннай вайны замацавалі назву Другая сусьветная вайна.
4 кастрычніка старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій тройчы прапанаваў дэпутатам падтрымаць уключэньне гэтага пытаньня ў парадак дня сэсіі, але не атрымалі неабходнай колькасьці галасоў. Паўторная працэдура магчымая ў выпадку, калі законапраект падтрымае галіновы парлямэнцкі камітэт.