Гамельчукі Ўладзімер і Тацяна Чаравухіны пішуць паэзію і прозу. Пяць гадоў таму пабраліся шлюбам. Яны ніколі ня бачылі адзін аднаго. Невідушчыя. Але не згубіліся ў цемры, даюць рады і вершам, і празаічнаму побыту.
Уладзімер меў праблемы са зрокам зь дзяцінства. Вучыўся ў спэцыялізаванай школе. Канчаткова асьлеп перад выпускам са школы. Для невідушчых у Гомлі практычна адзін шлях на працу — прадпрыемства «Сьвятлатэхніка». Там Уладзімер працаваў сьлесарам. Потым вывучыўся на псыхоляга — скончыў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны. Цяпер працуе інструктарам-мэтадыстам сацыяльна-працоўнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку. Дапамагае невідушчым арыентавацца ў гарадзкой прасторы, працаваць са смартфонамі, кампутарамі, псыхалягічна падтрымлівае іх. Піша вершы.
«Я — асяродак для лятэнтных беларускамоўных»
Уладзімер — беларускамоўны.
«Мне падабаецца, і ўсё тут. Я такі чалавек, што як стрэльне што ў галаву — і ўсе вымушаны з гэтым мірыцца. Шмат разоў чуў у свой адрас: чаго ты вылучаесься? Псуеш агульную карцінку... У літаратурным асяродку Гомля колькі год таму надарыўся пэрыяд, калі нават тыя, хто гаварыў па-беларуску, — перайшлі на расейскую. І яшчэ на мяне касавурыліся», — кажа Ўладзімер.
Асабліва непрыемна было чуць дакоры ад знаёмых, якіх вельмі «напужалі» падзеі ва Ўкраіне, і слова «нацыяналізм» яны прыраўнялі да «нацызму».
«Адзін добразычлівец патэлефанаваў мне і папрасіў перадаць Валодзю, каб ён „не размаўляў так дэманстратыўна“ па-беларуску. Непрыемна было. Хаця чалавек казаў нібыта па-сяброўску, дапамагчы хацеў», — зазначае Тацяна.
«Людзі кажуць, што ім, каб размаўляць на беларускай мове, патрэбна стварыць асяродак. Дык можна са мной пагутарыць. Я — асяродак для астатніх», — сьмяецца Ўладзімер.
«Ня варта тут размаўляць па-ўкраінску! — Я па-беларуску!»
На вуліцы Ўладзімер часта мусіць зьвяртацца да людзей па дапамогу. Часам празь беларускую мову натыкаецца на няпрыязь.
«Неяк тэлефанавала Валодзю і фонам чула, як ён на прыпынку пытаўся ў людзей: які гэта нумар тралейбуса? У адказ — маўчаньне, сопат, пакашліваньне», — дадае Тацяна.
Яна абурылася такім стаўленьнем і напісала пра гэта пост у Facebook. Атрымала порцыю нэгатыву. Ад беларускамоўных. Яны папікалі Тацаяну, што пост напісаны па-расейску.
«Дзіўна! Нэгатыўнай рэакцыі мы чакалі ад расейскамоўных. А „прыляцела“ зь іншага боку», — паўжартам кажа паэтка.
Тацяна — сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, друкуецца пад псэўданімам Дарʼя Дарошка. Піша і па-беларуску, і па-расейску. Пісаць пачала з малодшай школы, друкавацца — у студэнцкую пару. Яна таксама, як і Ўладзімер, скончыла ўнівэрсытэт імя Скарыны, вывучала расейскую філялёгію.
«На вуліцы ўсё ж такі даволі часта прыязна ставяцца да беларускай мовы. Адзін чалавек прапанаваў правесьці мяне. Пытаецца: куды вам? Я кажу, што на прыпынак. Мы ідзем, і ён паволі пачынае пераключацца на беларускую мову», — сьмяецца Ўладзімер.
Аднойчы яму кінулі: «Ня варта тут размаўляць па-ўкраінску!». «Я па-беларуску!», — адказаў, і той чалавек замоўк. «Панаехалі тут!», — пачуў іншым разам і адрэагаваў: «Я — гомельскі!».
Чатыры гадзіны праз тэлефон — зь незнаёмым чалавекам
Пазнаёміліся Тацяна і Ўладзімер праз захапленьне літаратурай. У 2006 годзе Ўладзімер пачаў наведваць Школу маладога літаратара, уліўся ў творчую суполку. У 2008-м пачуў, што ў Гомлі ёсьць паэтка, якая мае сурʼёзныя праблемы са зрокам.
«Давялося два ці тры дні пабегаць, пашукаць тэлефон. Здабыў!», — усьміхаецца паэт. Патэлефанаваў, сказаў, што са Школы маладога літаратара. Першая гутарка праз тэлефон доўжылася чатыры гадзіны. «І гэта — зь незнаёмым чалавекам!», — жартаўліва «жахаецца» Тацяна.
Навучыў Тацяну «хітрыкам невідушчых», яна яго — літаратурнай прамудрасьці
Тая размова была ёй ратункам. Дзяўчына імкліва траціла зрок — праз дыябэт і няўдалую апэрацыю. Да таго яна скончыла мэдычны каледж і расейскую філялёгію ва ўнівэрсытэце. Працавала ў дзіцячай лякарні, у тэатры лялек, потым у бібліятэцы.
Калі пачала рэзка страчваць зрок, была ў поўнай прастрацыі. Як жыць далей? Як выйсьці на вуліцу?
«І вось такі званок. Уладзімер выратаваў мяне. Якраз тады ён марыў стаць псыхолягам — для яго была добрая практыка. Зачапіліся зь ім, размаўлялі, размаўлялі... і да гэтай пары размаўляем», — усьміхаецца паэтка.
У той размове і ў наступных Уладзімер вучыў Тацяну «хітрыкам невідушчых», яна яго — «літаратурнай прамудрасьці», бо была больш дасьведчанай, друкавала свае вершы ў розных выданьнях. «А галоўнае, яна нейкім чынам здолела навучыць мяне гэткаму дзівоснаму адчуванню музыкі слова, безь якой паэзія наагул ня можа існаваць», — дадае Ўладзімер.
Цяпер яны маюць тры супольныя зборнікі і трох аўтараў на дваіх — бо часта пішуць творы разам пад псэўданімам Татмір, створаным з частак іхных імёнаў. Апошні зборнік «Альтанка» дапамагла выдаць Дарын Макнэмі з Ірляндыі. Яна актывістка дабрачыннай арганізацыі, якая апякуецца дзецьмі з праблемамі зроку. Дарын бывала ў Васілевічах, дзе такія дзеці вучацца ў спэцыяльнай школе. Уладзімер таксама так вучыўся, дзякуючы чаму быў некалькі разоў у Ірляндыі на адпачынку. Дарын і яе калегі рупяцца і пра выпускнікоў школы, дапамагаюць, радуюцца іхным посьпехам.
Якія колеры бачаць перад сабой невідушчыя
Шрыфт Брайля сямʼя выкарыстоўвае ў побыце — падпісваюць слоікі з сочывам, ёмістасьці з гарбатай і кавай.
Уладзімер намагаўся навучыць сынтэзатар расейскай мовы чытаць беларускія тэксты.
«Зь дзесяці словаў у чатырох робіць памылкі. Слухаеш — і зьвярэеш паціху, асабліва ад мастацкай літаратуры. Таму замовіў зь берасьцейскай бібліятэкі брайлеўскія кнігі на беларускай мове. Іх толькі тры там было — Мележ, Шамякін і Крапіва. У Гомлі — адна, „Сьвітанак“ для школьнікаў. Па ўсёй Беларусі — пальцаў на дзьвюх руках хопіць, каб пералічыць», — заўважае Уладзімер.
Тацяна кажа, што сьляпыя не жывуць у цемры — заўсёды перад вачамі нешта мільгае, успышкі нейкія. У яе пераважае бялёсы колер. Уладзімер праз моцнае пашкоджаньне сеткавіцы мае перад вачыма «калейдаскоп» — рознакаляровыя плямы.
«Чорны колер — дэпрэсіўны. Каб мы жылі ў суцэльнай цемры — то ня бегалі б такімі жыўчыкамі, скаціліся б усе ў дэпрэсію», — кажа Тацяна.
Жанчыне часта сьняцца сны: вобразныя, сюжэтныя, рознакаляровыя. «Таму я вельмі люблю спаць», — сьмяецца. Ёй сьняцца вершы, сюжэты апавяданьняў, атмасфэра, людзі.
Для Ўладзімера новыя вершы нясуць «эмацыйны прэзэнт».
«Першыя гадзіны ці дні бегаеш у такой эўфарыі. Потым супакойваесься, па-іншаму, цьвяроза глядзіш. Потым — аддаляесься», — тлумачыць паэт.
Некаторыя вершы яны выстаўляюць у Facebook. Многія разьмяшчаюць на сваім літаратурным сайце Tatmir.by.
«Грамадзтва робіцца ўсё больш абыякавым і інфантыльным»
Як людзі ставяцца да невідушчых?
«Абыякава. Ігнараваць больш сталі. Я іх разумею. Бо ў людзей падсьвядома прысутнічае страх — а раптам са мной такое здарыцца? Хочацца ад сьляпых трымацца далей», — канстатуе Тацяна.
Яна заўважыла: шчасьлівыя і здаровыя людзі не баяцца невідушчых — сябруюць, дапамагаюць.
«Але калі чалавек мае свае праблемы — ён баіцца яшчэ большых няшчасьцяў ці гора. Я іх не асуджаю», — разважае паэтка.
Талерантнае беларускае грамадзтва — міт, лічыць Уладзімер.
«Грамадзтва апошнім часам робіцца усё больш інфантыльным. Людзі дэманстратыўна і прагна імкнуцца да „сьвятла“, „пазытыву“, адкідаюць „нэгатыў“. Нават у савецкі час людзей заахвочвалі да альтруізму. Цяперашняе пакаленьне, людзі, якія сёньня ў сярэднім узросце, яшчэ не навучыліся дапамагаць іншым, але ўжо спрытна навучыліся казаць „не“, „супрацьстаяць маніпулятарам“. Адкуль гэта? Эўрапейцы ўмеюць дапамагаць і спачуваць. У нас таксама былі іншыя традыцыі», — разважае Ўладзімер.
«Няма сабак-павадыроў, бракуе свабоды перамяшчэньня»
Мары ў Тацяны і Ўладзімера — адны на дваіх. Падарожнічаць.
«Мора, мора, халоднае мора, Балтыка, — ва ўнісон кажуць Уладзімер і Тацяна. — Хвалі, вецер, мокры пясок... Каб шумела, каб пахадзіць па вадзе, каб быў вецер».
Але няма чалавека, які мог бы іх суправаджаць у далёкія паездкі. Няма сабакі-павадыра. Такі вучоны хатні гадаванец каштуе амаль як кватэра — 20-30 тысяч даляраў, наракаюць сужэнцы.
«Ад балбатні сынтэзатара таксама часам шалееш. Хочацца цішыні. Дапамог бы ў гэтым брайлеўскі манітор. Але ён каштуе каля 2 тысяч даляраў, таму гэта пакуль мара», — зазначае Ўладзімер.