Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мова, культура, салідарнасьць. Як падзеленае межамі беларускае грамадзтва можа супрацьстаяць ідэалёгіі «русского мира»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На канфэрэнцыі ў Варшаве абмеркавалі захады супраціву расейскаму ўплыву ў галіне культуры і адукацыі.

Канфэрэнцыю «Беларусь у цені „Русского мира“: выклікі і адказ грамадзянскай супольнасьці» зладзіў Інстытут разьвіцьця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Ўсходняй Эўропе. Удзельнічаць у ёй можна было онлайн.

«Ідэалягічным асарці», у якім даўняя канцэпцыя выключнасьці Расеі спалучаецца з сучасным культам перамогі расейцаў у Вялікай айчыннай вайне назваў ідэалёгію «русского мира» кандыдат гістарычны навук Павал Церашковіч.

Яна мае моцны прапагандысцкі рэсурс і ўжо стала інструмэнтам барацьбы за дамінаваньне на постсавецкай прасторы. А для беларусаў небясьпечная тым, што зьнішчае іх нацыянальную ідэнтычнасьць, — зазначыў Церашковіч.

У Беларусі дзейнічае некалькі арганізацый — праваднікоў «русского мира». Сярод іх наступныя:

  • філія «Россотрудничества», якая кіруе дзейнасьцю этнічных расейцаў,
  • філія фонду «Грамадзкай дыпляматыі імя Гарчакова» (расейскага міністра замежных спраў часоў паўстаньня 1863 году), які дае стыпэндыі маладым беларускім дасьледчыкам,
  • фонд «Русский мир», які працуе са студэнтамі і школьнікамі,
  • Расейскае вайскова-гістарычнае таварыства, якое ставіць на тэрыторыі Беларусі помнікі расейскім дзеячам.

Хапае і ўнутраных правайдэраў гэтай «заблюранай» ідэалёгіі сярод беларусаў, кажа Церашкевіч:

  • супрацоўнікі ГУБАЗіКа з партрэтамі Пуціна ў сваіх кабінэітах,
  • манашкі менскага Сьвята-Елізавецінскага манастыра, якія зьбіраюць грошы на падтрымку расейскай вайсковай апэрацыі ва Ўкраіне,
  • чыноўнікі, якія пераводзяць навучаньне ў сельскіх школах на расейскую мову.

Але некаторыя беларускія чыноўнікі разумеюць небясьпеку ідэалёгіі «русского мира» і спрабуюць па меры магчымасьцяў ёй супраціўляцца, кажа Церашковіч. Як прыклад ён прывёў раскопкі менскага гарадзішча і асьвятленьне іх у дзяржаўных СМІ.

«Такой напружанай працы там ніколі не было. Пацьвердзілі ўзрост Менску — 997 год, і паўсюль пра гэта трубяць. З акцэнтам на тое, што ў той час яшчэ не было ня толькі Масквы, але і Вільні, Варшавы, Бэрліна. Гэта робіцца невыпадкова. Гэтак умацоўваецца свой, „чырвона-зялёны“ патрыятызм», — кажа гісторык.

Паводле Церашковіча, ідэалёгія «русского мира» не атрымала значнага пашырэньня ў беларускім грамадзтве.

Але ён засьцерагае, што наратывы гэтай ідэалёгіі могуць мімаволі распаўсюджвацца праз расейскую мову, якой карыстаюцца беларусы.

Сынхранізацыя беларускай дзяржаўнай прапаганды з прапагандай Крамля вядзе да страты сувэрэнітэту, лічыць экспэрт у мэдыйнай галіне Паўлюк Быкоўскі.

Разам з тым, ён адзначае, што ніводны расейскі тэлеканал не трансьлюецца ў Беларусі ў зыходным выглядзе — які кантэнт пакідаць, а які не — вырашаюць беларускія ўлады.

Беларускім незалежным мэдыя, што працуюць з-за мяжы, экспэрт раіць ня толькі не адмаўляцца ад беларускай мовы і беларускага кантэнту, а наадварот, узмацняць беларусацэнтрычнасьць.

«Гэта ваш галоўны стратэгічны актыў», — кажа ён.

«Аднавіць цэласнасьць беларускай культурнай прасторы, разарванай рэпрэсіямі» заклікалі актывісты «Беларускай рады культуры». Яны лічаць, што культура — рухавік пераменаў. І вераць, што яна можа аб’яднаць творцаў у Беларусі і за яе межамі.

«Калі мы зробім беларускую культуру канкурэнтаздольнай, мы ня толькі зможам супраціўляцца наступу „русского мира“, але і адкрыем шлях да той Беларусі, пра якую марым, і якую будуць паважаць у сьвеце», — сказала ўдзельніца канфэрэнцыі Эліна Калнібалоцкая.

Рада заклікала прадстаўнікоў бізнэсу і ІТ-галіны актыўней дапамагаць культурніцкім і беларускамоўным праектам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG