У дзіцячых садках Магілёва і Асіповічаў зьявілася па адной групе зь беларускай мовай выхаваньня. У іншых гарадох Магілёўскай вобласьці такіх групаў няма.
У Магілёве беларускую групу набралі ўпершыню за адзінаццаць гадоў. 14 дзетак ва ўзросьце да трох гадоў склалі беларускамоўную групу ў садку № 79. У Асіповічах групу зь беларускай мовай сфармавалі ў садку № 10. У ёй 23 гадаванцы ўзростам да чатырох гадоў.
Як набіралі групы?
- Быў запыт бацькоў на выхаваньне дзяцей па-беларуску.
- На сходах бацькам паведамлялі, што іхныя дзеці маюць магчымасьць авалодаць беларускаю моваю.
- У дашкольных установах ужо раней шточацьвер ладзілі Дні беларускай мовы.
- Садкі ўзаемадзейнічаюць з школамі, у якіх ёсьць беларускія клясы.
Магілёўскі садок: бацькоў нашых дзяцей не палохае беларуская мова
Садок № 79 сёлета вызначылі як базавы для фармаваньня беларускай групы ў магілёўскім раёне Задняпроўе. Месьціцца ён у адным з буйных жылых масіваў на бульвары Няскораных. За дзьвесьце мэтраў ад яго 34-я школа. У ёй дзьве беларускія клясы з 10 школьнікамі. Бацькі многіх дзяцей пасьля садка аддаюць іх у гэтую школу.
«Бацькі, якія аддалі нам дзяцей, ня супраць беларускай мовы, — адзначае супрацоўніца дзіцячага садка. — Мы нікога зь іх не пераконвалі. Яны ведаюць, што ў чацьвер наш садок гаворыць толькі па-беларуску, таму беларуская мова іх не палохала. Зразумела, даводзіцца тлумачыць, як у групе будзе арганізаваная праца».
Паводле суразмоўніцы, праблемаў з дапаможнай літаратурай для беларускае групы няма. Незразумелыя дзецям беларускія словы выхавальніцы тлумачаць па-расейску. З бацькамі выхавальніцы гавораць па-беларуску.
«Пакуль у адказ мы ня можам чакаць такой жа добрай беларускай, бо дзеткі яшчэ маленькія, а некаторыя зусім не гавораць, — кажа супрацоўніца садка. — Але на сёньняшні дзень, калі кажуць гадаванцам: вазьміце сурвэтку, напрыклад, — то яны яе бяруць. Гэтак пасіўна дзеці авалодваюць беларускай мовай».
У іншым садку групу не набралі
Базавым для фармаваньня беларускай групы сёлета быў і садок № 93. Ён у іншым раёне Магілёва. Аднак там групу так і не набралі, бо аддаць у яе дзіця наважылася толькі сямʼя Бабковых.
Бацька Вадзім Бабкоў лічыць: кіраўніцтва садка не прыклала належных намаганьняў, каб да групы зьявіўся інтарэс у іншых бацькоў. Ён цьвердзіць, што адказнасьць за папулярызацыю групы ўсклалі на яго і актывістаў Таварыства беларускай мовы.
«Калі б ў 79-м садку было жаданьне стварыць беларускую групу, то пытаньняў з гэтым у іх не было б, — выказвае сваё бачаньне Вадзім. — На сходзе ж кіраўніцтва казала, што ў іх няма праграмаў, мэтадычак, выхавальніц для такой працы, таму бацькі адхіснуліся ад яе».
У самім садку няўдачу тлумачаць адсутнасьцю ахвотных аддаваць у групу дзяцей.
На пытаньне, хто мусіць займацца наборам дзяцей, супрацоўніца садка адказала, што «павінна працаваць сыстэма».
«Павінны супольнымі намаганьнямі займацца і бацькі, і аддзел адукацыі. Высілкаў адных бацькоў недастаткова», — сказала яна.
Як адраджаліся беларускамоўныя групы у магілёўскіх садках
- Беларускамоўныя групы ў горадзе пачалі ствараць у канцы 1993 году. Пасьля рэфэрэндуму 1995-га працэс спыніўся.
- У 2007 годзе бацькі дамагліся ад гарвыканкаму фармаваньня беларускай групы ў 81-м садку. У яе пайшлі спачатку трое дзетак. Пазьней далучыліся яшчэ двое.
- Беларускамоўная група «Вясёлка» існавала, пакуль дзеці не дасягнулі школьнага веку. У беларускую клясу зь яе пайшла толькі адна гадаванка.
Беларускія групы ў садках раённых цэнтраў
Адзіная такая група сёлета зьявілася ў садку № 10 у цэнтры Асіповічаў. У ёй 23 дзіцяці да чатырох гадоў. Некалі гэты садок быў цалкам беларускамоўным.
Непадалёк ад садка гімназія, у якой навучаньне вядзецца па-беларуску. Вялікі набор у беларускамоўную групу адміністрацыя тлумачыць тым, што пасьля садка бацькі зьбіраюцца аддаць іх у гімназію.
«Бацькі спадзяюцца, што дзецям будзе лягчэй вучыцца ў гімназіі пасьля выхаваньня ў групе на беларускай мове, — кажа супрацоўніца дашкольнай установы. — Для нашага садка беларуская мова ня новая, шточацьвер праводзяцца Дні беларускай мовы. У сярэдніх і старэйшых групах дзяцей вучым беларускаму маўленьню. Калі не хапае мэтадычных матэрыялаў, то перакладаем».
Суразмоўніца адзначыла, што калі бацькі ў заявах падкрэсьлівалі дзьве мовы выхаваньня, то ім прапаноўвалася аддаць дзіця ў беларускую групу.
Ці вясковыя садкі беларускамоўныя?
Паводле афіцыйнай статыстыкі, бальшыня садкоў у сельскай мясцовасьці на Магілёўшчыне лічыцца беларускамоўнымі. Іх наведваюць блізу 2970 дзяцей. Аднак калі браць гарады, то беларускамоўныя групы ёсьць усяго ў двух — Магілёве і Асіповічах.
Супрацоўніца галоўнага ўпраўленьня адукацыі Магілёўскага аблвыканкаму кажа: атрыманьне любой дашкольнай адукацыі рэалізуецца на запыт бацькоўскай грамадзкасьці, і навязаць мову навучаньня немагчыма.
«Мы, вядома ж, прапагандуем беларускую мову, яна вывучаецца ў дашкольных установах з расейскай мовай навучаньня, як прадугледжана навучальнай праграмай, але цалкам ажыцьцяўляць працэс на беларускай мове мы можам толькі на жаданьне законных прадстаўнікоў дзіцяці», — падсумавала чыноўніца.
Сябра Таварыства беларускай мовы Міхась Булавацкі лічыць, што беларуская мова ў вясковых садках — фармальнасьць. На ёй выхоўваюць як умеюць, кажа ён. На яго думку, там ня надта сочаць за яе якасьцю.
Булавацкі больш за 15 гадоў праводзіць інтэлектуальнае спаборніцтва для школьнікаў «Беларускае пяціборства». У ім удзельнічаюць вучні вясковых і гарадзкіх школ. Апошнімі гадамі ён заўважае тэндэнцыю: гарадзкія школьнікі ведаюць беларускую мову лепей за вясковых. З гэтага робіць выснову, што і беларускамоўнае выхаваньне дзяцей у вясковых школах горшае, чым у гарадзкіх.
«Беларускай мове вучаць як умеюць. А ўмеюць кепска, — лічыць ён. — Таму сумняваюся, што вясковыя садкі з поўным правам можна называць беларускамоўнымі».