Без міжкантынэнтальных балістычных ракет і ядзерных выпрабаваньняў зладзіла вайсковы парад Паўночная Карэя, каб адзначыць 70-ю гадавіну з дня заснаваньня краіны.
Як перадае Reuters, парад сканцэнтраваны на міры і эканамічным разьвіцьці, напоўнены каляровымі балёнікамі і кветкамі.
Гледачы параду назіралі за шыхтаваньнем і праходам дзясяткаў тысяч салдат, а таксама за рухам танкавых калёнаў, якія ехалі каля агляднага стэнду, дзе лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын прыняў салют.
У адрозьненьне ад папярэдніх гадоў, сёлета Паўночная Карэя не дэманстравала аніякіх міжкантынэнтальных ракет. Не было і ядзерных выпрабаваньняў, як гэта адбывалася апошнія два гады.
Паўночная Карэя звычайна выкарыстоўвае асноўныя сьвяты, каб прадэманстраваць вайсковыя магчымасьці і апошнія распрацоўкі ў галіне ракетнай тэхнікі.
Тое, што адбылося сёлета, дэманструе намер Кім Чэн Ына дэнуклеарызаваць Карэйскую паўвыспу, прадыктаваны яго нядаўнімі сустрэчамі з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам, прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і прэзыдэнтам Кітаю Сі Цзіньпінам.