Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі мэдык распавёў пра спробу атручваньня ў Лёндане паплечніка Беразоўскага


Мікалай Глушкоў
Мікалай Глушкоў

Брытанскія сьледчыя, якія вывучаюць абставіны забойства Мікалая Глушкова ў сакавіку 2018 году ў прыгарадзе Лёндану, лічаць, што ў 2013 годзе яго спрабавалі атруціць.

The Guardian піша, што Мікалай Глушкоў, сябар расейскага алігарха Барыса Беразоўскага, сустракаўся з двума «падазронымі мужчынамі» ў гатэлі.

Як адзначаецца ў публікацыі, Глушкоў падрабязна распавёў пра здарэньне санітару «хуткай дапамогі», якая прыехала ў гатэль на выклік да пастаяльца, які страціў прытомнасьць. Двое незнаёмцаў купілі бутэльку шампанскага і прапанавалі яму выпіць зь імі. Глушкоў распавёў, што пагадзіўся, нягледзячы на тое, што раней не сустракаў гэтых людзей. Неўзабаве ён страціў прытомнасьць, але выжыў.

Гэты эпізод цяпер вывучаюць сьледчыя ў рамках справы аб забойстве Мікалая Глушкова. Яго цела было знойдзенае ва ўласнай хаце са сьлядамі задушэньня праз тыдзень пасьля замаху на былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію 4 сакавіка 2018 году ў горадзе Солсбэры.

Аддзел Скотланд-Ярду па барацьбе з тэрарызмам вывучае вэрсію, згодна зь якой Глушкоў мог, падобна Скрыпалям, стаць ахвярай прафэсійных забойцаў, якія жывуць у Англіі ці дасланыя расейскімі спэцслужбамі, гаворыцца ў публікацыі выданьня The Guardian.

Гэтыя зьвесткі зьявіліся на фоне абвешчаных некалькі дзён таму Скотлян-Ярдам імёнаў двух расейскіх грамадзян, якія падазраюцца ў нападзе на Скрыпалёў. Паводле брытанскай выведкі, двое мужчын паказалі афіцыйныя расейскія пашпарты з фальшывымі імёнамі Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава.

Прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла, што абодва падазраваныя — карʼерныя афіцэры расейскай вайсковай выведкі.

4 сакавіка былога супрацоўніка ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію знайшлі без прытомнасьці ў брытанскім Солсбэры. Лёндан сьцьвярджае, што яны былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», распрацаваным у Расеі. Масква гэта адмаўляе.

Ахвяры «Навічка». Гісторыя яду, які фігуруе ў справе аб атручэньні ў Солсбэры

Пасьля некалькіх тыдняў лекаваньня Юлію Скрыпаль выпісалі зь лякарні 10 красавіка. Стан яе бацькі таксама палепшыўся ў працэсе лекаваньня. Сяргея Скрыпаля выпісалі зь лякарні 18 траўня.

Экспэрты Арганізацыі па забароне хімічнай зброі пацьвердзілі высновы Вялікай Брытаніі аб хімічным складзе рэчыва, якім атруцілі Скрыпалёў.

30 чэрвеня ў брытанскім горадзе Эймсбэры (паблізу ад Солсбэры) былі шпіталізаваныя яшчэ два чалавекі — Дон Стэрджэс і Чарлі Роўлі. 4 ліпеня ўлады абвясьцілі, што пара атруцілася «Навічком». Дон Стэрджэс 8 ліпеня ўвечары памерла ў шпіталі, Чарлі Роўлі, застаецца ў крытычным стане.

Замах на Скрыпаля прывёў да паглыбленьня крызісу ў адносінах паміж краінамі Захаду і Расеяй. 14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў. Пазьней каля 30 краін абвясьцілі аб высылцы расейскіх дыпляматаў у знак салідарнасьці зь Вялікай Брытаніяй. Расея ў адказ пачала высылаць супрацоўнікаў заходніх дыпмісій.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG