У рамках «вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй» у Беларусь прыбыла партыя новых транспартна-баявых верталётаў Мі-35М, паведаміла 30 траўня прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
Паводле інфармацыі ведамства, Мі-35М — гэта мадэрнізаваная вэрсія баявога верталёта Мі-24. Гэтая мадэль, як сьцьвярджаецца, здольная выконваць «шырокі спэктар задач: паражэньне жывой сілы і тэхнікі праціўніка, агнявая падтрымка, дэсантаваньне, эвакуацыя параненых, выведка і транспарціроўка грузаў».
З камэнтара начальніка галоўнага штаба — першага намесьніка камандуючага ВПС і войскамі супрацьпаветранай абароны Сяргея Фралова вынікае, што партыя верталётаў паступіла ў 50-ю зьмешаную авіяцыйную базу (Мачулішчы, Менскі раён) і «неўзабаве заступіць на баявое дзяжурства».
«Мы павінны адэкватна рэагаваць на ўсе выклікі і пагрозы, якія сёньня ў сьвеце адбываюцца. Але наша задача — гэта ня гонка ўзбраеньня. Наша задача — пісьменнае, акуратнае плянаваньне пераўзбраеньня і адэкватнае рэагаваньне на ўсе выклікі і пагрозы», — заявіў Фралоў.
27 траўня беларускае Міністэрства абароны паведаміла, што ў Беларусь з Расеі прыбыла першая партыя зьнішчальнікаў Су-30СМ2.
Форум