«Што вы там шукаеце?»
Былы палітвязень, кіраўнік Гомельскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Леанід Судаленка, які цалкам адбыў трохгадовы тэрмін у калёніі № 3 «Віцьба», а цяпер зноў асуджаны завочна на 5 гадоў і мае цэлы «шлейф» новых крыміналак, не хавае абурэньня дзеяньнямі брагінскіх сілавікоў. Тры дні таму ў вёсцы Хракавічы Брагінскага раёну міліцыянты прыйшлі ў дом да ягонай маці, дзе сам Леанід не жыве з 1983 года.
«Я буду называць гэта забойствам — маю маральнае права так казаць. Дайце жанчыне сталага веку спакойна дажыць у старасьці! Я з гэтага вясковага дому зьехаў яшчэ пры Савецкім Саюзе, у 1983 годзе. Што вы там шукаеце? Прымусілі старую жанчыну расьпісвацца ў пратаколе пра тое, што мяне няма на месцы яе жыхарства? Што вы робіце?
Я лічу, што гэта яны наўмысна робяць, помсьцяць за мяне, за маю дзейнасьць», — не хавае эмоцыяў праваабаронца.
Судаленка кажа, што сілавікі прыйшлі дадому да ягонай маці 27 траўня. Яны не назваліся, копію пратаколу не пакінулі. Праваабаронца ўзгадвае, як Лукашэнка пагражаў беларусам-эмігрантам, якіх пагардліва называе «беглымі»: маўляў, «памятайце, што вашы блізкія тут застаюцца». Аднак у 2020 годзе той жа Лукашэнка сам патрабаваў, каб ягоных дзяцей не чапалі, абураецца Леанід.
«Лукашэнка ж сказаў — маўляў, „дзеці не адказваюць, не чапайце маіх сыноў“ — калі ў кастрычніку 2020 году прыйшоў з сынам Мікалаем у „Амэрыканку“ да Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага ды яшчэ дзясятка палітзьняволеных. То бок ягоных дзяцей не чапайце? А чаго ты чапаеш маю маці?» — задае рытарычнае пытаньне праваабаронца Судаленка.
«Калі будзем маўчаць, такое будзе паўтарацца»
Гэта не адзіны прыклад запалохваньня блізкіх тых беларусаў, што мусілі выехаць. Бальшыня зь іх баіцца агалошваць такія сытуацыі, каб не нашкодзіць сваякам. Прыгадаем пару гучных выпадкаў.
Сілавікі прыходзілі да бацькоў пісьменьніка Сашы Філіпенкі, які жыве ў Швайцарыі. У 2023 годзе ў кватэру ўварваліся восем праваахоўнікаў, якія паклалі пажылых людзей тварам у падлогу. 62-гадовага бацьку пісьменьніка пасадзілі на 13 дзён у ЦІП на Акрэсьціна. Летась ў канале «Жоўтыя зьлівы» бацькоў супрацоўнікаў парталу «Зеркало» прымушалі прасіць іхных «аблудных дарослых дзяцей» пакаяцца і вярнуцца дадому.
На думку праваабаронцы Леаніда Судаленкі, трэба не маўчаць, а апавядаць пра такое ўсяму беламу сьвету.
«Калі будзем маўчаць, такое будзе паўтарацца. Калі я вывучаў гісторыю, то ніколі ня думаў, што падзеі, якія былі падчас сталінізму, могуць паўтарыцца. Людзям давалі па 7 гадоў бяз права перапіскі. Дык я сядзеў таксама бяз права перапіскі! Мяне пазбаўлялі спатканьняў — за 3 гады турмы я ня меў ніводнай сустрэчы зь сям’ёй!
Што мы можам зрабіць? Як праваабаронца я ня маю добрых парадаў людзям, якія апынуліся ў такой сытуацыі. Адзінае, што магчыма, — калі чалавек лічыць прымальным для сябе расказаць гэта публічна, то гэта трэба рабіць», — перакананы праваабаронца.
Ударніца камуністычнай працы
Маці праваабаронцы Леаніда Судаленкі Соф’і Сьцяпанаўне 87 гадоў. Нарадзілася яна ў мястэчку Бобр, што ў Крупскім раёне Менскай вобласьці. Марыла стаць швачкай, але ў 19 гадоў закахалася ў маладога салдата Леаніда, які служыў побач у войску. Калі хлопец скончыў службу, маладыя ажаніліся, і той забраў Соф’ю на сваю радзіму, у вёску Хракавічы Брагінскага раёну. Там маладая сям’я пабудавала прасторны дом.
Соф’я працавала ў мясцовым калгасе даяркай. Яна ўзнагароджаная мэдалём «Вэтэран працы», мэдалём «Мацярынства» — бо выгадавала пяцёх дзяцей, знакамі «Ўдарнік камуністычнай працы», шматлікімі граматамі. Да 85-годзьдзя Соф’і Судаленкі ў сакавіку 2023 году брагінская раённая газэта «Маяк Палесся» апублікавала артыкул «Прыгажосьць і веліч яе душы».
У сям’і Судаленкаў было пяцёра дзяцей, апавядае сын Леанід.
«Паводле савецкіх законаў яна пайшла на пэнсію ў 50 гадоў як шматдзетная маці. У той час на нашай вуліцы было па 5-7 дзяцей у кожнай сям’і — „залатая брэжнеўская эпоха“… Дома была вялікая гаспадарка: каровы, сьвіньні, куры, гусі. На вёсцы тады як людзі выжывалі? За кошт уласнай гаспадаркі.
У нас у сям’і былі вельмі цёплыя адносіны. Бацька зрэдку мог яшчэ голас павысіць, калі штосьці ня так рабілі. А маці была вельмі мяккая і добрая. Мы з клясы пятай дапамагалі бацькам у гаспадарцы, бо яны цяжка працавалі ў калгасе», — узгадвае сваё дзяцінства Леанід.
Ягоныя бацькі пражылі ў шчасьлівым шлюбе 58 гадоў. Бацька праваабаронцы Леанід Леўкавіч Судаленка пайшоў з жыцьця ў 2014 годзе.
«У турме я прасіў Бога, каб даў сілы маці дачакацца мяне»
Сам Леанід зьехаў з бацькоўскага дому ў 1983 годзе. Паступіў на юрыдычны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту. Прызнаецца, што выдатнікам ня быў, але вучыўся добра. Маці для яго — галоўны чалавек у сьвеце, прызнаецца Леанід.
«Калі я быў у турме, прасіў Бога, каб даў сілы маці дачакацца мяне. Бог пачуў мяне. Па-першае, падарыў мне волю па заканчэньні тэрміну, бо я сядзеў у статусе „злоснага парушальніка, які ня стаў на шлях выпраўленьня“, і над мною вісеў сумнавядомы 411-ы крымінальны артыкул, калі адміністрацыя дабаўляе яшчэ год зьняволеньня. Бог пачуў мае малітвы», — шчыра прызнаецца Леанід.
У ліпені 2023 году ён выйшаў зь віцебскай калёніі № 3 на волю. Але тады гомельскае аддзяленьне «Вясны», якім кіраваў Судаленка, улады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». І над былым палітвязьнем зноў «павіс» крымінальны артыкул, ён разумеў, што трэба ўцякаць, бо зноў сьвяціла турма.
«Калі я сядзеў у турме, мы з старэйшай сястрой Сьвятланай вырашылі ўсю праўду маці не казаць. Сястра сказала ёй, што я паехаў за мяжу на заробкі.
У нас была традыцыя: усёй сям’ёй на Радаўніцу зьбірацца на могілках. Я адзін год не прыехаў, сястра кажа: „Лёня з-за мяжы ня мог прыехаць“. Другі год — зноў не прыехаў. Маці сябе накруціла, бо ў нас старэйшая сястра памерла: „Можа, і Лёня памёр, а вы мне ня кажаце“. У рэшце рэшт адзін раз праўдамі і няпраўдамі мне з турмы ўдалося дазваніцца дамоў, і тады маці ўжо „падбадзёрылася“, як сказала сястра, і стала чакаць», — узгадвае праваабаронца.
Як ні дзіўна, тады маці Леаніда старэйшай дачцэ паверыла, бо яна «не інтэрнэтны» чалавек, жыве ў вёсцы. Аднойчы прыйшла суседка зь нядобрай навіной, што, маўляў, «мае дзеці прыяжджалі, казалі, што Лёня ў турме». А Соф’я Сьцяпанаўна кажа: «Дачка Сьвета мне сказала, што Лёня паехаў на заробкі, я веру сваім дзецям».
«Калі я ўцякаў зь Беларусі, разьвітаўся з матуляй»
Калі пасьля няволі Леанід Судаленка ўсё ж прыняў рашэньне зьяжджаць зь Беларусі, бо на яго завялі новыя крымінальныя справы, ён пасьпеў разьвітацца з маці.
«Калі я ўцякаў зь Беларусі, разумеў, што гэта ўжо назаўсёды: я зноў у вышуку, мне пагражае новы тэрмін, шлях у Беларусь мне закрыты. І я разьвітаўся з матуляй. Хаця эмацыйна я дагэтуль пастаянна лаўлю сябе на думцы: „А можа, паехаць, калі, ня дай Бог, здарыцца бяда?“ Рацыянальна я разумею, што на мяжы мяне затрымаюць, нават на пахаваньне маці ўсё адно не даеду… Але прысесьці на 12 гадоў у маім ўзросьце — гэта канец: я тры гады ледзь вытрымаў. Для мяне заехаць у Беларусь — гэта ўжо квіток у адзін бок», — зноў не хавае эмоцыяў спадар Судаленка.
Але цяпер ён можа размаўляць з маці праз інтэрнэт у «зуме»… У сакавіку Леанід віншаваў маці з днём народзінаў, і яна запыталася: «Сынок, а калі ты прыедзеш?»
«Увосень, можа, прыеду, бо зараз моцна заняты», — адказваю. Я разумею, што хлушу, але трэба супакоіць маці…
Калі мяне судзілі завочна летась, дык яны хоць маці не чапалі. А тут прыехалі мянты і сказалі, што я быў у турме, а зараз я ў вышуку і што заведзеная новая справа. Ну, а сельская жанчына не разумее, што гэта палітыка. Мабыць, яна думае, што я няправільна жыву. Узяла блізка да сэрца», — ня можа зьмірыцца з гэтым Леанід.
29 траўня Соф’ю Сьцяпанаўну перавялі з рэанімацыі ў палату, яна пакуль пад кропельніцамі, працягвае лячэньне.
Форум