Менгарвыканкам забараніў правядзеньне 15 верасьня маршу салідарнасьці з журналістамі і прафсаюзам РЭП, напісаў 6 верасьня ў сваім фэйсбуку сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Пра гэта палітыку паведамілі праз тэлефон, пісьмовай адмовы на момант публікацыі няма.
Прычына забароны: месцы правядзеньня акцыі не адпавядаюць вызначаным Менгарвыканкамам. Арганізатары заяўлялі дэманстрацыю ад кінатэатру «Кастрычнік» і мітынг каля опэрнага тэатру.
«Месцы правядзеньня, які трапляюць пад забароны — гэта ўваходы ля станцый мэтро і гэтак далей», — сказаў Свабодзе Рымашэўскі.
Заяўку на акцыю падавалі Віталь Рымашэўскі і старшыні руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў.
Ці адбудзецца марш, няглядзячы на забарону ўладаў, палітыкі вырашаць калегіяльна.
Навошта акцыя?
Мэта акцыі: салідарнасьць зь «незалежнымі журналістамі і прафсаюзамі».
- Гэта адбываецца на фоне «справы БелТА», у межах якой прайшлі ператрусы ў рэдакцыях БелаПАН, Tut.by, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві».
- 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі» без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Іх абвінавачвалі ва «ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры». Фядыніч і Комлік абскарджваюць прысуд.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.