Злачынства, зьдзейсьненае фігурантамі так званай «справы БелТА» не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, заявіў старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1», паведамляе БелаПАН.
«З гледжаньня сьледчай сытуацыі банальная, простая справа. Яно ніякай складанасьці не ўяўляе ў расьсьледаваньні. Іншая справа, што тут былі закранутыя журналісты і [яна] здабыла на пустым месцы такі шырокі грамадзкі рэзананс», — сказаў Наскевіч.
«Тыя фактычныя дадзеныя, якія мы ўжо маем у ходзе расьсьледаваньня, кажуць пра тое, што фігуранты справы разумелі, што яны робяць, і, на вялікі жаль, усё роўна альбо абыякава да гэтага ставіліся, альбо ж сьвядома ўступілі на гэты шлях», — заявіў кіраўнік СК.
«Злачынства гэта не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, і, ну, напэўна, аб суровых мерах пакараньня ў пэрспэктыве гаворкі быць не можа, — адзначыў кіраўнік СК. — Але тым ня менш факт ёсьць факт, і гэта прэцэдэнт».
«Я думаю, што расьсьледаваньне па гэтай справе не зацягнецца. Проста ў нас трошкі затрымка з аглядам ўсёй канфіскаванай тэхнікі, а так, у прынцыпе, мы гатовыя да завяршальнай стадыі расьсьледаваньня», — паведаміў Наскевіч.
«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.