Рада Бясьпекі ААН пачала абмеркаваньне новых зьвестак па справе Скрыпалёў, якія напярэдадні падала пракуратура Вялікабрытаніі.
Раней ЗША, Францыя, Нямеччына і Канада падтрымалі пазыцыю Вялікабрытаніі аб датычнасьці Расеі да замаху на Сяргея і Юлію Скрыпалёў у сакавіку 2018 гаду ў брытанскім горадзе Солсбэры.
У заяве названыя краіны выказалі «поўную ўпэўненасьць» у тым, што абвінавачаныя ў атручэньні Скрыпалёў зьяўляюцца супрацоўнікамі ГРУ, а іх апэрацыю «амаль напэўна» санкцыянавалі высокапастаўленыя члены расійскага кіраўніцтва.
Лідэры пяці краін таксама заклікалі Расею раскрыць праграму вытворчасьці хімічнага рэчыва «Навічок».
Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй і намесьнік міністра ўнутраных спраў Бэн Уолэс заявілі, што два расейцы былі супрацоўнікамі расейскіх спэцслужбаў, а менавіта Пуцін як кіраўнік дзяржавы «кантралюе, фінансуе і накіроўвае» вайсковую выведку Расеі.
Таксама брытанскія ўлады заявілі, што Пятроў і Башыраў будуць арыштаваныя, калі пакінуць тэрыторыю Расеі, і запатрабавалі, каб расейскія ўлады расьсьледавалі іх дзейнасьць.
Дзьмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, у адказ на гэта заявіў, што дзейнасьць Пятрова і Башырава ў Расіі расьсьледаваць ня будуць, і назваў «недапушчальнымі» абвінавачваньні на адрас Пуціна.
Брытанская газэта Daily Mail 6 верасьня апублікавала відэа, запісанае ў Солсбэры празь некалькі хвілін пасьля таго, як Пятроў і Башыраў нанесьлі атрутнае рэчыва «Навічок» на ручку дзьвярэй дому, дзе жыў былы палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль. На відэа Пятроў і Башыраў разглядаюць вітрыну крамы, дзе прадаюцца калекцыйныя манэты:
Пракуратура Вялікабрытаніі лічыць, што «Пятроў» і «Башыраў» прыляцелі ў Вялікабрытанію 2 сакавіка 2018 году па расейскім пашпартах, але ці былі яны выпісаныя на іх сапраўдныя імёны — пакуль невядома. Атрутнае рэчыва «Навічок» яны завезьлі ў падробленым фляконе туалетнай вады Nina Ricci.
3 сакавіка двое мужчын прыехалі ў Солсбэры «на разьведку». На наступны дзень прыехалі яшчэ раз і нанесьлі «Навічок» на дзьверы дому, дзе жыў былы расейскі выведнік Сяргей Скрыпаль, які атрымаў у Вялікабрытаніі прытулак. Пасьля гэтага ў той жа дзень яны вылецелі ў Маскву.
Ахвярамі «Навічка» сталі сам Сяргей Скрыпаль, яго дачка Юлія, якая прыляцела да яго ў госьці з Масквы, а таксама паліцыянт Нік Стэрджэс, які знайшоў расейцаў у парку без прытомнасьці і аказваў ім першую дапамогу. Скрыпалям удалося выжыць, цяпер яны знаходзяцца ў бясьпечным месцы пад наглядам супрацоўнікаў брытанскіх спэцслужбаў.
30 чэрвеня непадалёк ад Солсбэры «Навічком» атруціліся яшчэ два чалавекі — брытанцы Дон Стэрджэс і Чарлі Роўлі. Паліцыя лічыць, што выкарыстаны флякон парфуму, які расейцы выкінулі ў сьметніцу, знайшоў мясцовы жыхар Чарлі Роўлі і падарыў яго сяброўцы Дон Стэрджэс. Жанчына памерла ў выніку кантакту з рэчывам, Роўлі знаходзіцца пад наглядам лекараў.