4 верасьня Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў мэдалём «За ўратаванае жыцьцё» 16-гадовага Віталя Цітова. Летась у кастрычніку той выратаваў 9-гадовага Антона Драздоўскага, які тануў у Сьвіслачы.
У размове са Свабодай Віталь Цітоў сказаў, што ўзнагароду яму пакуль не перадалі. Юнак кажа, што ягонае жыцьцё пасьля выратаваньня хлопчыка і публікацыяў у СМІ ніяк не зьмянілася. У менскім ліцэі аўтамабілебудаваньня, дзе навучаецца Віталь, новаму статусу не аддаюць асаблівай увагі.
У студзені чытачы Tut.by назвалі Цітова «Героем году — 2017». Юнак перамог і ў апытаньні «Беларус году — 2017» інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
Таксама мэдалём «За ўратаванае жыцьцё» ўзнагародзілі падпалкоўніка Леанарда Гружэўскага. Сёлета ў лютым падчас рыбалкі ў Смаргонях афіцэр выратаваў хлопчыка, які праваліўся пад лёд.