11-14 верасьня намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка наведае Варшаву, дзе пройдуць беларуска-польскія кансультацыі. Пра гэта падчас брыфінгу паведаміў прэсавы сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Акрамя абмеркаваньня агульных праблемаў палітычных адносінаў, намесьнік міністра будзе сустракацца з кіраўніцтвам Нацыянальнага архіву новых актаў Польшчы. Мяркуецца, што будзе разглядацца магчымасьць адкрыцьця польскіх архіваў для беларускіх дасьледчыкаў і беларускіх для польскіх.
Таксама ў Алега Краўчанкі заплянаваныя кантакты з прадстаўнікамі інтэлектуальнай эліты Польшчы і навукоўцамі, якія працуюць у сфэры міжнароднага супрацоўніцтва.
Ці абмяркуюць пытаньне прыпамежнага руху?
Пакуль невядома, ці будзе ўздымацца пытаньне перамяшчэньня жыхароў Польшчы і Беларусі, якія жывуць у так званай памежнай зоне. Польскі бок ужо даўно выканаў усе прававыя працэдуры, аднак да гэтага часу ніякіх станоўчых зьменаў не адбылося.
Анатоль Глаз патлумачыў, чаму прыпамежны рух з Польшчай і Літвой яшчэ не пачаў дзейнічаць.
«На гэты момант гатоўнасьць памежнай інфраструктуры для шырокага павелічэньня прагназаванага патоку нельга назваць здавальняючай. На жаль, яна для гэтага не падрыхтаваная. Да таго ж нерытмічна працуюць на мяжы палякі і літоўцы. Адпаведна, пакуль гэтае пытаньне ня вырашанае, прыпамежны рух ня дзейнічае», — сказаў прадстаўнік МЗС.
Беларусь мае агульную мяжу з трыма краінамі Эўразьвязу — Латвіяй, Літвой і Польшчай. Адрозна ад Літвы і Польшчы, прыпамежны рух з Латвіяй ажыцьцяўляецца ўжо ня першы год. Як неаднаразова заяўлялі прадстаўнікі і Латвіі, і Беларусі, праблемаў там не ўзьнікае.