Падчас Міжнароднага кангрэсу Асацыяцыі ўдзельнікаў касьмічных палётаў у Менску адкрыюць алею касманаўтаў у Батанічным садзе і манумэнт касманаўтам на аднайменнай вуліцы. Форум пройдзе ў беларускай сталіцы з 9 па 15 верасьня, паведаміў намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Кілін.
На кангрэс у Менск прыедуць 90 касманаўтаў з 19 краінаў, у тым ліку і тры беларусы: Пятро Клімук, Уладзімер Кавалёнак, Алег Навіцкі. Яшчэ адзін касманаўт зь беларускімі каранямі, Алег Арцем’еў, цяпер у космасе.
У Асацыяцыю ўдзельнікаў касьмічных палётаў, створаную 30 год таму, увайшлі ўсе астранаўты сьвету. Іх цяпер каля 400. Папярэдні кангрэс праходзіў у францускай Тулузе.
Галоўная мэта менскага кангрэсу, на думку Сяргея Кіліна, — прывабіць маладых людзей да космасу. Ён згадаў, што калі Юры Гагарын зрабіў першы касьмічны палёт, то ў моладзі гарэлі вочы.
«Усе хацелі быць касманаўтамі, гэтая прафэсія лічылася самай прэстыжнай. Сёньня ў моладзі іншыя прыярытэты, — сказаў намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук. — Але было б добра, каб яна зноў вярнулася да касманаўтыкі».
Менавіта з гэтай мэтай і будуць арганізаваныя сустрэчы ўдзельнікаў кангрэсу зь беларускімі студэнтамі і школьнікамі. У Менск прыедуць лепшыя вучні з усіх абласьцей краіны.
Беларусь рыхтуе новы касьмічны апарат
«Ягоны эскізны праект будзе завершаны ўжо сёлета, — сказаў журналістам галоўны канструктар Беларускай касьмічнай сыстэмы дыстанцыйнага зандажу Зямлі Сяргей Залаты. — Дакладнай даты запуску пакуль няма, бо апарат павінен прайсьці працяглую экспэртызу».
Магчымасьці новага касьмічнага апарату дазволяць рабіць здымкі лепшай якасьці і большага маштабу.
На дадзены момант у касьмічнай прасторы лётаюць два супольныя беларускія спадарожнікі — беларуска-расейскі і беларуска-кітайскі.